Сёлета родны горад сустрэў Наталлю Залозную з серыяй карцін «Уцёкі», якую экспануюць у галерэі «А&V». Падчас адкрыцця выстаўкі мастачка, імя якой добра ведаюць у Еўропе, атрымлівала кветкі і віншаванні і раздавала аўтографы. Беларусы шчыра радаваліся сустрэчы: Наталля Залозная шмат гадоў пражыла ў Бельгіі, але не парывала сувязі з радзімай.
Выстаўка «Уцёкі» ўпершыню была прэзентаваная ў Маскве. Работы змясцілі ў галерэі «11.12 GALLERY», дзе ў 2014 годзе дэманстравалі папярэднюю серыю карцін Залознай «Present Contіnuous». У работах серыі мастачка разглядала прыроду часу, непаўторнасць кожнага імгнення, пазбаўленага ілюзорнага ўяўлення пра мінулае і будучыню. У некаторым сэнсе «Уцёкі» працягваюць развіццё канцэпцыі «Present Contіnuous»: калі раней карціны спрабавалі вызваліцца ад часу, які цісне чалавека з усіх бакоў, то цяпер з'явілася спроба адкінуць абставіны, што абумоўліваюць чалавечы лёс.
Што ж ёсць «Уцёкі»? У першую чаргу — даследаванне межаў унутранай свабоды. Асобе цяжка вытрымліваць ціск асяроддзя, асабліва калі развіццё гісторыі адбываецца незалежна ад волі і жадання людзей, якія вымушаны падпарадкоўвацца абставінам. Але ад рэчаіснасці можна ўцячы, схавацца ў сваім унутраным свеце. «Уцёкі» — гэта серыя партрэтаў, героі якіх спяць, бо ў марах чалавек заўсёды свабодны. Цікава, што палотны не даюць адказу на тое, што прыходзіць у снах да герояў серыі. Унутраны свет намаляваных людзей застаецца прыватным, глядач не можа пранікнуць у зону асабістага: героям насамрэч удалося ад усяго «ўцячы».
Нягледзячы на тое, што акрылавыя партрэты серыі досыць фатаграфічныя, выявы людзей на іх пазбаўлены індывідуальнасці. Яны падпарадкоўваюцца галоўнай ідэі выстаўкі, таму страчваюць асабістыя рысы ў кантэксце цэлага, каб данесці задуму да гледача. Напэўна, гэта і ёсць ключ да разумення поспеху Наталлі Залознай: на мове жывапісу ўзнімаць складаныя пытанні, актуальныя для кожнай асобы. Не так істотна, бачыць работы мастачкі беларускі глядач або еўрапейскі: карціны, якія дазваляюць не толькі глядзець, але і разважаць, будуць запатрабаваныя ў любой краіне.
Як запатрабаваныя былі выстаўкі мастачкі ў Расіі, Чарнагорыі, Бельгіі, Нідэрландах, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Англіі, Аўстрыі, ЗША... Імя Наталлі Залознай (дачкі вядомага беларускага творцы) — ужо брэнд, вядомы ў свеце. Яе работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, збіраюцца прыватнымі калекцыянерамі з розных краін.
Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.