Вы тут

На ўзбраенне арміі паступіць новая сістэма залпавага агню «Паланэз»


Неўзабаве на ўзбраенне ракетных войскаў і артылерыі беларускай арміі паступіць мадэрнізаваная сістэма залпавага агню «Паланэз».

Начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл — начальнік упраўлення ракетных войскаў і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Генадзь КАЗЛОЎСКІ расказаў пра дасягненні мінулага года і падзяліўся, як агнявы шчыт краіны будзе развівацца ў найбліжэйшы час.


Іспыты боем

Ключавой падзеяй для роду войскаў, як і ў цэлым для беларускай арміі, сёлета стала сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2017». За выкананне задач па нанясенні ракетных удараў і агнявым паражэнні ракетчыкі і артылерысты, якія прыцягваліся да беларуска-расійскіх манеўраў, атрымалі высокую адзнаку кіраўніцтва Узброеных Сіл.

— У ходзе ўсіх мерапрыемстваў баявой і аператыўнай падрыхтоўкі мы яшчэ раз даказалі, што ракетныя войскі і артылерыя — род войскаў, які з'яўляецца асновай агнявога паражэння, — адзначыў Генадзь Казлоўскі. — У лютым падчас раптоўнай праверкі было праведзена тактычнае вучэнне з ракетным дывізіёнам з рэальнымі баявымі пускамі тактычных ракет «Точка» на тэрыторыі нашай краіны. Дывізіён быў падняты па вучэбна-баявой трывозе, але, нягледзячы на спантаннасць, задачы выкананы на «выдатна».

Вызначыліся «багі вайны» і на міжнароднай арэне. У конкурсе «Майстры артылерыйскага агню», які ў межах «Армейскіх гульняў — 2017» праводзіўся на тэрыторыі Казахстана, сярод васьмі краін нашы ракетчыкі і артылерысты занялі другое месца, саступіўшы толькі казахам: як кажуць прафесіяналы, на сваёй тэрыторыі заўсёды ваяваць лягчэй.

Такога роду вайсковыя спаборніцтвы, а таксама вучэнні — адзіная магчымасць у мірны час праверыць боегатоўнасць войскаў. «За значымасць ракетных войскаў і артылерыі я не буду казаць: пра гэта добра сказалі гарматы, — перакананы генерал-маёр. — Узяць сітуацыю ў той жа Сірыі, Украіне, дзе вайна ўжо даўно стала артылерыйскай дуэллю. А ўзгадаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, поўнамаштабнае артылерыйскае наступленне пад Сталінградам, якое прадвызначыла пераможны зыход аперацыі. Нездарма ж нашы войскі назвалі «багамі вайны». І ў сучасных умовах гэта пацвярджаецца».

Эпоха «Паланэза»

Ракетныя войскі і артылерыя імкліва папаўняюць свой арсенал новымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Акрамя таго, што новая зброя набываецца за мяжой, а таксама паспяхова мадэрнізуецца тое, што ёсць, сучасныя сродкі агнявога і ракетнага паражэння выходзяць з канвеераў і прадпрыемстваў нашай краіны.

Гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу — рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз», якая зарэкамендавала сябе як самая магутная зброя ракетных войскаў беларускай арміі. Адпавядаючы лепшым сусветным аналагам, усяго адным залпам на адлегласці да 200 кіламетраў «Паланэз» з высокай дакладнасцю адначасова трапляе ў 48 асобных цэляў. Але і гэта не мяжа! Праведзеныя нядаўна чарговыя баявыя пускі мадэрнізаванай версіі рэактыўнай сістэмы залпавага агню прадэманстравалі, што ракета можа трапіць у цэль, якая знаходзіцца і за 300 кіламетраў ад яе.

— Пакуль комплекс «Паланэз-М» яшчэ не прыняты на ўзбраенне, але дзяржаўныя выпрабаванні завяршаюцца, — удакладняе начальнік ракетных войскаў і артылерыі. — Баявы пуск ракеты на 300 кіламетраў адбыўся вельмі добра, адхіленне ад цэлі склала ўсяго 19,3 метра. Для такой далёкасці гэта выдатны вынік. Ракета была выпушчана ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці і трапіла ў цэль у Івацэвіцкім раёне, што на Брэстчыне. Комплекс універсальны: можа прымаць ракеты як 200-кіламетровай, так і 300-кіламетровай далёкасці. У перспектыве плануем прымяняць з гэтага комплексу аператыўна-тактычную ракету кшталту «Іскандэра».

Яшчэ адна навінка, якая ўжо паступіла на ўзбраенне войскаў, — мінамётны комплекс 2С12Б, тыя ж мадэрнізаваныя «Сані», мінамётны комплекс Савецкага Саюза. Мадэрнізацыя неглыбокая: замянілі толькі базавыя шасі. Арсенал артылерыстаў папоўніў і яшчэ адзін мінамёт — 2Б23, так названы «Нона-М1» набылі ў Расіі. «Мінамёт добра сябе зарэкамендаваў у Паветрана-дэсантных войсках Расійскай Федэрацыі, — расказвае Генадзь Казлоўскі. — Гэта годная замена нашай «Ноны-М1», якая прызначана для сіл спецыяльных аперацый».

У сяброўстве з матэматыкай

Сучасную тэхніку асвойваюць не толькі афіцэры, ваеннаслужачыя кантрактнай службы і прапаршчыкі. У ракетных войсках і артылерыі нясуць службу і звычайныя салдаты, сяржанты тэрміновай службы. Тое, што найноўшая зброя паддаецца вывучэнню, даказваюць вынікі баявых стрэльбаў. «Ды ўвогуле «Паланэз» вельмі просты ў асваенні, але, безумоўна, перадавая зброя павінна быць у руках прафесіяналаў», — перакананы генерал-маёр.

Дэфіцыту ў ахвотных служыць менавіта тут няма. І гэта нягледзячы на тое, што ў ракетчыкі і артылерысты імкнуцца адбіраць прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй. У войсках шырока развіта служба ў рэзерве. Усіх рэзервістаў рыхтуюць на камандзіраў гармат, а гэта значыць, што як мінімум трэба валодаць матэматыкай.

Умовы службы з кожным годам паляпшаюцца. Напрыклад, у Асіповічах, якія ахрысцілі сталіцай артылерыі, праведзены капітальны рамонт дзвюх казарм, неўзабаве набудзе сучасны выгляд і трэцяя. Прыгожыя ўтульныя памяшканні для ваеннаслужачых, штаб, клуб, завершаны рамонт малога артылерыйскага палігона, у цудоўным стане сховішча для тэхнікі — адным словам, толькі служы. Акрамя таго, будуюцца жыллёвыя кааператывы, апошнім часам у арміі шырока развіта ўзвядзенне арэнднага жылля.

— Я даўно ўжо служу (33-ці год), але тое, што бачу ў развіцці армейскай інфраструктуры ў апошнія гады, не бачыў за ўсю службу, — прызнаецца начальнік ракетных войскаў і артылерыі. — На ўзбраенне трапляе новая тэхніка, мадэрнізуецца тое, што ёсць, — і ў гэтым кірунку рэальны прарыў.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Дзяніса МАЛЫШЫЦА

Загаловак у газеце: Перадавая зброя — у руках прафесіяналаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».