Вы тут

Прызыўнікоў Савецкага раёна сталіцы правялі ў армію


Прызыўная кампанія гэтай восені блізіцца да завяршэння. Пакуль адны ўжо прызвычайваюцца да ваеннай формы і армейскага ўкладу жыцця, іншыя заканчваюць збіраць неабходныя па першым часе ў войску рэчы і спяшаюцца сустрэцца з роднымі і блізкімі.


Некаторыя школьнікі ўпершыню так блізка пазнаёміліся з асноўнымі ўзорамі сучаснай стралковай зброі.

А некаторыя прызыўнікі, якія прыпісаны да ваенкамата Савецкага раёна сталіцы, днямі атрымалі павесткі. Вядома, пра тое, што прыйшоў час служыць, хлопцы даведаліся не за некалькі дзён да адпраўкі, а значна раней. Але армейскі дакумент некаторым з іх вырашылі ўручыць цяпер — ва ўрачыстай абстаноўцы, у Дзень прызыўніка, які ладзіўся ў мінскай сярэдняй школе №53.

Аляксей Лукін па павестку прыйшоў з бацькам і лепшым сябрам, які на днях таксама папоўніць шэрагі Узброеных Сіл. Як прызнаецца Аляксей, ён ведаў, што пасля інстытута пойдзе ў армію, таму павестка не стала для яго нечаканасцю. Скончыўшы БДУІР, хлопец будзе служыць у радыётэхнічных войсках. Сімвалічна, што такую ж вайсковую спецыяльнасць, толькі ў савецкай арміі, асвойваў некалі і яго бацька.

— У нашай сям'і служылі ўсе мужчыны, — гаворыць Аляксандр Лукін. — Шмат хто са сваякоў удзельнічаў у Другой сусветнай вайне, меў баявыя ўзнагароды. Фотаздымак аднаго з іх, Аляксандра Кулакова, змешчаны ў новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мне ёсць што расказаць сыну наконт асаблівасцяў службы (думаю, яна не нашмат будзе адрознівацца ад маёй), салдацкага побыту, узаемаадносін у калектыве. У плане фізічнай падрыхтоўкі, мяркую, праблем не ўзнікне: Лёша доўгі час займаўся грэбляй. Маральна будзе складаней: хоць ён і скончыў універсітэт, але ўвесь час быў пры бацьках, таму не зусім разумее, што такое самастойнае дарослае жыццё.

Як лічыць старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Іван ГАРДЗЕЙЧЫК, які ўручаў юнакам павесткі, абавязак кожнага грамадзяніна па дасягненні 18-гадовага ўзросту — выканаць свой канстытуцыйны доўг па абароне Айчыны. «У кожнага хлопца павінна быць пачуццё гонару за тое, што сёння прыйшоў яго час абараняць нашу зямлю, — перакананы генерал-маёр запасу. — У такім выпадку мы з вамі можам спаць спакойна».

Заўтрашніх навабранцаў прыйшоў падтрымаць і выпускнік школы Фёдар Манаенкаў, тэрміновая служба якога ў 15-й зенітна-ракетнай брыгадзе на днях падышла да завяршэння. Па словах хлопца, у арміі набіраешся мужнасці, загартоўваеш мужчынскі характар, а таксама дужэеш фізічна.

Праз некалькі гадоў цяперашнія старшакласнікі таксама папоўняць рады Узброеных Сіл. Многія з іх з рук свайго дырэктара атрымалі пасведчанне прызыўніка. Аб тым, што яны хочуць абараняць сваю Айчыну, сведчыць хаця б тое, што на працягу некалькіх гадзін школьнікі, прычым самага рознага ўзросту, не адыходзілі ад экспазіцыі з асноўнымі ўзорамі сучаснага ваеннага адзення і стралковай зброі, якую ім дэманстравалі ваеннаслужачыя 120-й асобнай механізаванай брыгады.

— Я сам служыў у войску і добра разумею, што азначае атрымаць павестку ва ўрачыстай атмасферы, — гаворыць ваенны камісар Савецкага раёна Мінска палкоўнік Дзмітрый ПТАШНІК. — Гэта надзвычай сур'ёзны момант у жыцці, і вельмі важна пачуць добрыя словы, параду на дарогу.

Як сведчыць статыстыка, значная частка сённяшніх прызыўнікоў мае вышэйшую адукацыю. І Савецкі раён — не выключэнне. Сама тэрыторыя, якая канцэнтруе ў сабе вялікую колькасць навучальных устаноў, быццам абавязвае яе жыхароў быць адукаванымі. Задаволены ў ваенкамаце і якасцю фізічнага развіцця прызыўнікоў. Невыпадкова большасць патэнцыйных кандыдатаў у вайскоўцы атрымалі адтэрміноўку не па стане здароўя, а ў сувязі з працягам атрымання адукацыі.

Па меркаванні намесніка кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Аксаны ВОЛКАВАЙ, якая яшчэ і ўзначальвае прызыўную камісію раёна, іх галоўная задача — усяліць веру ў сэрцы сённяшніх прызыўнікоў і іх бацькоў, што армія — гэта гонар, дысцыпліна і што Узброеныя Сілы Беларусі адрозніваюцца высокім узроўнем патрыятызму, прафесіяналізму і грамадзянскасці.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Час служыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?