Вы тут

У людзей надзея — на людзей


...Нельга сказаць, што ў тыя, ужо далекаватыя жнівеньскія дні, увагі да стагадовай «Звязды» было вельмі шмат. Але ж яна была: газету віншавалі (у тым ліку першыя асобы краіны), ёй уручалі падарункі, пра яе пісалі іншыя выданні, расказвалі па тэлебачанні і радыё... «Вам што — па-ранейшаму дасылаюць лісты ў канвертах? Шарыкавай ручкай пішуць: «Дзень добры, дарагая рэдакцыя»? — захаплялася, у прыватнасці, адна з маладых каляжанак. — Як гэта класна!»

Мы, вядома ж, не спрачаліся, бо гэта і сапраўды «класна», калі газеце, як добраму сябру, чалавек давярае сваё і добрае, і дрэннае, піша пра набалелае. І без розніцы тады: шарыкавай ручкай ці з дапамогай камп'ютара.


Даў­ні пад­піс­чык і ся­бар «Звяз­ды» Ва­сіль Мі­кі­та­віч Пя­шэ­віч з вёс­кі Юр­ке­ві­чы Жыт­ка­віц­ка­га ра­ё­на па­каз­вае су­се­ду Ада­му Мі­кі­та­ві­чу Боб­ры­ку прыз, які вый­граў у звяз­доў­скай ла­та­рэі.

«Сёлета наш тыдзень міласэрнасці быў скіраваны на людзей адзінокіх, — паведамляе спадарыня Тамара Круталевіч з Беразіно. — Мы аб'ядналі магчымасці саюзаў «Белая Русь», жанчын і моладзі, ветэранаў вайны ў Афганістане, таварыстваў ДТСААФ, ратавальнікаў, піянераў... Кожны з партнёраў вызначыў свой участак работы. А далей...

Аб'ектам асаблівага клопату стала жыццё 36 адзінокіх гараджан пажылога ўзросту, кожны трэці з якіх — з інваліднасцю, — піша Тамара Мікалаеўна. — Маладзёжныя атрады валанцёраў дапамаглі ім прыбрацца на падворках і ў жылых памяшканнях, вымылі вокны, выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці і піянеры падрыхтавалі сувеніры, актывісткі клуба ветэранаў дашкольнай адукацыі наладзілі цёплыя візіты да сваіх былых выхавальнікаў і настаўнікаў. Да таго ж кожнаму з адзінокіх і састарэлых так званая карэта міласэрнасці даставіла адмысловыя прадуктовыя наборы. Лідар арганізацыі бярэзінскіх воінаў-афганцаў, індывідуальны прадпрымальнік Алег Купіч выдзеліў для гэтага досыць салідную грашовую суму, дырэктар рынку «ТрыА» Максім Касоўскі — свежыя хлебабулачныя вырабы, арганізацыя ДТСААФ забяспечыла транспартныя паслугі. Прычым кіроўцы прыязджалі да землякоў не толькі з прысмакамі, але і з песнямі ад баяністкі
Тамары Дземяшкевіч, з якой адзін 93-гадовы дзядуля нават кінуўся ў скокі.

Рупліўцы акцыі знаходзілі час і на тое, каб пагутарыць з землякамі, запісаць успаміны і персанальныя заяўкі на дапамогу, каб пакланіцца ім за пражытыя гады, бо сярод тых, каго наведвалі, шмат людзей з цікавымі ці нават трагічнымі лёсамі. Ганна Антонаўна Выгоўская, напрыклад, у першыя месяцы вайны засталася ўдавой, пешшу, з двума маленькімі дзецьмі дабіралася з Брэста на сваю Бярэзіншчыну, працавала настаўніцай, заўсёды была і ў свой 101 (!) год застаецца эталонам інтэлігентнасці і душэўнай шчодрасці.

Балючая статыстыка, — працягвае спадарыня Круталевіч, — пяцёра з наведаных жанчын перажылі смерць свайго дзіцяці, а то і не аднаго... Трох сыноў забраў няўмольны лёс у Веры Уладзіміраўны Самец, двух — у Ганны Антонаўны Выгоўскай і Марыі Пятроўны Пусевай. Лізавета Васілеўна Анісімава пахавала дачку і сына, Вера Уладзіміраўна Цыбулька — дачку. Адзіная радасць цяпер — унучка, якая пасля заканчэння ўніверсітэта і магістратуры працуе псіхолагам.

Адзінота згінае і моцныя плечы. «Няма гаспадыні ў хаце — няма і цеплыні», — скардзіліся мужчыны, шчыра хвалячы сваіх спагадлівых сацыяльных работнікаў.

І сапраўды: цені не гасяць сонца, — сцвярджае спадарыня Тамара, — свет не без добрых людзей. Рэйд дабрачыннасці завяршаўся думкамі, што адзіноту не развееш ні рублём, ні куском — толькі добрым словам і прысутнасцю. У людзей надзея — на людзей».

У жыхароў Бярэзіншчыны — яшчэ і на канкрэтных: у прыватнасці — на старшыню раённага каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў спадарыню... Тамару Круталевіч, нястомную ініцыятарку і арганізатарку абсалютнай большасці мерапрыемстваў! Энергічная, артыстычная, абаяльная, яна заўсёды ў пошуку, заўсёды ў клопаце пра тых, каму гэты клопат патрэбны. А людзей такіх насамрэч шмат.

«...Я дагэтуль не магу зразумець, як мы ацалелі ў час вайны, — піша спадар Анатоль Кашэвіч з Лельчыцкага раёна. — Зімой, у лютыя маразы мы жылі ў спехам зробленых з жэрдак і яловага лапніку куранях. Агонь у гэтых «пабудовах» запальваць нельга было, бо задыхнешся ад дыму, раскладваць вогнішча побач — таксама, бо немцы з самалётаў скідвалі бомбы. Мы літаральна замярзалі... А спытайце, што елі? У нас нічога не было, апроч кары, жалудоў ды калі-нікалі журавін, знойдзеных пад снегам. У выніку многія дарослыя, а найболей дзеці, хварэлі і паміралі. Да таго ж на нас, як на зайцаў, палявалі немцы з паліцаямі, забівалі, тапілі ў калодзежах, вывозілі ў Германію.

Так атрымалася, што вось гэта, наша жыццё ў куранях — распаўсюджанае, дарэчы, не толькі на Гомельшчыне, — дагэтуль не даследавана ні гісторыкамі, ні пісьменнікамі, — сцвярджае спадар Кашэвіч. — І таму — як бы забытае. А між тым пра дзяцей вайны варта ўспомніць — як у парламенце, так і ва ўрадзе. А то атрымліваецца, што нашы аднагодкі, якія трохі пабылі ў Нямеччыне, маюць нейкія льготы, а мы, куранёўцы, — не. Ці справядліва гэта?» — пытае аўтар ліста.

Тое ж балючае пытанне хвалюе і спадарыню Лідзію Лук'янаву з в. Швабы Лагойскага раёна. «Неперспектыўны чалавек, неперспектыўная вёска... Якія гэта цяжкія, крыўдныя словы! — піша яна. — Як удар, як кляймо, як прысуд... Апошнім часам яго вынеслі многім населеным пунктам, якія раней кармілі гарады. Бо адтуль людзі ехалі ў вёскі не толькі для таго, каб дапамагчы, каб папрацаваць, але і для таго, каб добра «затарыцца» прадуктамі ды прысмакамі. Глядзіш, і ўжо радзей потым трэба хадзіць у крамы, а зэканомленыя грошы можна патраціць на камунальныя паслугі, на абеды для дзяцей у школе ды на нешта іншае.

Вёска выручала, у ёй заўжды жылі добрыя працавітыя людзі, — узгадвае спадарыня Лук'янава. — А дзетак колькі было! У дзве змены ў школах вучыліся. Прычым дадатковыя заняткі настаўнікі праводзілі з імі не за грошы — за так, бо былі зацікаўленыя найперш у ведах.

Што ж цяпер? Зямліца наша дае ўсё лепшыя ўраджаі. І малака ад каровы надойваем больш. Але пры гэтым закрываюцца фермы, школы, дзіцячыя садкі... Усё нерэнтабельнае. А чаму? Чаму людзі, хочучы пракарміць свае сем'і, зарабіць неблагую пенсію, ездзяць па свеце, шукаюць работу недзе? Чаму не ствараць працоўныя месцы ў вёсках?

Пашанцавала тым з іх, што сталі аграгарадкамі. А што ж усім іншым?»

У асобных (чытачам газеты аб гэтым не трэба казаць) распачалі свой бізнес прыватныя прадпрымальнікі, раскруціліся фермеры, адкрыліся аграсядзібы, туды пачалі вяртацца гараджане. Але ж большасць і сапраўды, як піша чытачка, ужо «і вёскі не вёскі, і дачы не дачы — так, парадзелыя паселішчы, дзе дажываюць свой век пенсіянеры».

Можна было б тут нагадаць, што яны не забытыя: туды прыязджаюць аўталаўкі і паштовыя машыны, ходзяць аўтобусы. Гэта, вядома ж, добра, але... Людзям, а тым больш састарэлым, хацелася б і большага, і лепшага. А галоўнае — каб жылі вёскі.

Вось гэтаму, як паведамляе спадар Анатоль Жогла з Лельчыц, прысвяціў усё сваё жыццё былы кіраўнік знакамітага сельгаспрадпрыемства «Стадолічы», ардэнаносец, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Міхаіл Данілавіч Сукач. Нарадзіўшыся ў 41-м пятым дзіцем у сям'і, ён малым застаўся без бацькі, малым трапіў у канцлагер. Але ж, цудам выжыўшы, атрымаў належную адукацыю, узначаліў гаспадарку. «Гэта пры ім, — піша спадар Анатоль, — былі нечуваныя раней прывагі і ўраджаі, а значыць, прадукцыйнасць працы і заробкі, гэта пры ім для працаўнікоў будаваліся камфортнае жыллё і дарогі, купляліся аўтобусы для падвозу на працу і дамоў, аказвалася дапамога падшэфным школам, дзіцячым садкам і, вядома ж, вясковым пенсіянерам...

Дык ці не надышоў час зараз, калі Міхаіла Данілавіча, на жаль, не стала, прысвоіць сённяшняму КСУП «Стадолічы» імя яго першага кіраўніка?»

Лагічнае пытанне і, напэўна ж, вырашальнае. У адрозненне ад...

Спадар Кавальчук у сваім лісце (які прыйшоў па электроннай пошце) абрынуўся з крытыкай на адрас тэлеканалаў — пераважна расійскіх. Але пры чым тут
«Звязда»?

Спадарыня Савіцкая (а мо і не Савіцкая?) выказвала сур'ёзныя прэтэнзіі да публікацый газеты. Азнаёмілі з імі рэдакцыйнае начальства, абмеркавалі, прынялі рашэнні, падрыхтавалі адказ — адправілі на ўказаны адрас. Ліст вярнуўся з пазнакай, што... няма такіх вуліцы і дома.

Спадарыня Алена М. у нашу газету даслала вялікую падборку вершаў на... рускай мове.

Спадар Дзмітронак пытаўся, ці не зацікавяць газету яго нататкі пра Неапаль?

І добра было б, калі б яны, тыя нататкі, што называецца, да ліста дадаваліся: тады б можна было адразу і прачытаць, і адказаць. Пажадана па тэлефоне, але ж нумар яго таксама не паведамляўся...

Зрэшты, тыя ці іншыя складанасці на працы — гэта і сапраўды нішто ў параўнанні з цяжкасцямі без працы.

А таму завяршыць гэты агляд хочацца лістом спадара Васіля Пяшэвіча з в. Юркевічы Жыткавіцкага раёна. «Заўтра, — піша ён, — чарговы раз пайду ў аддзяленне сувязі, каб аформіць падпіску на любімую «Звязду». Чаму яна любімая? Таму што размаўляе са мной на маёй мове, таму што працуюць тут таленавітыя журналісты. Вось і сёння адкрыў газету, а там «Нефармат» Святланы Яскевіч, пра спорт цікава піша Дар'я Лабажэвіч, а ў рубрыцы «...Народ на провадзе!» друкаваўся і сам. Паказаў гэту публікацыю ды іншыя выразкі са «Звязды» сваёй нявестцы з Гомеля, і яна таксама стала падпісчыцай газеты. Спадзяюся, што гэта, як у мяне, ужо назаўсёды... Яшчэ і таму, — дадае спадар Пяшэвіч, — што я калі-нікалі гуляю ў розныя там лато, прымаю удзел у рэкламных гульнях. Але на выйгрыш мне шанцуе толькі са «Звяздой».

У Мінск, у рэдакцыю, па свой другі прыз Васіль Мікітавіч ехаць не адважыўся: не тое, казаў, здароўе — і ў яго, і ў машыны... А таму набор садовай мэблі яму — на зайздрасць суседзям — даставіў фотакарэспандэнт «Звязды» Анатоль Кляшчук. Ён жа зрабіў здымак з надзеяй, што ў гэтай вёсцы падпісчыкаў «Звязды» стане больш.

У людзей і сапраўды надзеі на людзей.

Аддзел пісьмаў

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.