Вы тут

Замучыў герпес?


Незадаволены чымсьці арганізм можа паведаміць нам пра гэта непрыемнымі пухірыкамі.

Вядома звыш сотні вірусаў герпесу, аднак найчасцей сустракаюцца вірусы першага і другога тыпаў. Вірусам простага герпесу (першага і другога тыпаў) інфіцыравана каля 90 працэнтаў насельніцтва, і дзесьці кожны чацвёрты-пяты дакладна ведае пра гэта, бо захворванне мае клінічныя праявы: на скуры або слізістых твару і палавых органаў з'яўляецца група пухірыкаў, якія праз некалькі дзён «падсыхаюць». У арганізм інфекцыя трапляе некалькімі шляхамі — палавым, паветрана-кропельным, праз плацэнту ад маці дзіцяці або падчас пералівання крыві. Вірус ужо ніколі не пакідае арганізм, але галоўнае, каб ён нас не турбаваў, не даваў клінічных праяў.


Трэці тып віруса з'яўляецца ўзбуджальнікам ветраной воспы і апаясвальнага лішаю. Першае, як правіла, сустракаецца ў дзяцей, другое — у людзей сталых. Практычна ўсе, каму за 20, інфіцыраваны гэтым вірусам, які пашкоджвае нервы і выклікае іх запаленні. Праяўляецца трэці тып высыпкамі ў зоне міжрабрынных нерваў, на галаве, твары, канечнасцях.

— Важна атрымаць супрацьвірусную тэрапію ў першыя 48 гадзін, калі яна будзе найбольш эфектыўная, — кажа загадчыца амбулаторна дэрматавенералагічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Мая НЯКРАСАВА. — Калі інфекцыя не паспела знікнуць, як вярнулася зноў, для прафілактыкі новых эпізодаў у некаторых выпадках можа прымяняцца інактываваная герпетычная культуральная вакцына. Прышчэпка робіцца не раней як праз два тыдні пасля поўнага знікнення праяў інфекцыі. Разам з тым прызначаецца і вітамінатэрапія — антыаксідантны комплекс, біягенныя стымулятары для агульнага ўмацавання. Безумоўна, рэкамендуецца здаровы лад жыцця, рэжым сну, працы і адпачынку, а таксама харчаванне, багатае на гародніну і фрукты. Акрамя таго, неабходна заняцца лячэннем і ўсіх іншых хранічных захворванняў. Стрэс, пераахалоджванне, злоўжыванне алкаголем, дыеты — усё гэта будзе правакаваць рэцыдыў.

  • Не траўмуйце пухірыкі.
  • Адзенне — мяккае, не раздражняльнае.
  • Дасканала мыйце рукі пасля таго, як дакрануліся да пашкоджанага ўчастка.
  • Карыстайцеся індывідуальнымі прадметамі гігіены.
  • Не дапускайце выпадковых палавых кантактаў, карыстайцеся прэзерватывам.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.