Вы тут

Яшчэ ёсць час абараніцца ад грыпу з дапамогай прышчэпкі


Сёлета больш сумленна падышлі да засцярогі ад грыпу і пачалі актыўна прышчэплівацца людзі ва ўзросце пасля 65. Раней гэта катэгорыя ўпіралася як магла: маўляў, нам нельга, у нас жа хранічныя захворванні! Між тым розныя паталогіі якраз служаць паказаннем для вакцынацыі. Іначай грып можа скончыцца ўскладненнямі або смяротным зыходам.


Як адзначае намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ГЛІНСКАЯ, цікавасць да вакцынацыі супраць грыпу ўзрастае ў нас дзесьці ў студзені, а то і ў лютым, калі з'яўляюцца першыя выпадкі трагічных зыходаў у суседніх краінах. Тады нашы людзі пачынаюць патрабаваць вакцыну, аднак на той час яе, па-першае, не застаецца. Па-другое, для выпрацоўкі абароны патрабуецца каля 2-3 тыдняў. Калі ж вірус ужо актыўна цыркулюе, то можна сустрэцца з ім раней, чым дачакаешся аховы.

Толькі некаторыя еўрапейскія краіны паведамляюць аб адзінкавых выпадках грыпу. І гэта тыя штамы, што прадугледжаны вакцынамі. У Беларусі вірусы грыпу пакуль не выяўляюцца. Распаўсюджаны толькі негрыпозныя рэспіраторныя вірусы, прычым колькасць такіх выпадкаў нават меншая, чым на адпаведны перыяд мінулага года. 70 працэнтаў такой інфекцыі сустракаецца на бягучы момант у дзяцей.

Імунамадулятары? Не варта!

Толькі калі вам іх прызначыў урач. І зрабіць гэта ён павінен пасля таго, як вы зрабілі імунаграму. «Іначай гэта злачынства, што ведае кожны медык, — кажа дацэнт кафедры інфекцыйных захворванняў БДМУ Юрый ГОРБІЧ. — Не існуе імунастымулятара, які б уздзейнічаў абсалютна на кожнае звяно імуннай сістэмы. Асобны прэпарат працуе з пункту гледжання асобнага звяна. Аднак калі мы спрабуем іх прымяняць, выбіраючы па тым прынцыпе, што ўбачылі добрую рэкламу, спадабалася прыгожая ўпакоўка або параіла суседка, то рызыкуем трапіць пальцам у неба і пачаць стымуляцыю таго звяна, якое і так працавала нармальна. Арганізм уладкаваны так, што за кошт стымуляцыі таго, што і так працуе нармальна, можна дабіцца прыгнятання іншых звёнаў. Тое, што працавала не надта добра, пачне працаваць яшчэ горш».

— У старэйшай групе мы можам пачуць скаргі на галаўны і мышачны боль, слабасць, а вось дзеці да трох гадоў такімі сімптомамі з намі падзяліцца не могуць, таму трэба быць з імі асабліва ўважлівымі, — тлумачыць асістэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Кацярына СЕРГІЕНКА. — Заўсёды трэба звяртаць увагу і выклікаць урача, калі ёсць ліхаманка, высокая тэмпература, якая трымаецца звыш пяці сутак, не зніжаецца ні сама па сабе, ні з дапамогай лекаў. Або калі тэмпература, наадварот, ніжэйшая за 36,6. Павінны насцярожыць на фоне захворвання і цяжкасці з абуджэннем дзіцяці, дзённая санлівасць, працяглая кволасць, капрызнасць, задышка, ваніты, млосць.

Калі ёсць атлусценне або артрыт

Урачы рэкамендуюць не адмаўляцца ад прышчэпак усім асобам з атлусценнем, цяжарным (гэты стан сам па сабе з'яўляецца фізіялагічным імунадэфіцытам), наогул тым, у каго ёсць любыя захворванні, звязаныя з імунадэфіцытам, — напрыклад, рэўматоідны артрыт (калі хворы прымае імунасупрэсіўныя прэпараты), злаякасныя новаўтварэнні. Групу рызыкі складаюць і людзі з хранічнымі захворваннямі ніжніх дыхальных шляхоў — бранхіяльнай астмай, хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх (новая назва бранхіту). Такія катэгорыі, у тым ліку малыя дзеці і, вядома, пажылыя, пераносяць грып вельмі цяжка. Бо маюць падставы для развіцця віруснай пнеўманіі, якая лечыцца цяжка і прыводзіць да працяглай шпіталізацыі, гібелі.

Калі нехта з гэтай катэгорыі раптам не прышчэпіцца (а такія, вядома, будуць), то ні ў якім разе ім не рэкамендуецца геройства. Разважаць на ўзроўні «а раптам заўтра пройдзе» — злачынна. Лепш падумаць: «трэба выклікаць урача на дом або падысці ў паліклініку», паколькі без кваліфікаванай меддапамогі не абысціся. Калі мы дрэнна сябе адчуваем, то перад тым, як сабрацца на працу, варта задумацца, што ў закрытых памяшканнях, кабінетах можна падвергнуць навакольных вялікай рызыцы заражэння.

У людзей з нармальным здароўем грып праходзіць за некалькі дзён. Важна толькі заставацца ў ложку, забяспечыць сабе поўны спакой і цёплыя напоі, якія трэба піць не залпам, а глыткамі, пакрысе на працягу ўсяго дня.

Акрамя прышчэпкі

Не абысціся нам без здаровага ладу жыцця. Калі нармальна ставімся да саміх сябе, значыць, будзем і добра харчавацца (каб атрымліваць з ежай або з дапамогай біялагічна актыўных дабавак карысныя рэчывы), добра спаць і атрымліваць станоўчыя эмоцыі. У час пад'ёму сезоннай захваральнасці могуць нам дапамагчы і імунатонікі — эхінацэя, жэньшэнь ды іншыя расліны, выкарыстанне якіх павышае жыццёвы тонус.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шкоднае геройства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».