Вы тут

Працэс старэння спыніць немагчыма


Старэнне — натуральная частка жыцця любога жывога арганізма, уключаючы чалавека. Але гэта не спыняе многіх энтузіястаў свету навукі, бо такая вялікая спакуса перамагчы прыроду, максімальна адцягваючы момант біялагічнай смерці, падаўжаючы тым самым працягласць жыцця. Аднак некаторыя навукоўцы сыходзяцца ў меркаванні, што цалкам спыніць гэты працэс проста немагчыма. Сярод іх і даследчыкі з Універсітэта Арызоны, якія лічаць, што гэта неажыццяўляльна нават з чыста матэматычнага пункту гледжання.


«Старэнне — гэта матэматычна непазбежны працэс. Непазбежны ў любым выпадку. У спроб спыніць гэты працэс няма ні лагічнага, ні тэарэтычнага, ні матэматычнага рашэння», — сцвярджае Джаана Масел, прафесар экалогіі і эвалюцыйнай біялогіі ва Універсітэце Арызоны. Масел разам са сваім калегам Полам Нельсанам выклалі свае высновы пра сувязь матэматыкі і старэння ў даследаванні пад назвай «Міжклетачнае спаборніцтва і непазбежнасць шматклетачнага старэння», апублікаваным у навуковых працах Нацыянальнай акадэміі навук.

Сучаснае разуменне эвалюцыі пакідае адкрытым пытанне магчымасці перапынення працэсу старэння. Але толькі ў тым выпадку, калі навука знойдзе спосаб ідэальнага натуральнага адбору сярод арганізмаў. І адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — выкарыстанне канкурэнцыі паміж клеткамі для ліквідацыі звязаных са старэннем «вялых клетак», якія дрэнна функцыянуюць, пры захаванні астатніх здаровых клетак.

Дамагчыся гэтага, аднак, не так проста, заяўляюць Масел і Нельсан. Навукоўцы сцвярджаюць, што з целам на клетачным узроўні адбываюцца дзве рэчы. Па-першае, клеткі паступова запавольваюць унутраныя працэсы і пачынаюць губляць свае асноўныя функцыі. Па-другое, некаторыя клеткі павялічваюць хуткасць росту, што прыводзіць да стварэння ў арганізме ракавых клетак. Па меры старэння арганізма людзі непазбежна атрымліваюць схільнасць да развіцця ракавых клетак, нават калі іх наяўнасць ніяк не праяўляецца ў выглядзе якіх-небудзь сімптомаў.

«Па меры старэння большасць клетак вашага арганізма паступова губляюць свае функцыі і перастаюць расці. Тым не менш некаторыя клеткі пачынаюць расці з вар'яцкай хуткасцю. Калі б мы маглі пазбавіцца «вялых клетак», гэта дазволіла б раку бесперашкодна размнажацца ўнутры арганізма. А калі пазбавіцца ракавых клетак, гэта вядзе да назапашвання «вялых клетак». Атрымліваецца, што мы затрымаліся паміж двума варыянтамі: альбо дазволіць раку захапіць арганізм, альбо назапашваць клеткі, якія страчваюць свае функцыі. І гэта ўзаемавыключальныя варыянты. Пазбавіцца ўсіх клетак, зразумела, вы проста не можаце».

Такім чынам, навукоўцы спрабуюць данесці да нас вельмі простую думку ў выглядзе матэматычнага ўраўнення, згодна з якім старэнне — непазбежны складнік жыцця і неад'емная ўласцівасць мнагаклетачных арганізмаў. Так, навука па-ранейшаму можа паспрабаваць запаволіць працэс старэння, але, згодна з працай Масел і Нельсана, цалкам спыніць яго проста немагчыма. І матэматычны падыход да праблемы дэманструе, што гэта сапраўды так. А з матэматыкай, як вядома, спрачацца досыць складана.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.