Вы тут

Верхменская гісторыя


Мінулае кожнай пядзі нашай зямлі мае быць запісанай у агульны летапіс усіх пакаленняў. Кожнай сцежцы на гэтай зямлі ёсць пра каго распавесці, пра што ўспомніць.


Сто адзін год таму ў дакладной на імя мінскага губернатара паведамлялі, што малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч «пераведзены ў знак пакарання з Пінкавіцкага ў Верхменскае народнае вучылішча».

Сёння ўжо немагчыма разглядзець тыя сцежкі, якімі калісьці спяшаўся будучы класік беларускай літаратуры на заняткі да верхменскай дзятвы, хадзіў любавацца ляснымі абшарамі, невялічкімі палеткамі, хутаркамі. Тыя ж палеткі за мінулае стагоддзе непазнавальна змяніліся, былі неаднойчы пераараныя плугамі, парэзаныя франтавымі акопамі...

Але вось дзіва! Па зніклай у даўніне сцяжынцы зноў крочыць да вясковага вучылішча малады настаўнік. Зноў уваходзіць у клас, дзе каля бярвенчатых сцен туляцца невялічкія дашчатыя столікі. Вітаецца з малымі, пачынае заняткі...

Сапраўдная тэатральная сцэна з персанажамі далёкага 1906 года заняла значную частку літаратурнага музея Якуба Коласа Верхменскай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна. Вучні ажывілі на ёй некаторыя старонкі знакамітай трылогіі «На ростанях», дзе Якуб Колас распавядаў пра мясцовыя ваколіцы, урочышча, рэчку, вадзяны млын. У кароткіх дыялогах узнікалі знаёмыя героі трылогіі, а іх трапна падабранае тагачаснае адзенне і старыя прадметы вясковага ўжытку дадавалі падабенства.

Такую музейна-тэатральную імпрэзу ладзілі днямі ў названай вясковай школе сённяшнія нашчадкі тых, каго вучыў калісьці малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч. Гэта інсцэніроўка — вынік творчых намаганняў педагогаў і вучняў, якія вывучаюць гісторыю сваіх мясцін, спасцігаюць яе месца ў агульнай гісторыі Бацькаўшчыны.

Гасцямі музейна-тэатральнага свята сталі настаўнікі і кіраўнікі школьных музеяў Мінскай вобласці. У літаратурных чытаннях узялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Настаўнікі падзяліліся досведам па выхаванні патрыятызму сродкамі музейнай педагогікі. Прысутныя пазнаёміліся з навуковай працай школьнікаў з Клецкага раёна, прысвечанай Якубу Коласу. Даведаліся, як святкуюць дзень нараджэння Песняра яго землякі ў Стаўбцоўскім раёне.

У музейнай зале прагучалі новыя творы паэтаў і пісьменнікаў, што завіталі сюды, а самі аўтары падарылі школе свае кнігі з аўтографамі. Арганізатар імпрэзы — метадыст Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Обухава. Дарэчы, літаратары Мінскай вобласці сёлета неаднойчы ўдзельнічалі ў краязнаўчых школьных мерапрыемствах, прысвечаных пісьменнікам — ураджэнцам Міншчыны.

На здымках, зробленых у школьным літаратурным музеі Якуба Коласа, вы бачыце адзін з куткоў экспазіцыі, сцэну з інсцэніроўкі паводле трылогіі «На ростанях» у выкананні мясцовых вучняў, паэта Уладзіміра Цануніна, які перадае кнігі кіраўніцы школьнага музея Святлане Лютарэвіч.

Яўген Пясецкі

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?