Вы тут

Адзін дзень з кантралёрамі грамадскага транспарту


«Няма грошай — толькі картка», «не паспеў купіць талончык», «толькі ўвайшоў». Якіх толькі адгаворак не прыдумваюць пасажыры, калі іх «зловіць» кантралёр. І іншаземцамі прыкідваюцца, і за сэрца хапаюцца, просяць хуткую дапамогу выклікаць. І ўцякаюць з транспарту, забываючыся ў салоне пакеты, парасоны і... аднойчы пакінулі нават дзіця. Чаму пасажыры так баяцца кантралёраў і ці варта так да іх ставіцца, высвятлялі карэспандэнты «Звязды»...


Кантралёр Тамара Вішнякова: «Зайцы» паводзяць сябе па-рознаму».

Па законах чалавечых і пісаных

З Тамарай ВІШНЯКОВАЙ і Раісай ЖУЧКО, кантралёрамі пасажырскага транспарту, мы выехалі па маршруце Кунцаўшчына — Гарадскі Вал. Камеру яны ўключаюць яшчэ пры пад'ездзе транспарту да прыпынку і выключаюць толькі пасля выхаду на прыпынку. Так можна пасля даказаць, хто ўвайшоў разам з кантралёрамі, а хто маніць.

— Калі чалавек хлусіць, гэта адразу відаць, — дзеліцца Раіса Іванаўна. — Цяпер пасажырскія эмоцыі крыху стрымлівае камера. Раней часта было, што скаргі пісалі, як кантралёр хаміў. Цяпер запіс можна праглядзець, каб даказаць, што адбывалася. У сваю чаргу мы можам пасажыра прыцягнуць да адказнасці за паклёп.

Калі людзі прыкладваюць свае карткі да тэрмінала кантралёра, на прыладзе відаць, прыкладаў ён яе да валідатара ці не. Акрамя таго, можна ўбачыць, калі праязным дакументам увогуле карысталіся апошні раз, нават калі гэта было ў іншым транспарце. А вось праверыць, праязны гэта або картка на некалькі паездак, можна толькі на валідатары.

Так здарылася, напрыклад, з пасажырам, які доўга шукаў праязны па ўсіх кішэнях. Картка паказала, што праезд не аплачаны. Кантралёры сабраліся выйсці з «зайцам» на прыпынку, але па валідатары высветлілі, што гэта праязны. Перад мужчынам выбачыліся і дазволілі ехаць далей, параіўшы не забывацца адзначаць сваю прысутнасць у транспарце.

— Калі ў чалавека праязны (на 10, 15 дзён або месяц) і ён не прыклаў яго да валідатара, мы не штрафуем, хоць па законе маем на гэта права, — кажа Тамара Вішнякова. — Калі ж гэта картка на колькасць паездак, то, незалежна ад таго, па якой прычыне ён яе не прыклаў, штрафуем, каб не забываўся аплачваць.

Перш чым забыцца на праязны ў кішэні, магчыма, варта ўбачыць, як іншыя пасажыры ставяцца да таго, хто ўвайшоў і не прыклаў картку да валідатара. А прэтэнзіі наконт гэтага, дарэчы, могуць кантралёрам выказаць.

Кантралёры, як правіла, не правяраюць пасажыраў, якія выходзяць на прыпынку, дзе ўвайшлі супрацоўнікі кантрольнай службы, хоць рабіць гэта таксама могуць. Таму ў «зайца», які згледзеў кантралёра ў вакно, ёсць магчымасць выскачыць. Так адбылося і на адным з прыпынкаў, дзе жанчына кінулася ў дзверы, ледзьве не вынесшы з сабою і кантралёраў.

— Вось бачыце, што робіцца, — ківае галавой Тамара Уладзіміраўна. — Убачаць кантралёра і ўцякаюць.

Дыспетчар Зоя Баразна: «На гэтым маніторы мы бачым відэазапісы праверкі білетаў».

Давярай, але правярай

Некаторыя безбілетнікі любяць прыкінуцца іншаземцамі.

— Я вывучала французскую мову ў школе і памятаю, як яна гучыць. А тут хлопец пачынае мне казаць, што ён француз, невядома на якой мове, — успамінае Тамара Уладзіміраўна. — У гэтага «француза» аказаўся ў выніку беларускі пашпарт. І «паляк» у мяне быў. «Мовіць па-польску» стараўся, пакуль не выдаў сябе словамі «мой калега».

Часта пасажыры тлумачаць, што не дайшлі да кіроўцы купіць талон. Такога быць не можа.

Праезд аплачваецца да пачатку паездкі пры ўваходзе ў транспарт. Чалавек павінен увайсці ў салон ужо падрыхтаваным. Мяркуецца, што набываючы талон у кіроўцы, ён купляе на наступную паездку. Аплаціць праезд да наступнага прыпынку пасажыр мог толькі пры наяўнасці кандуктараў, якіх ужо некалькі гадоў у транспарце няма, кажуць кантралёры.

Дакументы на права бясплатнага праезду — асобная катэгорыя людскіх хітрыкаў. Як толькі пасажыры іх не прад'яўляюць. То ледзьве махнуць перад вачыма, то недзе з напаўраскрытага кашалька паказваюць. А кантралёры абавязаны паглядзець на пасведчанне з абодвух бакоў. Калі ж яны сумняваюцца ў яго сапраўднасці, то могуць пазваніць у міліцыю, каб там пацвердзілі інфармацыю.

Бывае, што пасведчанне сапраўднае, але належыць іншаму чалавеку. Здараецца, на дакументы памерлых наклейваюць сваё фота, ксеракопіі робяць. Або едуць з пасведчаннем інваліда 2-й групы, а на справе аказваецца, што там 3-я. А на яе бясплатны праезд не распаўсюджваецца.

— Просіш паказаць нармальна, яшчэ і аблаюць цябе, што ты іх правы парушаеш. А гэта наш непасрэдны абавязак — упэўніцца, што дакумент належны, — расказвае Тамара Вішнякова. — За адной пасажыркай з «ліпавым» пасведчаннем інваліда 1-й групы маёй напарніцы неяк прыйшлося нават па метро бегаць.

— Цяпер моладзь па 18—19 гадоў узяла моду казыраць чарнобыльскімі пасведчаннямі з артыкулам 23 і даказваць, што можа ездзіць бясплатна. Гэтае права маюць толькі ліквідатары, у пасведчаннях якіх артыкул 18 або 19. 23-і дае пэўныя льготы, але не бясплатны праезд. А яны сварацца з намі, кажуць, што ім дазволілі, — далучаецца Раіса Жучко. — А вось неяк ехала жанчына. Пасведчанне ў яе сапраўднае было, але належала яе маці, якая нарадзілася ў 1929-м. А дачка — з 1957-га. Ну відаць жа, што розніца амаль у 30 гадоў.

Праезд не са сваім пасведчаннем — падстава для прыцягнення па 380-м артыкуле Крымінальнага кодэкса. Штраф да 20 базавых велічынь. А калі яшчэ і сваё фота наклеіў на чужое, то тут ужо два артыкулы дзейнічаюць, можна і 50 базавых заплаціць, а то і на папраўчыя работы трапіць.

Грошы і пашпарт!

Самая вялікая цяжкасць кантралёрскай працы не сваркі з пасажырамі, а працэдура спагнання штрафу. У чалавека павінен быць з сабой пашпарт, інакш яго нельга аштрафаваць, расказалі нам іншыя кантралёры на дыспетчарскай станцыі «Кунцаўшчына». Адгэтуль мы адпраўляліся ў падарожжа.

— Чалавек едзе без білета, ён згодны аплаціць штраф. У нас ёсць пранумараваныя штрафныя квітанцыі. Усё, здавалася б, нармальна. Не! Мы павінны ўнесці пашпартныя даныя пасажыра ў пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. Інакш не маем права штрафаваць. Калі пашпарта няма, выклікаем нарад міліцыі. Ну хіба гэта правільна? — абураецца адзін з кантралёраў. — Па законе ў нас людзі не абавязаны насіць пашпарт пры сабе.

— Некаторыя безбілетныя пасажыры не кажуць інфармацыю пра сябе, выходзяць разам з намі на прыпынку і ўцякаюць, — дадае яго калега. — А тыя, хто гатовы плаціць, як пачынаецца разбор з пашпартам, таксама збягаюць. Мы ходзім, як некія пужалкі, і міліцыяй страшым. Многія кантралёры толькі выгляд робяць, што тэлефануюць, бо нарад можа і праз гадзіну прыехаць.

Аднак не думайце, што ўсё так проста — выйшаў на вуліцу і ўцёк.

Утрымліваць безбілетніка да прыезду міліцыянераў кантралёры сапраўды маюць права. Яго дае артыкул 5.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Прычыненне шкоды пры затрыманні фізічнай асобы, якая здзейсніла злачынства або адміністрацыйнае правапарушэнне». Тут гаворыцца, што кантралёр не парушыць закон, калі нанясе «зайцу» нейкую шкоду пры затрыманні ці спыненні яго спробы ўцячы.

Дарэчы, квітанцыя аб аплаце штрафу не вызваляе ад аплаты праезду. Калі ехаць далей без талона, можна ў той жа дзень ізноў трапіць на штраф, папярэджваюць кантралёры.

Калі пашпарт ёсць, а грошай няма, складаецца пратакол, а штраф плаціцца не адразу.

Мініяцюрная відэакамера фіксуе размовы кантралёра з пасажырамі.

Пасажырскія замалёўкі

Першы безбілетнік у той дзень — жанчына, якая штодня ездзіць да 97-гадовай маці. Кажа, хацела аплаціць, але наяўных няма і пашпарта таксама.

— Вельмі спяшаюся. Дзяўчаткі, прабачце, калі ласка. Мне будзе 70 наступным годам. Я не працую, пенсію атрымліваю толькі 300 рублёў.

— А чаму, прабачце, вы не купілі праязны, раз штодня ездзіце? — не вытрымліваю я.

— Дык я не паспела. Я заўжды набываю праязны (на календары — трэцяя дэкада лістапада).

— Гэта лепет немаўляці. Штраф 11,50 рубля, — рэзюмуе Раіса Жучко.

Яшчэ некалькі хвілін перамоў, і грошы жанчына ўрэшце знайшла, хоць спачатку казала, што мае толькі картку.

У чарговым аўтобусе — студэнт без білета з сябрам. Сябар прапануе, калі кантралёры адышліся: «Давай я табе свой дам, скажаш, што не знайшоў адразу». «Заяц» выходзіць з кантралёрамі на прыпынку і ўцякае.

У тралейбусе па вуліцы Ціміразева два безбілетнікі тлумачаць, што толькі на мінулым прыпынку ўвайшлі, загаварыліся, забыліся пракампасціраваць талоны.

— Вось, у руках жа трымаем. Давайце ў вас купім яшчэ талоны.

— Вы пад кампосцерам стаіце. Напэўна ж не проста так.

Штраф для абодвух афармляецца проста ў тралейбусе.

— А ёсць і такія, што ў апошні момант аплачваюць, праўда, малады чалавек? — каментуе Тамара Вішнякова, паказваючы на юнака, які толькі што прабіў талон. Той робіць выгляд, што словы датычацца не яго.

На прыпынку «Тэатр Музкамедыі» з салона выходзіць дзяўчына-астматык, якой стала кепска. Дакументы ў яе кантралёры так і не праверылі — проста ўпэўніліся, што ёй лепш, і пакінулі на прыпынку.

Яшчэ адзін безбілетнік зайшоў перад канцавым прыпынкам «Гарадскі Вал». Юнак з Пінска слухаў музыку па тэлефоне. На пытанне «Чаму без аплаты?» спакойна кажа: «Увайшоў, сеў, думаю, праеду пару прыпынкаў». Дае звесткі пра сябе, але грошай няма. На яго адрас прыйдзе штраф.

За тры гадзіны, што мы правялі разам з кантралёрамі, я, прызнаюся, маральна даволі стамілася. І для сябе вынесла адно: каб не трапіць на грошы і нервы, захаваць чалавечае аблічча, лепш плаціць, калі ўжо едзеш.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Кантралёр — у дзверы, «заяц» — у вакно

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.