Вы тут

У Мінску праходзяць трэція Беларускія калядныя чытанні


Падчас іх былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Міністэрствам культуры, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміяй навук.


Фота БЕЛТА

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыў:

— Падпісаныя пагадненні — гэта сімвал жадання працаваць разам, ствараць наша жыццё. Зусім невыпадкова Беларусь з'яўляецца прыкладам для пераймання для многіх краін. У нас жывуць людзі самых розных веравызнанняў, кожны мае свой погляд на жыццё, але ўсе мы жывём у міры і згодзе. Наша спакойнае існаванне з'яўляецца яскравым пацвярджэннем нашых унутраных імкненняў — жыць у міры з самім сабой, з Богам, з усімі людзьмі, побач з якімі Гасподзь вызначыў наша жыццё.

Сваё прывітальнае слова да ўдзельнікаў трэціх Беларускіх калядных чытанняў накіраваў і міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. У сваю чаргу першы намеснік міністра культуры Ірына ДРЫГА расказала:

— Гэта пагадненне з'яўляецца працягам даўніх і доўгіх адносін Міністэрства культуры з беларускай праваслаўнай царквой. Тыя праграмы, якія падпісаны паміж намі, не заставаліся толькі на паперы, але прыносілі добрыя плады. Напрыклад, узводзяцца культавыя пабудовы, робяцца роспісы, вырабляюцца мазаікі... Гэта і штодзённая праца бібліятэк, гарадскіх і раённых, тая работа, якую яны здзяйсняюць. У нашых музеях праводзяцца выстаўкі іканапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачынаючы са старажытнасці і да нашага часу.

Цікавым з'яўляецца і падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Як растлумачыў намеснік старшыні гэтай установы Сяргей Шчарбакоў, раней паміж камітэтам і царквой падобныя дагаворы не заключаліся. Больш за тое, доўгі час лічылася, што падстаў для развіцця супрацоўніцтва паміж навукоўцамі і вернікамі няма.

«Мы зараз пакуль на пачатку шляху. Намі плануецца правядзенне сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку канферэнцый, семінараў, абмен інфармацыяй, — расказаў Сяргей Шчарбакоў. — Сутнасць у двух сакраментальных пытаннях: першае — аднаўленне дыскусіі аб трыадзінстве ведаў, веры і светапогляду, другое — пытанне маральна-этычных нормаў і крытэрыяў».

Паводле спецыяліста, абедзве гэтыя тэмы важныя і для царквы, і для навукі. «Традыцыйна лічыцца, што рэлігія — гэта пра веру. Нехта нават скажа, пра безумоўную веру. Але калі мы на самай справе звернемся да рэлігійных тэкстаў і дыскусій, то ўбачым, што там ёсць і вялікая прастора для ведаў. Самае простае — веданне святых тэкстаў і іх аналіз».

На трэціх Беларускіх калядных чытаннях прысутнічаў таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Малдовы ў Беларусі Віктар Сарачан і іншыя высокапастаўленыя асобы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жыць у міры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».