Вы тут

Алеся Зайцава: Бадмінтон зацягвае і не адпускае


Першы нумар зборнай расказвае пра свой досвед у Баку і дзеліцца чаканнямі, як пройдзе міні-Алімпіяда ў Мінску.

Алеся цягам апошняга дзесяцігоддзя з'яўляецца самай яркай прадстаўніцай беларускага бадмінтона не толькі ў краіне, але і ў свеце. Сёння яна ўваходзіць у топ-100 лепшых сусветных спартсменак. За яе плячыма — удзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане, у першых Еўрапейскіх гульнях у Азербайджане, у двух чэмпіянатах свету і пяці чэмпіянатах Еўропы. У інтэрв'ю спартсменка прыадкрыла сакрэты займальнай гульні і расказала, чаму ў свой час не памяняла беларускае грамадзянства, як зрабілі іншыя спартсменкі.


— Алеся, колькі гадоў вы з'яўляецеся першай ракеткай краіны?

— Нават не ведаю, гадоў дзесяць, напэўна, дакладна. Не магу сказаць, што рада гэтаму, хацелася б, каб у Беларусі была канкурэнцыя, тады было б цікавей гуляць у мясцовым чэмпіянаце. А сёння мне складана шукаць матывацыю, бо ніхто асабліва і не хоча адабраць званне першай ракеткі. Ёсць Настасся Чарняўская, якая можа скласці канкурэнцыю, з'явілася яшчэ адна маладая дзяўчына з Брэста, якая прэтэндуе на трэці нумар у зборнай, але гэтага мала для таго, каб развівацца. Таму цяпер мне даводзіцца раўняцца на міжнародныя турніры, а не на чэмпіянат Беларусі, у якім удзельнічаю проста для таго, каб чарговы раз паказаць свой узровень.

— Калі параўноўваць узровень бадмінтона ў краіне ў той час, калі вы толькі пачыналі ім займацца, і цяпер, штосьці змянілася?

— Усё застаецца прыкладна на адным узроўні. Адзінае, што раней народу было больш, мне здаецца. Людзі прыходзілі, і многія ў бадмінтоне заставаліся, а цяпер не, таму што большасць хоча зарабляць, а ў нашым відзе спорту гэта немагчыма, гэта ж не тэніс. Нават сусветныя лідары ў бадмінтоне не параўнаюцца з тэнісістамі. Калі мільён долараў прызавых у тэнісным турніры гэта не так ужо і шмат, то ў бадмінтоне 700 тысяч — максімум.

— Ці ёсць у свеце прыклад невялікай краіны, у якой бадмінтон вывелі б на высокі ўзровень?

— Так, Іспанія. Спартсменка з гэтай краіны стала чэмпіёнкай свету і выйграла Алімпіяду. Хоць Іспанія ніколі не была лідарам у гэтым відзе спорту, з Еўропы на медалі больш за ўсіх магла прэтэндаваць Данія. Але іспанцы пабудавалі цэнтр, дзе сабралі ўсіх спартсменаў, запрашаюць туды гульцоў з-за мяжы для спарынгаў і такім чынам узнімаюць свой узровень. Думаю, што ў нас гэта немагчыма з-за фінансаў. А наогул, цяпер у свеце дамінуюць азіяцкія спартсмены, бо бадмінтон там нацыянальны від спорту, канкурэнцыя ўнутры велізарная, таму і ўзровень вельмі высокі.

У нас сітуацыя, вядома, іншая: у бадмінтона няма рэкламы, пра яго мала гавораць у СМІ, ды і на дзяржаўным узроўні ўвага невялікая. У гэтым сэнсе, мы вельмі спадзяёмся на Еўрапейскія гульні, што пасля іх штосьці зменіцца, людзі ўбачаць, наколькі гэта цікавая гульня, і захочуць прыйсці ў бадмінтон, прывесці сваіх дзяцей.

— У вас ужо ёсць досвед выступлення на Еўрапейскіх гульнях.

— Так, я гуляла ў Баку. Еўрагульні праводзяцца па аналагу Алімпіяды, атмасфера там вельмі падобная, тая ж алімпійская вёска, напрыклад. Адзінае, у Азербайджане была не вельмі высокая канкурэнцыя, таму што гэта быў алімпійскі год, не было рэйтынгавых ачкоў, за якімі паехалі б лідары. Хоць добрыя гульцы таксама былі. Што да майго выніку, то я выступіла нядрэнна: выйшла з сваёй падгрупы, але крыху не дацягнула да таго, каб трапіць у васьмёрку. Ведаю, што турнір у Мінску плануецца з рэйтынгавымі ачкамі, тым больш яны важныя за год да Алімпійскіх гульняў, таму да нас прыедуць наймацнейшыя спартсмены. Што датычыцца інфраструктуры, то тут таксама не павінна ўзнікнуць праблем, ёсць спартыўныя збудаванні добрага ўзроўню, гасцініцы.

— Што ў найбліжэйшых кар'ерных планах?

— Адбор на Еўрапейскія гульні, а потым, калі ўсё складзецца паспяхова, — кваліфікацыя на Алімпіяду. Для гэтага трэба зарабляць рэйтынгавыя ачкі. Турніры, на якіх гэта можна зрабіць, праводзяцца кожны тыдзень, праўда, яны розных катэгорый. Кожны спартсмен можа выбіраць зручны і больш выгадны для сябе графік.

— Вы ўжо бралі ўдзел у Алімпіядзе, якія ўражанні засталіся ад гэтага турніру?

— Атмасфера такой падзеі запамінаецца назаўжды. Маштабнасць вельмі ўражвае, усе лепшыя спартсмены збіраюцца ў адным месцы — гэта вельмі класна. Што датычыцца спаборніцкай часткі, мне, на жаль, не ўдалося выйсці з падгрупы ў Лондане. А трапіць на Алімпіяду ў Бразіліі ўвогуле не атрымалася: не хапіла літаральна пару месцаў у рэйтынгу. Было крыўдна, але гэта спорт. Зразумела, што трэба нешта мяняць у сваёй падрыхтоўцы.

— Якімі дасягненнямі сёння ганарыцеся больш за ўсё?

— Я выйграла Адкрыты чэмпіянат Славакіі, выканала майстра спорту міжнароднага класа і трапіла на Алімпійскія гульні, для мяне гэта добрыя вынікі, тым больш калі ўлічыць, што фактычна ў мяне няма трэнера. Я сама складаю сабе планы, думаю, дзе і як падрыхтавацца лепш. Сёння ў нас мала кваліфікаваных спецыялістаў у бадмінтоне, тым больш у Брэсце, дзе я нарадзілася і жыву цяпер. А трэніроўкі спартсмена, які выступае на міжнародным узроўні, павінны быць прадуманыя з тэхнічнага і фізічнага боку, таму настаўнік павінен шмат ведаць, а ў нас засталіся трэнеры з савецкай загартоўкай: далі валан, і рабі з ім што хочаш. Таму працую адна, часам наведваю трэніровачныя лагеры, спрабую дзе-небудзь штосьці падгледзець у іншых спартсменаў. Наогул, гульцы ў Брэсце вырастаюць добрыя, таму што існуе даўняя школа, якую будавалі трэнеры, якія настолькі любілі бадмінтон, што маглі зацікавіць ім дзяцей. Цяпер іх ужо няма.

— Дзве нашы перспектыўныя бадмінтаністкі калісьці змянілі грамадзянства...

— Вольга Конан з'ехала ў Германію, Надзея Касцючык — у Польшчу. Я такіх спартсменаў не асуджаю, кожны выбірае сабе месца, дзе лепш. У мяне таксама былі прапановы, але сур'ёзна я іх нават не разглядала, мне і дома добра, Брэст ва ўсім задавальняе.

— Бадмінтон цяжкі від спорту?

— Дастаткова. З гульнявых самы энергавыдатковы і адзін з самых хуткасных. Акрамя таго, ён цікавы для гледача, дынамічны. Калі глядзець гульню прафесіяналаў, гэта вельмі захапляльнае відовішча. Для спартсмена важна ўсё: тэхніка, фізічны стан, розум. Каб зрушыць саперніка з корта і забіць яму, трэба пастаянна пралічваць сітуацыю. Таму мае трэніроўкі даволі разнапланавыя: не толькі гульнявыя, але і лёгкаатлетычныя, праводжу
заняткі ў трэнажорнай зале, басейне і гэтак далей.

— Вы невысокага росту, гэта не так важна ў бадмінтоне?

— Не, абсалютна. Нядаўна на чэмпіянаце свету жаночую адзіночку выйграла японка ростам 155 см. Такой жа вышыні, дарэчы, у нас сетка на корце. Ёсць гульцы і 208 см, але гэта не дае ім пераваг. Калі не можаш узяць сваім функцыянальным станам, можаш узяць тэхнікай; калі не можаш тэхнікай — можаш розумам.

— У бадмінтоне, як у многіх іншых гульнявых відах, існуе клубная сістэма?

— Так, у Беларусі пакуль яе няма, але я гуляю за польскі клуб. У Еўропе няма такога, каб Міністэрства спорту фінансавала спартсменаў, ёсць клуб, за які ты выступаеш, ён мае сваіх спонсараў, фінансаванне і адпраўляе цябе на турніры, ну і, вядома, падтрымліваюць гульца грашова. Ёсць клубны чэмпіянат Еўропы, дзе гуляюць лепшыя каманды розных краін.

— Ужо думалі, чым будзеце займацца пасля завяршэння кар'еры?

— Пакуль сканцэнтравана на сваёй гульні, але ў будучыні, магчыма, буду трэнерам. Ведаеце, у бадмінтон чамусьці ўсе вяртаюцца. Ён зацягвае і не адпускае.

— Маглі б апісаць сябе літаральна некалькімі фразамі?

— Я дастаткова сціплая, што шмат у чым перашкаджае, у спорце лепш быць трохі нахабнай. Добрая.

— Дзе вас можна сустрэць у Брэсце?

— У манежы, у якім я трэніруюся. Большую частку свайго часу праводжу там, нават муж бачыць мяне менш, чым манеж. Калі адпачываць, то люблю рабіць гэта «дзікуном». Ніякіх гасцініц, курортаў, мне хапае гэтага па спартыўнай частцы

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?