Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра чэмпіянат краіны па футболе, які завяршыўся на выхадных, пра выступленні беларускіх гандбольных клубаў у еўрапейскіх топ-турнірах і пра старт біятлоннага сезона.


1. Футбалісты БАТЭ 14-ы раз сталі чэмпіёнамі Беларусі.

Свой 12-ы запар чэмпіёнскі тытул яны здабылі ў заключным, 30-м, туры чэмпіянату. Матч падапечных Аляксандра Ермаковіча супраць футбалістаў «Гарадзеі» скончыўся з лікам 3:3. Патрэбнага для перамогі выніку гульцы БАТЭ дабіліся толькі ў самай канцоўцы сустрэчы — на 78-й хвіліне Віталь Радзівонаў рэалізаваў пенальці, а на 5-й кампенсаванай хвіліне другога тайма Мірка Іваніч зраўняў лік.

Уладальнікамі сярэбраных медалёў сталі футбалісты мінскага «Дынама», яны на выездзе разграмілі «Віцебск» — 4:1. Сталічныя дынамаўцы і БАТЭ набралі па 68 ачкоў, але барысаўская дружына заняла першае месца дзякуючы дзвюм вікторыям у вочных паядынках з мінчанамі.

Салігорскі «Шахцёр», які лідзіраваў на працягу большай часткі турніру, фінішаваў з «бронзай», саступіўшы ў апошнім матчы «Нёману» — 1:3.

Адзначым, што разам з наваполацкім «Нафтанам» найвышэйшую лігу пакідае мазырская «Славія», замест іх у найвышэйшай лізе выступяць дзве найлепшыя каманды першай лігі — мінскі «Прамень» і «Смалявічы-СТІ».

Найлепшым бамбардзірам нацыянальнага першынства стаў форвард БАТЭ Міхаіл Гардзяйчук, які забіў 18 мячоў.


2. Адбыліся першыя гонкі біятлоннага сезона 2017/2018.

Беларускія біятланісты фінішавалі 11-мі ў змяшанай эстафеце на першым этапе Кубка свету ў шведскім Эстэрсундзе. Надзея Скардзіна і Дар'я Домрачава правялі пачатак гонкі на высокім узроўні. Дар'я перадала эстафету Сяргею Бачарнікаву на шостым месцы. Аднак яму было складана ўтрымацца па хуткасці з лідарамі сусветнага біятлона. Акрамя таго, Сяргей атрымаў штрафны круг пры стральбе стоячы. Уладзімір Чапелін, які завяршаў гонку, таксама атрымаў адзін штрафны круг.


3. Арына Сабаленка стала пераможцам турніру ў індыйскім Мумбаі з прызавым фондам $115 тыс.

У фінальным паядынку яна сустракалася са славенскай тэнісісткай Далілай Якупавіч і перамагла ў двух сэтах — 6:2, 6:3.

У абноўленым рэйтынгу ВТА Арына займае 76-ю пазіцыю і з'яўляецца першай ракеткай краіны.


4. Мінская «Сталіца» не прайшла ў «Фінал чатырох» розыгрышу Кубка УЕФА па міні-футболе.

У венгерскім Д'еры чэмпіёны Беларусі ў стартавым матчы групы С абыгралі венгерскі клуб «Раба ЭТА» — 3:2, у другі гульнявы дзень саступілі італьянскаму «Лупарэнсэ» 4:8, а ў заключным матчы прайгралі ўкраінскаму клубу «Прадэксім» з Херсона — 3:7. Пуцёўку ў вырашальны этап турніру (які пройдзе ў красавіку 2018 года) заваявалі венгры.


5. Гандбалісты мінскага СКА выйшлі ў групавы этап другога па рангу кантынентальнага турніру — Кубка ЕГФ.

Па суме двух матчаў армейцы адолелі іспанскі «Лагранья». У першай гульні на пляцоўцы мінскага Палаца спорту «Уручча» армейцы выйгралі з перавагай у 8 мячоў — 36:28, а ў гасцявой сустрэчы саступілі «мінус 5» — 30:35 — і прайшлі далей. Жараб'ёўка групавога этапу Кубка ЕГФ адбудзецца 2 снежня.

Гандбалісты «Гомеля» завяршылі выступленне ў Кубку выкліку, двойчы прайграўшы ісландскаму клубу «Вестаманаэяр». Дома гамяльчане саступілі з лікам 27:31, у гасцях — 27:32.

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова пацярпеў чацвёртае паражэнне запар у групе В Лігі чэмпіёнаў, разгромна прайграўшы на выездзе нямецкаму «Кілю» з лікам 23:32.


6. Мінск прыме камандны чэмпіянат свету па спартыўнай хадзе ў 2020 годзе.

Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Савета Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый у Манака.

Сусветны форум сярод найлепшых хадакоў праводзіцца раз на два гады: у 2016-м яго прымаў Рым, у 2018-м спаборніцтвы адбудуцца ў кітайскім Тайчане.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: БАТЭ — чатырнаццаціразовы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».