Вы тут

Выканаць любы капрыС


Добрыя традыцыі варта не парушаць, а ўзбагачаць. Менавіта такім «узмацненнем» заняты Дзяржаўны акадэмічны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, які працягвае развіваць найстарэйшую ў акадэмічным мастацтве традыцыю вячэрніх абанементаў.


Яўген Бушкоў.

Гісторыя абанементаў пачалася ў 90-я гады XVII стагоддзя, калі спачатку ў Італіі, затым у Францыі, Германіі і Аўстрыі шляхта пачала арандаваць ложы. Пазней, у XVIII стагоддзі, з’явіліся абанементы на асобныя месцы ў партэры. Традыцыю і зараз працягваюць у Белдзяржфілармоніі: «Тры вечары з камерным аркестрам» даюць магчымасць адчуць сінтэз розных музычных кірункаў. Тут перакрыжоўваюцца класіка і сучаснасць, рамантызм і мінімалізм, а звяжа гэта ў адзіную гарманічную музычную плынь скрыпка.

У бягучым сезоне абанемент «Тры вечары з камерным аркестрам» пачнецца з выканання шэдэўра класічнага жанру — 24 Капрысаў Н. Паганіні. Упершыню ў Беларусі прагучыць аркестравая версія гэтага твора, а ў якасці саліста выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў, заслужаны артыст Расіі, скрыпач Граф Муржа. Сёння Граф Муржа — адзін з самых яркіх, таленавітых і запатрабаваных еўрапейскіх скрыпачоў. Ён іграе на інструменце Брэшыянскай школы работы італьянскага майстра Барталаміа Абічы. Гэта скрыпка была зроблена ў 1683 годзе ў Вероне.

— Мы пазнаёміліся з Графам Муржам, калі мне было каля 11 гадоў: вучыліся ў адной цэнтральнай музычнай школе, — узгадвае мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Яўген Бушкоў, які запрасіў музыканта ў Мінск. — Ужо потым, калі мы сталі дарослымі і занялі свае месцы ў жыцці, сустрэліся з ім і на адной сцэне. Я акампаніраваў Графу Муржу, калі ён даваў канцэрт для скрыпкі з аркестрам. І ён прызнаўся, што падчас навучання я быў для яго ўзорам для пераймання. Для мяне гэта неверагодна прыемна! Муржа быў адным з самых яркіх музыкантаў з малодшых вучняў.

Выдатны скрыпач Іегудзі Менухін гаварыў пра Графа Муржу, што той нарадзіўся са крыпкай у руках, што ўсё прыйшло да яго натуральна: прыгожы гук, экспрэсія, якая выяўляецца праз выдатную тэхніку. Нядзіўна, бо ў ім цячэ цыганская кроў. Падчас канцэрта, які адбудзецца 30 лістапада ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Капрысы Н. Паганіні прагучаць у апрацоўцы Г. Кіпрэвічуса, якую кампазітар зрабіў адмыслова для Графа Муржы:

— Некалькі месяцаў таму я выпадкова аказаўся на яго выступленні з 24 Капрысамі з «Віртуозамі Масквы» ў аркестры Уладзіміра Співакова. І калі я пачуў, што ён выконвае гэты да дробязей вядомы твор у невядомай мне да гэтага часу аркестроўцы, то нават патэлефанаваў у «Віртуозы Масквы» і сказаў, што вельмі хачу наведаць рэпетыцыю. Я быў здзіўлены, наколькі акампанемент, зроблены з вялікім густам і фантазіяй, можа прынцыпова змяніць наша ўяўленне аб гэтай музыцы. Інструменталісты, якія граюць на аднагалосых інструментах — скрыпцы, віяланчэлі, альце, габоі, флейце, — вядуць сваю партыю. Для іх бывае вялізным сюрпрызам рэпетыцыя з аркестрам. Выпадак з 24 Капрысамі Паганіні — той самы, калі многія ўяўляюць, што гэта мінорная і складаная для выканання музыка, а аказваецца, што яна можа быць чароўнай, калі гучыць з аркестрам. Такія адкрыцці жывуць практычна ў кожным капрысе. Дзякуючы аркестроўцы кожны капрыс гучыць як новая серыя захапляльнага фільма. Граф Муржа з лёгкасцю ператварае гэты досвед не ў паказальнік тэхнічных магчымасцей, а ў каласальны музычны эксперымент.

Мастацкі кіраўнік камернага аркестра Рэспублікі Беларусь Яўген Бушкоў шмат гастралюе і супрацоўнічае з рознымі аркестрамі і музыкантамі. Таму беларуская публіка мае магчымасць пазнаёміцца з той музыкай і тымі музыкантамі, якія ўражваюць самога Яўгена Робертавіча.

Падчас астатніх двух канцэртаў абанемента «Тры вечары за камерным аркестрам» таксама чакаюцца прыемныя знаёмствы і адкрыцці. У другім канцэрце цэнтральнай падзеяй стане прэм’ернае выкананне «Крэйцаравай санаты» Бетховена са струнным аркестрам. У якасці саліста і дырыжора выступіць выдатны бельгійскі скрыпач Марк Бушкоў. Разам з піяністкай Кацяй Сканаві з Расіі яны выканаюць двайны Канцэрт Ф. Мендэльсона, які гучыць вельмі рэдка. Падчас трэцяга канцэрта публіка пачуе музыку англа-амерыканскана мінімалізму. Разам з вядомым «Жаваранкам, што ўзлятае» Воана-Вільямса прагучаць беларускія прэм’еры твораў Адамса, Фініса і Гласа. Малады англійскі дырыжор Роберт Эймс дэбютуе з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь.

Юлія КАРДАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.