23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Як атрымаць павышаную пенсію?


У Мінпрацы і сацабароны растлумачылі, як яе можна павялічыць.

Напэўна, усе, хто зацікаўлены ў тэме, ведаюць, як пенсія разлічваецца: яна залежыць ад заробку і стажу працы. Мы, вядома, прывялі спрошчаную схему, таму што тут, як і ўсюды, ёсць свае нюансы. Але ў цэлым схема такая. Таму, калі чалавек хоча мець у будучыні прыстойную пенсію, ён можа меркаваць: трэба ўладкавацца на працу, якая добра аплачваецца, і атрымліваць зарплату легальна, а не ў канверце. Гэта значыць, што работадаўца будзе выплачваць за вас страхавыя ўзносы, памер якіх і ўплывае на памер пенсіі.

Але што рабіць, калі ў вас пенсія ўжо, як кажуць, на носе? І тут прадугледжана рашэнне, якое падыдзе перш за ўсё людзям з неблагім здароўем. Ну а самым безабаронным, тым, хто неканкурэнтаздольны на рынку працы, дзяржава ўстанавіла надбаўкі да іх маленькіх пенсій, каб падтрымаць іх. Таксама надбаўкі да пенсіі ўстаноўлены людзям, якія маюць асаблівыя заслугі перад дзяржавай. А цяпер пра ўсё гэта падрабязней...


Як можна павялічыць сваю пенсію па ўзросце?

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, што можна зрабіць, калі ваш узрост набліжаецца да пенсійнага і зарабіць сабе большую пенсію вы ўжо не можаце з-за чыста фізічнага недахопу часу на гэта. Павелічэнне памеру прызначанай па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту пенсіі магчыма, калі вы працягнеце працаваць пасля яе прызначэння і на гэты час адмовіцеся ад атрымання пенсіі.

Пры гэтым памер пенсіі па ўзросце павялічваецца на: 6, 8, 10 і 12 працэнтаў заробку, з якога вылічваецца пенсія, — адпаведна за кожны поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады працы, на 14 працэнтаў такога заробку — за поўны пяты і кожны наступны год працы.

1 працэнт заробку, з якога вылічваецца пенсія, — за кожныя поўныя два месяцы няпоўнага года працы. Варта таксама ўлічваць, што названыя памеры павелічэння пенсіі падсумоўваюцца паміж сабой.

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, што пад працай без атрымання дзяржаўнай пенсіі, якая дае права на павелічэнне пенсіі, разумеюцца перыяды працы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Хто мае права на павышэнне пенсіі?

Як сцвярджаюць спецыялісты Мінпрацы і сацабароны, права на павышэнне пенсій (незалежна ад іх віду) нададзена наступным катэгорыям грамадзян:

  • Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы, асобам, узнагароджаным ордэнамі Айчыны трох ступеняў, ордэнамі Славы трох ступеняў, ордэнамі Працоўнай Славы трох ступеняў, — на 500% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • інвалідам вайны І і ІІ групы — на 400%, ІІІ групы — на 250% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • ваеннаслужачым, асобам начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, якія праходзілі службу ў складзе дзеючай арміі альбо прымалі ўдзел у баявых дзеяннях пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, і партызанам — на 250% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • асобам з ліку вольнанаёмнага складу, якія праходзілі службу або працавалі ў складзе дзеючай арміі, — на 250% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • тым, хто прымаў удзел у складзе спецфарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах, — на 250% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • тым, хто працаваў у перыяд блакады Ленінграда на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада, а таксама асобам, узнагароджаным знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда», — на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • былым вязням фашысцкіх канцлагераў (гета) — на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • інвалідам з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны (або з наступствамі ваенных дзеянняў), — на 50% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • асобам, узнагароджаным ордэнамі і медалямі за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — на 50% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • бацькам і жонкам (якія не ўзялі новы шлюб) ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў, смерць якіх звязана з выкананнем службовых абавязкаў, — на 180% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • дзецям — інвалідам з дзяцінства вайскоўцаў, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў, смерць якіх звязана з выкананнем службовых абавязкаў, а таксама бацькам, жонкам (якія не ўзялі новы шлюб) і дзецям — інвалідам з дзяцінства памерлых інвалідаў вайны — на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • неабгрунтавана рэпрэсаваным у перыяд рэпрэсій 1920—1980-х гадоў, у тым ліку дзецям, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, і пасля рэабілітаваным — на 50% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • донарам, узнагароджаным нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», знакам пашаны «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», знакамі «Ганаровы донар СССР», «Ганаровы донар Таварыства Чырвонага Крыжа БССР», па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту — на 40% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Інвалідам з дзяцінства, інваліднасць якім устаноўлена пажыццёва, пенсія па ўзросце павялічваецца на 50% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Надбаўкі на догляд да пенсій па ўзросце

На такія надбаўкі маюць права:

  • інваліды І групы — у памеры 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;
  • пенсіянеры, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, а таксама іншыя адзінокія пенсіянеры, якія па заключэнні МРЭК або УКК маюць патрэбу ў пастаяннай дапамозе старонніх асоб, — на 50% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Акрамя таго, да пенсій непрацуючых пенсіянераў, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, устаноўлена даплата ў памеры 75% ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, калі ж пенсіянеру споўнілася 80 гадоў — памер яго даплаты павялічваецца з 75% да 100% ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Мінімальны памер пенсіі па ўзросце ўстанаўліваецца ў памеры 25% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны за два апошнія кварталы.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.