Вы тут

Гісторыя сапраўднага сышчыка


Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр АЛЯКСАНДРАЎ больш за дваццаць гадоў праслужыў ва ўпраўленні крымінальнага вышуку тады яшчэ УУС Мінгарвыканкама. Усё як ва ўсіх: найскладанейшыя справы, ненармаваны працоўны графік і пастаяннае інтэлектуальнае напружанне. Вось толькі спецыялізацыя нетыповая — злачынствы, якія датычацца сексуальнай сферы...


Самы малады лейтэнант у рэспубліцы

Але пра гэта пазней. Для пачатку вернемся ў 1969 год — юны Аляксандр Аляксандраў паступае ў школу міліцыі. Здавалася б, нічога незвычайнага, аднак у маладога чалавека не было ні медыцынскага заключэння аб прыдатнасці, ні адбытай службы ў войску, што тады было абавязкова, акрамя таго, ён быў студэнтам трэцяга курса ўніверсітэта — юрфака БДУ. Тым не менш аказаны давер юнак апраўдаў у поўнай меры — скончыў вучобу з адзнакай. І нават не думаў стрымліваць сваю стараннасць. Яшчэ падчас стажыроўкі адпрацоўваў цэлы дзень як сышчык, а ў начную змену заступаў як памочнік дзяжурнага.

Калі ва ўпраўленне прыехаў начальнік крымінальнага вышуку горада палкоўнік міліцыі Пётр Пяткоўскі, яму адразу ж далажылі аб старанным практыканце. І таму прапанавалі пасаду старшага інспектара па справах непаўналетніх у адным з раёнаў сталіцы.

— Я тады так расхваляваўся: толькі са школы міліцыі, а ўжо старшы інспектар. А быў я ў той час зусім далікатнага целаскладу, думаў, хто мне з дзецюкоў паверыць? Лепш з асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі, чым з непаўналетнімі. Дасведчанаму вязню ўсё роўна, хто менавіта перад ім сядзіць, ён ведае, што ад гэтага чалавека ў пэўнай ступені залежыць яго лёс. Таму часцей за ўсё думае, што і як сказаць і зрабіць, — успамінае Аляксандр Георгіевіч.

Тым часам старэйшыя калегі расхвальвалі маладога супрацоўніка больш за ранейшае, маўляў, у яго ж і вышэйшая адукацыя ёсць. Тады палкоўнік міліцыі Пётр Пяткоўскі запрасіў Аляксандра Аляксандрава да сябе ва ўпраўленне, дзе той адпрацаваў да сыходу ў адстаўку.

Спачатку справа — спалохаюся потым

Аддзел па раскрыцці злачынстваў супраць жыцця і здароўя, гонару і годнасці асобы — менавіта так называлася структура, у якую трапіў мэтанакіраваны юнак. Пачынаў з барацьбы з вензахваральнасцю — падрабязна вывучаў гэту і сумежныя тэмы, а паступова стаў займацца ўсімі злачынствамі, звязанымі з сексуальнай сферай: распусныя дзеянні, гвалт, забойствы на сексуальнай глебе. Так, па амаль выпадковым збегу абставін, атрымаў сваю прафесійную спецыялізацыю.

Адной з самых складаных спраў у сваёй кар'еры Аляксандр Аляксандраў лічыць раскрыццё серыі згвалтаванняў дзяўчатак ад 9 да 13 гадоў. Шукалі вінаватых паўгода, хоць сышчык з самага пачатку быў упэўнены, што дзейнічаў адзін чалавек — дзеці па-рознаму ўспрымаюць, а значыць, і апісваюць дарослых.

У перыяд затрымання злачынца Аляксандру Георгіевічу давялося не спаць трое сутак. Допыт ішоў усю ноч. Пасля таго як усё скончылася, у кабінет да знясіленага сышчыка прыйшлі бацькі з дзецьмі, якія казалі толькі адно слова «дзякуй» і моўчкі кланяліся. «Дзеля такіх момантаў і варта працаваць», — упэўнены падпалкоўнік.

Спраўляцца з пастаянным стрэсам дапамагала ўменне абстрагавацца і «позняе запальванне на страх». Аляксандр Георгіевіч успамінае два паказальныя выпадкі. Яшчэ падчас стажыроўкі яго адправілі разам з двума сяржантамі на выклік: п'яны мужчына з сякерай ганяецца за жонкай і дзіцем. На шчасце, да прыезду міліцыі яны паспелі схавацца ў суседзяў, а мужчына зачыніўся ў сваёй кватэры і заснуў. Дзверы ламаць не выпадала — усё ж яго складана было назваць узброеным. Тады юны супрацоўнік праз суседскі балкон, адлегласць да другога была, між іншым, паўтара метра, пералез у кватэру да дэбашыра, абясшкодзіў яго і адчыніў дзверы калегам. Праўда, пасля гэтага ішоў ужо на ватных нагах: паверх дзявяты, а Аляксандр Георгіевіч, па ўласным прызнанні, з дзяцінства баіцца вышыні.

— Другі выпадак адбыўся яшчэ раней. Школа міліцыі, практычны занятак па судовай медыцыне — паход у морг. Тэарэтычна ўсё ведалі, як гэта будзе адбывацца, але калі пачалося ўскрыццё, лёгкі шум — і за маёй спінай пуста. Засталіся толькі трое, астатнія выскачылі. А мы распытвалі, што, чаму і як. Трэба разумець, што гэта праца, — гаворыць адкрыта Аляксандр Георгіевіч.

І ўсё ж былі сітуацыі, якія маглі закрануць, здавалася б, непрабіўную браню сышчыка. Выпадкова кінуты погляд на труп шасцігадовага хлопчыка ці мужчына, які ляжыць у лужыне крыві, толькі-толькі выпусціўшы апошні ўздых.

— Памятаю свае думкі ў той момант: яшчэ пяць хвілін таму гэты чалавек жыў, кагосьці любіў, пра штосьці марыў, а цяпер — усё. Даводзілася такія думкі выцясняць са свядомасці, — расказвае падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

«Ніколі не крычаў, але затрыманыя плакалі»

Па словах Аляксандра Георгіевіча, у працы яму вельмі дапамагаў не толькі прафесійны і жыццёвы вопыт, але і вывучэнне псіхалогіі. У хатняй бібліятэцы знакамітага сышчыка больш за паўтары тысячы кніг, значная доля з іх па прафесіі.

— Уменне паставіць сябе на месца злачынца называецца інтэлектуальным аднаўленнем. Памятаю, у Ленінскім раёне быў выпадак згвалтавання. Прайшло больш за тыдзень — не раскрыты, запрасілі на дапамогу мяне. Я схадзіў на месца злачынства, пагутарыў з пацярпелай і даў указанне: паставіць на прыпынку двух чалавек, бо аб 11 гадзіне з'явіцца злачынец. Мае словы не ўспрынялі сур'езна: навошта яму вяртацца? Назаўтра я ўсё-ткі настаяў на сваім і яго сапраўды там затрымалі. На допыце ён катэгарычна адмовіўся расказваць пра злачынства — сорамна, бо сам намеснік сакратара камсамольскай арганізацыі курса і камісар студэнцкага атрада. Тады пачаў расказваць я — ва ўсіх падрабязнасцях, як у яго ўзнікла задума, як ён рыхтаваўся, як ён ажыццявіў гэта, чаму сышоў, навошта вярнуўся. Ён уважліва слухаў і толькі са здзіўленнем запытаў: «Вы што, там былі?» А я ўсяго толькі паставіў сябе на яго месца з улікам усіх абставін, — раскрывае прафесійныя сакрэты Аляксандр Аляксандраў.

Такі падыход даваў свае вынікі. Напрыклад, у 1980-х, калі па ўсёй краіне назіраўся рост згвалтаванняў, у Мінску іх было здзейснена усяго 16 за год і ўсе раскрытыя. І гэта — сіла слова, бо з пісталета Аляксандр Георгіевіч, па ўласным прызнанні, падчас працы не страляў ні разу: пагражаў, так, але не страляў нават у паветра. У яго здольнасці верылі настолькі, што часам чакалі, што аднаго погляду на месца злачынства будзе дастаткова, каб назваць вінаватага. Ледзь не так было, калі Аляксандра Георгіевіча запрасілі на дапамогу ў Мінскі раён. Меркавалі, што забойства адбылося на сексуальнай глебе. Аднак сышчык хутка зразумеў, што справа ў іншым, і даў падрабязную характарыстыку злачынца: хлопец, які з дзяцінства здзекаваўся з жывёл, нефармальны лідар, які хоча дамагчыся найвышэйшага аўтарытэту, прычым біў не ён адзін, прымушаў гэта рабіць яшчэ некалькіх людзей. Забойцу затрымалі праз тры дні — апісанні цалкам супалі з рэчаіснасцю.

— Ведаеце, падчас працы я ніколі не падвышаў голас. Пры гэтым затрыманыя часта плакалі. Я проста абмалёўваў ім карціну будучага жыцця і ўвесь жах таго, што яны нарабілі. І заўсёды кіраваўся адзіным прынцыпам — за мной дзяржава, за мной закон, — падсумаваў Аляксандр Георгіевіч.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Сакрэт у тым, каб адчуць сябе ў ролі злачынца»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.