Вы тут

Якой павінна быць дзяржпалітыка ў дачыненні да зваротаў грамадзян


Напісаць кіраўніку дзяржавы, звярнуцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта — такі варыянт вырашэння праблемы многія трымаюць «на запас», і ён лічыцца самым эфектыўным спосабам вырашыць пытанне. Некаторыя ж нават і не дзеляць свае звароты на істотныя і не вельмі — і адразу звяртаюцца па вышэйназваным адрасе.


Адзіная форма

Прэзідэнт нашай краіны ў сваю чаргу вельмі ўважліва ставіцца да работы з грамадзянамі. Яго патрабаванне да Адміністрацыі Прэзідэнта і ўвогуле да дзяржструктур — выбудаваць работу са зваротамі так, каб у людзей не складвалася ўражанне, што да кіраўніка краіны немагчыма данесці тую ці іншую праблему.

На думку Прэзідэнта, тут трэба выпрацаваць нармальную форму:

— Усё цягнецца з савецкіх часоў. Нехта напісаў у Адміністрацыю Прэзідэнта або на імя Прэзідэнта, нехта скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, а мы туды накіроўваем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. Непатрэбны паток інфармацыі.

Раней Аляксандр Лукашэнка выказваўся наконт канфліктаў улад і насельніцтва ў тым, што датычыцца беспадстаўнага ўшчыльнення жыллёвай забудовы і высякання дрэў у населеных пунктах. На думку кіраўніка краіны, улады заўсёды павінны ведаць, як адрэагуе насельніцтва на тое ці іншае іх рашэнне.

— А то хутка адзеравянеем, як у асобных нашых суседзяў: улада сама па сабе, а людзі — самі па сабе, — аргументаваў Прэзідэнт.

Сацыяльная скіраванасць

У Канстытуцыі Беларусь заяўлена як сацыяльная дзяржава, гэтага ж прытрымліваецца і дзяржаўная палітыка ў сваіх кірунках. Напрыклад, на мінулым тыдні ў Палацы Незалежнасці абмяркоўваліся вынікі 10 месяцаў бягучага года і планы — эканамічныя — на наступны год. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, сацыяльная скіраванасць бюджэту захаваецца. Сапраўды, для людзей важныя не столькі паказчыкі ВУП (прынамсі, рэдка хто з неспецыялістаў пра гэта задумваецца), колькі тое, як палітыка, якую рэалізуюць улады, садзейнічае вырашэнню надзённых праблем. Адпаведна, для ўсёй сістэмы дзяржаўнай улады проста неабходны канал зваротнай сувязі з людзьмі. Менавіта гэта мэта, відаць, павінна выяўляць і быць ключавой для кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, памочнікаў Прэзідэнта, кіраўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, губернатараў, старшынь райвыканкамаў падчас тых прыёмаў грамадзян, прамых тэлефонных ліній, якія яны рэгулярна праводзяць.

З іншага боку, важна, каб з дробнымі пытаннямі, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых і матэрыяльных выдаткаў, людзі не імкнуліся трапіць да высокіх чыноўнікаў. Такога кшталту праблемы, як добраўпарадкаванне вуліцы або аварыйны стан дрэва і іншае, — задача перш за ўсё мясцовых улад, тых жа сельскіх Саветаў дэпутатаў, выканкамаў.

Ад­ка­зы на зва­ро­ты гра­ма­дзян па­він­ны быць вы­чар­паль­ны­мі,  лі­чыць кі­раў­нік Апа­ра­ту Са­ве­та Мі­ніст­раў Бе­ла­ру­сі Аляк­сандр ТУР­ЧЫН.

Чалавечы падыход

Яшчэ адна важная рэч: з пытаннямі, з якімі чалавек можа разабрацца самастойна, не трэба ісці ў той жа сельвыканкам, тым больш на прыём да міністра. Напрыклад, добраўпарадкаванне ўласнага жылля — задача перш за ўсё ўласнікаў. Прынамсі, жыллё ў нас у большасці сваёй прыватнае. Але ў тым выпадку, калі размова ідзе аб капітальным рамонце або аварыйным стане дома — гэта значыць, праблемах, якія чалавеку складана вырашыць самастойна, —
неабходна рэакцыя ўлады. Прычым неадкладная.

Сапраўды, вельмі шмат — калі не большасць — зваротаў грамадзян традыцыйна датычацца сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Падчас рэспубліканскага семінара «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны», які праходзіў у мінулым месяцы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, Прэзідэнт заявіў:

— Не трэба забываць, што амаль трэць апытаных грамадзян дае рабоце сістэмы ЖКГ негатыўную ацэнку. Па значнасці для насельніцтва гэтыя пытанні займаюць другое месца пасля занятасці. І пакуль у адрас сістэмы чуецца крытыка, супакойвацца рана.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтай сувязі звярнуў увагу, што трэба выразна размежаваць для насельніцтва, што павінна ў сэнсе ЖКГ рабіць дзяржава, а што — самі людзі. Гэта звязана з тым, што ёсць скаргі, — маўляў, недзе не адрамантавалі, недзе не пафарбавалі. У той жа час многае службы ЖКГ рабіць і не павінны. Пры гэтым, дадаў Прэзідэнт, трэба мець на ўвазе, што не кожны чалавек, нават калі ён прыватызаваў жыллё, можа сам справіцца ўнутры яго з работамі. Старыя, хворыя, інваліды — гэта тыя, каму дзяржава павінна дапамагчы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА і Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Спакойна і ўзважана

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».