Вы тут

Як зварот спрыяе ініцыятыве, і чаму грамадзяне ходзяць па інстанцыях


У Гродзенскай вобласці робяць стаўку на якасць работы са зваротамі. Гэта значыць — вырашыць пытанне па максімуме і адказаць па сутнасці, каб перапіска не цягнулася гадамі, а заяўнік не шукаў «праўды» ў вышэйшых інстанцыях. Дынаміка ёсць, кажуць спецыялісты, але відаць і «слабыя» месцы ў гэтай адказнай рабоце.


Пры­ём гра­ма­дзян у Во­ра­наў­скім ра­ё­не вя­дзе па­моч­нік Прэ­зі­дэн­та —  ін­спек­тар па Гро­дзен­скай воб­лас­ці Сяр­гей Раў­ней­ка.

Пазбавіцца ад фармалізму

Існуе практыка, калі чалавек адразу ідзе «наверх», не заходзячы, што называецца, да мясцовага кіраўніцтва. У вобласці ёсць нават выпадкі, калі ў сельвыканкаме з пачатку года зарэгістраваны... толькі адзін зварот. Можа, праблем там няма? Хутчэй за ўсё, справа ў фармальным падыходзе. Чым інакш можа растлумачыць той факт, што гэты адзіны зварот мала таго, што быў перанакіраваны ў іншае ведамства, дык мясцовая ўлада нават не пацікавілася яго канчатковым рашэннем. Хоць чалавеку павінны адказаць на тыя пытанні, якія ён ставіць. Альбо прыняць меры, альбо праінфармаваць, як будзе вырашацца дадзеная праблема.

Ці такі прыклад. Напісала бабуля пісьмо да мясцовага кіраўніцтва, расказала аб сваім нялёгкім жыцці на трох літсках паперы і ў канцы вельмі сціпла сваю праблему выказала. Як адказвае ёй прадстаўнік улады? «Паважаная Марыя Іванаўна, па сутнасці вашага пытання... згодна з існуючай пастановай... не ўяўляецца магчымым...» і гэтак далей. А калі б гэтай Марыі Іванаўне сам кіраўнік раёна патэлефанаваў ды падзякаваў за добрасумленную працу і актыўную жыццёвую пазіцыю, растлумачыў, што робіцца ў раёне станоўчага, і шчыра сказаў, чаму зараз нельга вырашыць яе праблему, то, можа, бабуля і не была б пакрыўджана такой адпіскай, і не шукала б дапамогі ў іншых кабінетах.

Добра зарэкамендавала сябе практыка прамых тэлефонных ліній, адзначылі ў абласным аддзеле па зваротах грамадзян. Колькасць званкоў паменшылася ў дзясяткі разоў. Калі на пачатку ўкаранення новаўвядзення іх рэгістравалася да 2,5 тысячы за прыём, то зараз паступае 30—40 званкоў. Гэта значыць, што кожны, хто тэлефануе, гарантавана атрымае адказ. Разам з памяншэннем колькасці званкоў у аблвыканкам расце іх колькасць у раённыя выканаўчыя органы. Многія пытанні носяць кансультацыйны характар.

Не ўсе звароты слушныя

У жыццёвым асяроддзі бытуе думка, што тыя, каму сапраўды патрэбна дапамога, не абіваюць парогі высокіх кабінетаў. Але гэта не значыць, што такія людзі застаюцца без увагі. У рабоце са зваротамі дзейнічае так званы выяўны прынцып. Мясцовыя ўлады не чакаюць, пакуль чалавек звернецца да іх па дапамогу, а самі ідуць да яго. У гэту катэгорыю трапілі і састарэлыя, і адзінокія, якіх не даглядаюць дарослыя дзеці. Сацыяльныя службы часам шукаюць гэтых «дзетак», каб накіраваць іх да бацькоў, хоць тыя і не просяць. І на вёсках зараз такіх састарэлых нямала.

Некаторыя заяўнікі імкнуцца з дапамогай улады вырашыць асабістыя пытанні, часцей за ўсё «яблыкам разладу» становяцца зямля і жыллё. Асабліва калі ёсць долевая ўласнасць. Спрэчкі па іх вядуцца гадамі. Ну як, напрыклад, памірыць маці і дачку, якія не могуць ужыцца на агульнай кухні? Згодна з рашэннем суда, кватэра паміж імі падзелена, акрамя месцаў агульнага карыстання. Але жанчыны ўпарта канфліктуюць і спрабуюць уцягнуць у гэту спрэчку яшчэ і прадстаўнікоў улады.

А то жывуць сабе суседзі, адзін да другога ў госці ходзяць, сябруюць. І раптам нібыта чорны кот прабег — пачынаюць сварыцца. А ўсё з-за таго, што адзін сусед плот паставіў і захапіў некалькі сантыметраў чужога ўчастка. І паляцелі ў выканкам скаргі... Здаецца, дробязь, але гэтыя разборкі патрабуюць не толькі часу, але і намаганняў, якія можна было б скарыстаць для іншай справы.

Так званых прафесійных скаржнікаў стала менш, удакладнілі ў аблвыканкаме. Магчыма, гэтаму садзейнічае прававая база і адпаведны артыкул, згодна з якім адрасат можа спагнаць расходы за неабгрунтаваныя звароты (звароты, па якіх заяўнік ужо атрымаў адказ). Праўда, пакуль артыкул у рэгіёне прымяняўся ў прафілактычных мэтах — да спагнання выдаткаў справа не дайшла.

Ад зваротаў да сумесных спраў

У самім абласным цэнтры назіраецца рост зваротаў. Гэта абумоўлена і пошукам працоўных месцаў, і заварваннем смеццеправодаў. Хвалюе гараджан стан жылога фонду, дарог, работа транспарту.

— На гэтыя сігналы ўлады, вядома, рэагуюць, хоць і не ўсе пажаданні выконваюцца, — тлумачыць кіраўнік спраў Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін, — што датычыцца рамонту, ён вядзецца згодна з графікам, праблемныя жылыя дамы па просьбах гараджан уносім у спісы.

Улады Гродна ў першую чаргу ідуць насустрач тым зваротам, якія маюць сацыяльную накіраванасць, і дапамагаюць не толькі камусьці аднаму, але і іншым. Напрыклад, па просьбе жыхара дома па вуліцы Фурсенкі тут літаральна нядаўна ўладкавалі каля пад'езда электрапад'ёмнік і пандус. Пасля звароту жыхаркі з вуліцы Таўлая замянілі лаўкі і ўстанавілі яшчэ адну паміж паліклінікай і прыпынкам транспарту. Зараз разглядаецца пытанне па замене рэгулятара ацяпляльнай сістэмы ў доме па вуліцы Брыкеля. Жыхарка паскардзілася на тое, што ноччу агрэгат вельмі шуміць. Камісія гэты факт пацвердзіла, і на пачатку будучага года яго абяцаюць замяніць.

Днямі паступіў зварот ад уласнікаў музея-аптэкі з просьбай знізіць каэфіцыент арэнднай платы. Мяркуецца, што гэта пытанне будзе разгледжана станоўча. Музей-аптэка знаходзіцца ў гістарычным будынку, тут размешчаны ўнікальныя экспанаты часоў Тызенгаўза і Жылібера, якія ў ХVІІІ стагоддзі стварылі ў Гродне першую на тэрыторыі Беларусі Медыцынскую акадэмію.

Звароты сталі падставай для сумесных акцый. Адна з іх датычыцца зносу стыхійных дач каля былога ваеннага гарадка. Жыхары звярнуліся да ўладаў з прапановай добраўпарадкаваць тэрыторыю і падключыліся да работы. Дзякуючы агульным намаганням тут раскінуўся вялікі парк, у якім праходзяць сумесныя з жыхарамі суботнікі па пасадцы дрэў. Людзі не толькі прад'яўляюць патрабаванні да ўладаў, але і самі наводзяць парадак каля сваіх дамоў, зазначылі ў гарвыканкаме.

Апошнім часам адміністрацыя горада вядзе выязныя прыёмы ў ЖЭСах і навучальных установах. Гэта дазваляе ацаніць сітуацыю, даведацца аб матэрыяльным стане школ. Так, пасля прыёму ў СШ №5 палепшылі асвятленне і замянілі вокны. Такое ж пытанне вырашаецца па школе №32.

У кожнага — свая праблема...

На прыём — з ідэяй

Сваю прапанову Ірына Аркадзеўна «прабівае» не адзін месяц. Хадзіла па розных інстанцыях і нарэшце звярнулася да кіраўніцтва аблвыканкама. Яна просіць падтрымкі ў арганізацыі вечароў адпачынку «Для тых, каму за...» Разам з мужам набылі апаратуру, аформілі ІП. Але праблема знайсці залу. Раней такія вечары праводзіліся на базе гандлёвага каледжа, куды збіралася да 300 чалавек ва ўзросце ад 40 гадоў, расказала Ірына. Яна і сама пазнаёмілася тут са сваім мужам. Вечары былі папулярным месцам адпачынку, але пасля няшчаснага выпадку ва ўстановах адукацыі іх забаранілі. Сужэнцы не губляюць надзеі ўзнавіць такія сустрэчы, бо яны запатрабаваны ў людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Тут можна арганізаваць і клубы па інтарэсах, ёсць нямала музычных калектываў з ліку пенсіянераў.

— Лічу, што гэту ідэю неабходна падтрымаць, — упэўнены намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч. — У любым узросце павінны быць магчымасці для культурнага адпачынку, знаёмстваў. Відавочна, што такіх месцаў у нас недастаткова. Мы гэту тэму будзем працягваць, вядзецца апытанне грамадзян пажылога ўзросту аб іх пажаданнях у плане вольнага часу.

Трэба сказаць, што ў Гродне вечары «Для тых, каму за...» праводзяцца ў двух забаўляльных комплексах. У цёплы сезон людзі збіраюцца ў лесапарку Пышкі, дзе за кошт гарадскога бюджэту зроблены пляцоўка, навес, лаўкі. Такія вечары папулярныя ў пенсіянераў, сюды прыходзяць нават тыя, каму за 80. Што датычыцца ідэі гродзенцаў, Віктар Лісковіч даручыў пасадзейнічаць дадзенаму праекту, высветліць, на якіх умовах можна вярнуць вечары ў былое месца альбо падабраць недарагую арэнду ў іншым памяшканні.

— Зараз на прыёмы ў аблвыканкам прыходзіць не так шмат людзей, — падкрэсліў Віктар Лісковіч. — Улады кожны тыдзень на сувязі з грамадзянамі, таму асноўныя пытанні здымаюцца падчас пастаяннай работы са зваротамі.

Вуліцы — пад асобны кантроль

Мясцовыя ўлады заклапочаны станам дарог у населеных пунктах. У Воранаўскім раёне жыхары часцей за ўсё звяртаюцца са скаргамі менавіта па гэтай праблеме. Вось і на чарговым прыёме прадстаўніка Прэзідэнта паўстала пытанне добраўпарадкавання вуліцы ў аграгарадку Беняконі. Было дадзена даручэнне да восені гэту праблему вырашыць. Як паведаміла намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Гражына Крахмальчык, былы грунтовы праезд ужо адрамантавалі, зрабілі гравійнае пакрыццё. Праўда, для гэтага прыйшлося задзейнічаць многія арганізацыі, бо бюджэтных сродкаў не хапіла.

— Гэта новая забудова, тут выдзяляліся ўчасткі, а камунікацыі не паспелі за іх асваеннем, таму і кавалак дарогі ў 180 метраў на вуліцы Школьнай застаўся без рамонту, — растлумачыла прадстаўніца адміністрацыі раёна.

Як аказалася, гэта праблема не толькі аднаго аграгарадка, але і многіх населеных пунктаў. Жыхары звяртаюцца і па іх асвятленні, і па добраўпарадкаванні. Але мясцовы бюджэт вельмі бедны.

— Такіх вясковых вуліц, якія патрабуюць рамонту, вельмі многа паўсюдна, — зазначыла Гражына Міхайлаўна, — а паколькі на ўзроўні кіраўніцтва краіны зноў засяродзілі ўвагу на навядзенні парадку на зямлі, было б добра гэту работу пачаць з вясковых дарог. Можа, і ўказам замацаваць.

У райвыканкаме нагадалі, якая значная работа разгорнута ў краіне па замене цеплатрасы, рэканструкцыі дарожных магістраляў. Прыспела пара заняцца і вуліцамі населеных пунктаў. Патрэбна заканадаўчая база, бо адным мясцовым бюджэтам такую справу не адужаць, кажуць чыноўнікі. Дарогу ж трэба пастаянна трымаць «у тонусе», грэйдзіраваць, каб па вёсцы можна было не толькі ў гумовых ботах хадзіць. Аб гэтым гаварылі людзі і падчас выязнога прыёму.

Дарэчы, па статыстыцы, выязныя прыёмы запатрабаваныя. Напрыклад, да кіраўніка вобласці больш народу прыходзіць на прыёмах у раёнах, чым у абласных цэнтрах. Аналіз зваротаў якраз і дае магчымасць даведацца аб самых надзённых патрэбах жыхароў, асабліва вяскоўцаў.

Дакладна: За 9 месяцаў гэтага года ў аблвыканкам на прамую лінію па суботах паступіла 4659 званкоў. Гэта на 731 тэлефонны зварот менш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Часцей за ўсё пытанні датычацца работы камунальнай гаспадаркі (2137), працаўладкавання і заработнай платы (367), а таксама будаўніцтва і жылля (347).

Агульная колькасць зваротаў за 9 месяцаў складае 12 457. Гэта лічба ў параўнанні з мінулагоднім перыядам паменшылася амаль на адну тысячу. Палова зваротаў паступіла ў гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты, амаль трэцяя частка — у сельвыканкамы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Разабрацца па факце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.