Вы тут

9 навагодніх кірмашоў Мінска


Да самага чароўнага свята года застаецца крыху больш за месяц. Час падумаць аб падарунках. Каб не губляць марна сілы ў чэргах, а заадно зарадзіцца тым самым непаўторным духам Раства і Новага года, прапануем вам святочныя кірмашы, якія будуць праходзіць у сталіцы ў снежні.


Sweet Home Market

Фота: vk.com

Дзе: ГЦ «Метраполь» (вул. Няміга, 5)

Калі: 2-3 снежня

Уваход: вольны

Тэма пераднавагодняга маркету — «Christmas is around the corner». У гэты раз, акрамя прадметаў інтэр'еру і мэблі, у ГЦ «Метраполь» вас будзе чакаць святочная атрыбутыка і ёлачныя ўпрыгажэнні ручной працы. А таксама тавары для дзяцей: лялькі і цацкі.

Акрамя гэтага, вы зможаце пакаштаваць духмяную хатнюю выпечку і смачныя дэсерты, атрымаць асалоду ад гарачых напояў і сфатаграфавацца ў навагодняй фотазоне. Святочны настрой гарантаваны!


Кірмаш вырабаў ручной працы «Зялёны гарошак»

Дзе: ГЦ «Скала» (вул. П. Глебкі, 5)

Калі: 2-3, 10, 16-17, 24-31 снежня

Уваход: вольны

Кірмаш працуе амаль кожны выходны снежня. Не паспелі зазірнуць у адзін дзень — цікавосткі будуць чакаць вас праз тыдзень.

Тут вы знойдзеце арыгінальныя ўпрыгожванні, незвычайныя свечкі і мыла ручной працы, вырабы са скуры і лёну, нататнікі, сумкі і шмат іншых непаўторных рэчаў.


Выстава аўтарскіх вырабаў «Млын»

Фота: БЕЛТА

Дзе: «БелЭкспа» (пр-т Пераможцаў, 14)

Калі: 8-10 снежня

Уваход: 3 р.

Больш за 500 таленавітых майстроў, мастакоў і дызайнераў з усёй Беларусі з'едуцца ў Мінск, каб паказаць, над чым месяцамі працавалі ў сваіх майстэрнях. Усяго на тры дні выставачны павільён ператворыцца ў казачны горад, дзе можна будзе набыць аўтарскія ўпрыгажэнні і вопратку, лялькі і цацкі, прадметы інтэр'еру, а таксама сувеніры і падарункі да Калядаў і Новага года.


Мінскі калядны фестываль

Фота: БЕЛТА

Дзе: плошча ля Палаца спорту (пр-т Пераможцаў, 4)

Калі: з 15 снежня па 10 студзеня

Уваход: вольны

Мінскі калядны фестываль стане цэнтральным месцам на карце навагодніх святкаванняў горада. Для мінчан і гасцей сталіцы арганізатары падрыхтавалі вялікі калядны кірмаш з ёлкай, паркам атракцыёнаў, а таксама забаўляльнай праграмай для дзяцей і дарослых.

Тут вы зможаце купіць сувеніры і падарункі, навагоднія ўпрыгажэнні і ёлкі, мастацкія вырабы і тавары народнай творчасці. А яшчэ — паспрабаваць усходнія прысмакі, дранікі і бліны з рознымі начынкамі, венгерскія калачы.

Самыя маленькія госці фестывалю змогуць адправіць ліст Дзеду Марозу.


Навагодні Central Fashion Market

Дзе: Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Калі: 16-17 снежня

Уваход: 2 р.

Калі не ведаеце, у чым сустракаць Новы год, або душа проста просіць абноўку, вам абавязкова трэба зазірнуць на навагодні Central Fashion Market. Дызайнерскія сукенкі і ўпрыгажэнні, аксэсуары і касметыка ручной працы стануць выдатным падарункам сабе і каму-небудзь з блізкіх. Акрамя гэтага, арганізатары абяцаюць навагоднія прысмакі, падарункі і сувеніры.


Навагодні кірмаш

Фота: kzngo.ru

Дзе: Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Калі: 21-30 снежня

Уваход: вольны

Навагодні кірмаш — гэта тры паверхі гандлёвых шэрагаў. Тут вы не толькі знойдзіце падарункі сваім блізкім, але і проста адпачнеце, зарадзіцеся святочным настроем. Так, можна будзе сфатаграфавацца ў адмысловай фотазоне, напісаць пісьмо Дзеду Марозу, паспрабаваць стравы розных народаў свету. І ўсё гэта — пад навагоднія і калядныя песні.


Навагодні кірмаш «Грані таленту»

Фота: blog.radisson.ru

Дзе: ГЗЦ Expobel (скрыжаванне вул. Мірашнічэнка і МКАД)

Калі: 23-24 снежня

Уваход: вольны

Арганізатары кірмашу абяцаюць атмасферу навагодняга чарадзейства і каляднага цуду.

Наведвальнікаў чакае вялікі выбар самых розных падарункаў: модныя ўпрыгажэнні і дызайнерскія аксэсуары, мыла ручной працы, арыгінальныя сувеніры, стыльныя інтэр'ерныя рэчы, аўтарскія лялькі і многае іншае.


Кірмаш «Кава-Какава»

Дзе: гасцініца «Прэзідэнт-Гатэль» (вул. Кірава, 18)

Калі: 24-25 снежня

Уваход: вольны

Калядны кірмаш збярэ на адной пляцоўцы мастакоў і рамеснікаў, майстроў па дрэве і метале, дызайнераў усіх кірункаў. Многія з іх вядомыя далёка за межамі Беларусі.

Для наведвальнікаў кірмашу — гэта, перш за ўсё, магчымасць у адным месцы набыць падарункі да Новага года для блізкіх і сяброў. А яшчэ — правесці добра час. Тут вас будуць чакаць майстар-класы, шоу-праграма, розыгрыш каштоўных прызоў і падарункаў, а таксама спецыяльная фотазона, аніматары і роставыя лялькі!


Навагодні маркет

Фота: vk.com

Дзе: ГЗЦ Galleria Minsk (пр-т Пераможцаў, 9)

Калі: 20-31 снежня

Уваход: вольны

На 1000 м² будзе сабрана ўсё для Новага года: ёлкі і ўпрыгожванні, піратэхніка, прадметы інтэр'еру і посуд, касцюмы і маскі, сувеніры і падарункі, якія вы зможаце тут жа прыгожа ўпакаваць.

Падчас кірмашу ў гандлёвым цэнтры пройдзе і эка-маркет «Пастэрнак» — выстава-кірмаш вегетарыянскіх і эка-тавараў, натуральнай касметыкі і арганічнай прадукцыі.

Для дзяцей будзе арганізавана спецыяльная забаўляльная зона з выхавацелямі і роставымі лялькамі.  

Ганна БАГІНО

bahino@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?