Вы тут

Ці з'яўляецца дакумент панацэяй ад спрэчак?


Адвакат Пётр Вянглінскі: «Беларусы яшчэ не гатовыя да заключэння шлюбных дагавораў».

Калі жаніх з нявестай ідуць у ЗАГС, іх перапаўняе каханне. Але ніхто з маладых не думае аб тым, што праз гады некаторыя з іх могуць сустрэцца ў іншай дзяржаўнай установе — судзе. Як засцерагчы сябе ад магчымых спрэчак з-за раздзелу маёмасці? Аб гэтым можна падумаць загадзя і заключыць шлюбны дагавор. Пра тое, ці распаўсюджаны такія дагаворы ў Беларусі, якія «падводныя камяні» могуць узнікнуць пры іх падрыхтоўцы, як падзяліць лыжкі і відэльцы, нам расказаў адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Пётр ВЯНГЛІНСКІ.


Вяселле, развод і прававы нігілізм

— У сродках масавай інфармацыі часта можна ўбачыць матэрыялы пра тое, як на Захадзе зоркі прапісваюць сямейныя абавязкі і маёмасць у шлюбным дагаворы. Ці часта беларусы звяртаюцца да юрыста з просьбай скласці такі дагавор?

— Рэдка. Думаю, што гэта звязана з нашым менталітэтам. Ёсць у людзей такая перакананасць, што калі юрыдычна замацаваць нейкія правы і абавязкі, то ўсё: чакай бяды. Памятаю, як аднойчы да мяне прыйшла маладая пара. У хуткім часе пасля вяселля яны вырашылі заключыць шлюбны дагавор. Сям'я была забяспечаная, вядома, ім было што дзяліць. Я іх пракансультаваў, падрыхтаваў праект дагавора. Але праз некалькі дзён прыйшлі іх бацькі і пачалі ўдзельнічаць у абмеркаванні праекта. Потым бацька таго маладога чалавека раптам сказаў: «Калі шлюбны дагавор будзе заключаны, то нашых дзяцей чакае развод». Я не ведаю, ці зарэгістравалі маладыя людзі тое пагадненне ў натарыуса.

Безумоўна, ёсць ахвотныя заключыць такое пагадненне, але нельга сказаць, што з кожным годам шлюбных дагавораў становіцца больш, гэта адзінкавыя выпадкі. Напэўна таму, што нашым грамадзянам пакуль што ўласцівы прававы нігілізм. На Захадзе ў людзей ёсць, напрыклад, асабісты ўрач, адвакат, з якім яны кансультуюцца па важных сямейных пытаннях. У нас жа такога няма. Толькі калі нешта здарыцца, тады ўжо былыя сужэнцы наракаюць: «І чаму мы не заключылі шлюбны дагавор?».

— Хто прыходзіць з просьбай падрыхтаваць шлюбнае пагадненне? Колькі гадоў такім сужэнцам? Якое іх сацыяльнае становішча?

— На кансультацыю прыходзяць пары рознага ўзросту, часцей за ўсё гэта людзі ад дваццаці да сарака гадоў. Не скажу, што заўсёды яны маюць некалькі кватэр, пару аўтамабіляў і зямельны ўчастак. Візіт да юрыста не залежыць ад багацця.

Калі мы купім дом...

— Ці звяртаюцца да вас сужэнцы, якія пражылі разам шмат гадоў, але ўсё ж такі пажадалі заключыць такое юрыдычнае пагадненне?

— Бываюць такія выпадкі. Да мяне звярталіся муж з жонкай, абаім было дзесьці па пяцьдзясят гадоў. Адносіны ў іх не складваліся. Муж — індывідуальны прадпрымальнік, жонка таксама працавала. Яму ўдавалася ўтойваць ад другой паловы свае заробкі, магчыма, нейкая маёмасць была аформлена на трэціх асоб. І жонка хацела замацаваць свае правы на тое, што яны нажылі. Гэты выпадак запомніўся тым, што сужэнцы вырашылі не толькі тое, каму дастанецца кватэра, лецішча, аўтамабіль у выпадку разводу, але і падзялілі рэчы, якія юрысты называюць «лыжкі-відэльцы»: бытавую тэхніку, мэблю, асабістую маёмасць.

— Што можна прапісаць у шлюбным дагаворы?

— У ім можна агаварыць, як пасля разводу будзе дзяліцца сумесна нажытая падчас шлюбу маёмасць: нерухомасць, аўтамабілі, зямельныя ўчасткі. Таксама ў дакуменце можна прадугледзець парадак сустрэч з дзецьмі, унесці правы і абавязкі сужэнцаў па ўзаемным утрыманні пасля скасавання шлюбу. Таксама можна прапісаць, у каго застануцца каштоўныя падарункі, якія муж падарыў жонцы. Наогул, няма такога правіла, якія пункты абавязкова павінны быць у шлюбным дагаворы. Іх вызначаюць муж і жонка.

— Ці можна ў такім дакуменце прапісаць, як у выпадку разводу будзе дзяліцца сумесны бізнес?

— Калі я рыхтаваў праекты шлюбных дагавораў, мае кліенты бізнес не дзялілі. Са слоў сваіх калег ведаю, што звычайна гэты пункт не прапісваецца ў дагаворы, бізнес пасля разводу дзеліцца ўжо ў судзе. Як правіла, калі хтосьці з сужэнцаў, напрыклад муж, індывідуальны прадпрымальнік, то ён не захоча дзяліцца актывамі ці даходамі ад сваёй справы з ужо чужым чалавекам. У дагаворы ён будзе імкнуцца захаваць свой бізнес за сабой. Пра дзяцей у такіх сітуацыях думаюць, а пра былога сужэнца звычайна не. Але, калі муж і жонка пажадаюць, гэты пункт можна прапісаць у дагаворы. Напрыклад, у такім юрыдычным пагадненні можна вызначыць працэнт прыбытку ад бізнесу, які пасля шлюбу будзе атрымліваць былы муж ці жонка.

— Якія пункты нельга ўносіць у гэта юрыдычнае пагадненне?

— У такім дакуменце нельга прапісваць тую маёмасць, якой яшчэ няма. «Калі мы купім дом, то ён будзе належаць...» — такіх умоў у шлюбным дагаворы быць не можа. Калі потым сужэнцы нешта набудуць (прычым законным шляхам), то шлюбны дагавор можна памяняць.

Нельга ў шлюбным дагаворы забараніць аднаму з бацькоў бачыцца з дзецьмі пасля разводу, толькі калі былы муж ці жонка пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

«Мерседэс», «лексус» і трэція асобы

— Ці ўзнікаюць спрэчкі паміж сужэнцамі падчас падрыхтоўкі шлюбнага дагавора?

— Так, бывае, што муж і жонка спрачаюцца з-за сваёй маёмасці, калі яна дарагая. Калі яны самі не могуць яе падзяліць, то я дапамагаю ім разабрацца, каму застанецца дом, каму — кватэра, каму — «мерседэс», каму — «лексус»... Каб было менш спрэчак, на кансультацыі па пытанні шлюбнага дагавора я прашу сужэнцаў, каб яны загадзя падрыхтавалі спіс, дзе будуць дзве калонкі: што пасля разводу дастанецца яму, а што — ёй. Але звычайна людзі дома рыхтуюцца да размовы з адвакатам, і абмеркаванне праекту гэтага юрыдычнага пагаднення абыходзіцца без сварак.

— Якія «падводныя камяні» могуць узнікнуць пры падрыхтоўцы дагавора?

— Самае галоўнае ў такой справе — уменне дамовіцца са сваёй другой паловай. Важна, каб маёмасць, якую збіраюцца дзяліць сужэнцы, была іх уласнасцю, а не належала трэцім асобам: сваякам, сябрам, знаёмым. Да мяне прыходзіла сямейная пара, у якой была свая вытворчасць. Сужэнцы захацелі гэты бізнес зарэгістраваць у шлюбным дагаворы. Муж з жонкай думалі, што ўсё ў памяшканні, якое было аформлена на кагосьці з іх, таксама належыць ім. Аказалася, што абсталяванне, якое там знаходзілася, было запісана на знаёмага. Таксама сужэнцы павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць іх права ўласнасці. Тады заключэнне шлюбнага дагавора будзе законнай грамадзянска-прававой здзелкай і ніякіх падводных камянёў не ўзнікне.

— Ваша парада: заключаць ці не заключаць шлюбны дагавор?

— Я раю сужэнцам складаць такі дакумент, бо потым яны абое будуць юрыдычна абаронены.

Анастасія ПЕЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».