Вы тут

Як усё жыццё пражыць разам з бацькамі і ні разу не пасварыцца


З кіраўніком цымбальнага аркестра «Першацвет» Віктарам Тульвінскім і яго жонкай-цымбалісткай Алай я пазнаёмілася падчас сумеснай камандзіроўкі ў Новасібірск. Разам з сямейнай парай тады гастраляваў іх былы зяць Павел. Апошні, акрамя таго, што іграе ў «Першацвеце» на флейце, дык яшчэ і працягвае працаваць поплеч з былой жонкай, цесцем і цешчай у адной школе выкладчыкам. Калі я пра гэта даведалася, са здзіўленнем спытала: «Як вам удалося захаваць добрыя адносіны з былым мужам дачкі? Можа, ёсць які сакрэт?» На што атрымала лаканічны адказ: «Сакрэт у нашай дачцэ».

Нядаўна я завітала ў госці да музычнай сям'і Тульвінскіх. Пасля размовы падумалася, што гэтыя людзі — знаходка для любога кінарэжысёра. Ды яны і самі жартам параўноўваюць сваё жыццё з «Санта-Барбарай».


Дзед  і ўнук Туль­він­скія.

«Зяць вырашыў даць сыну прозвішча Тульвінскі»

— Вы сказалі, што сакрэт добрых адносін з былым зяцем у вашай дачцэ. Што гэта значыць?

Віктар Сцяпанавіч: Пасля разводу я запытаўся ў Тані: «Ты ўжо, напэўна, не будзеш кіраваць «BREVІSам»?» (Ансамбль старадаўняй музыкі, які Таццяна Тульвінская стварыла разам з былым мужам. — Аўт.). Але пачуў у адказ: «Чаму не буду? Гэта ж наша агульная справа, прычым любімая. Тое, што мы з Пашам развяліся, не значыць, што застанёмся ворагамі. Тым больш у нас агульны сын».

— Таццяна, але ж большасць пар пасля разводу сапраўды сябрамі не назавеш. Мала таго, жанчыны часта забараняюць былому мужу бачыцца з дзецьмі...

Таццяна: Я не забараняла тату бачыцца з Уладзікам. На мой погляд, гэта эгаістычна з боку жанчыны. Якія адносіны будуць у пары пасля разводу, залежыць ад мудрасці і шчырасці абаіх. Я, напрыклад, не патрабавала аліменты. Проста ўзяла два свае чамаданы і пераехала жыць да бацькоў. Паша, відаць, ацаніў, што ў мяне не было ніякіх карысных намераў. Зараз у нас выдатныя адносіны. Больш за тое, калі развяліся, усе супярэчнасці зніклі, наадварот — стала значна прасцей кантактаваць. Я стараюся па магчымасці зусім не канфліктаваць з людзьмі. Для гэтага ніякіх асобых талентаў мець не трэба. Проста варта больш размаўляць.

Ала Віктараўна: Што цікава, цяперашні муж Тані (Ала Віктараўна з усмешкай пазірае на Аляксея) — вучань нашага першага зяця. У іх таксама зараз добрыя адносіны.

Таццяна: Лёша нават быў у майго былога мужа на вяселлі, дапамагаў вазіць гасцей. Паша зусім нядаўна ажаніўся. Нас усіх — і маіх бацькоў, і мяне з сынам — таксама запрашаў на вяселле.

А. В.: Лёшу мы ведаем з 6 гадоў. Тады ён прыйшоў у школу, дзе мы працуем, у першы клас. На флейце вучыўся іграць. Мы заўсёды ставіліся да яго з сімпатыяй, але і падумаць не маглі, што ён стане нашым зяцем.

Таццяна: А з татам Уладзіка мы працягваем разам іграць у «BREVІSе». Нават на гастролі муж адпускаў мяне на два тыдні. У нас з Лёшам вельмі адкрытыя адносіны, даверлівыя, мы ніколі не падманваем адно аднаго, нават у дробязях. Ды і я не даю ніякіх падстаў, каб мне не давяраць.

— Віктар Сцяпанавіч, наколькі я ведаю не так даўно цяперашні зяць зрабіў вам незвычайны падарунак...

В. С.: Так (пагладзіў па галаве ўнука), Дамір таксама, як і я, Тульвінскі. Я быў на сёмым небе ад шчасця, калі даведаўся, што бацькі вырашылі даць свайму сыну прозвішча дзеда. Нават і ўявіць сабе такога не мог.

Ся­мей­ны ан­самбль Туль­він­скіх.

«Можна Віктара Сцяпанавіча?» — «А каторага?..»

— Ала Віктараўна, Віктар Сцяпанавіч, вы не толькі жывяце разам ды гастралюеце, але яшчэ і працуеце ў адной школе ўжо больш за 30 гадоў. Хоць на дзень разлучаліся?

В. С.: Нават на тыдзень. Нядаўна я браў адпачынак, каб паспець да зімы разабрацца на лецішчы з дахам. Сям'я ж расце, вырашылі расшырацца.

А. В.: Але ўсё адно нам складана адно без аднаго. Стэлефаноўваліся як мінімум два разы на дзень. Ранкам, каб запытацца «Як спалася?». Увечары, каб падзяліцца навінамі за дзень і пажадаць спакойнай ночы.

В. С.: Рэдка мы расстаёмся. Практычна заўсёды разам. І на працы, і дома, і ў адпачынку.

А. В.: Бывае, пра нешта падумаю і дзялюся з мужам. А Віця: «Слухай, проста з языка зняла, у мяне якраз гэта думка ў галаве».

Таццяна: Бацькі неразлучныя, бо аднадумцы. 4 студзеня, дарэчы, будзе 42 гады, як яны разам.

В. С.: Ёсць на каго раўняцца — бацькі Алы больш як 60 гадоў разам пражылі.

А. В.: У нас перад вачыма заўсёды быў прыгожы прыклад адносін паміж мужчынам і жанчынай.

— Псіхолагі раяць маладым жыць асобна ад бацькоў. Вы ж, наколькі  ведаю, усё жыццё жылі з імі ў адной кватэры. І пры гэтым захавалі цудоўныя адносіны. Як умудрыліся ні разу не пасварыцца?

В. С.: А як мы будзем сварыцца, калі бацькі за сценкай? Мы маглі толькі шэптам гэта рабіць (смяецца). А праз пяць хвілін запал патух, ужо і сварыцца не хочацца.

А. В.: Мама ў мяне аднойчы запыталася: «Дачушка, а вы наогул сварыцеся з Віцем ці не?» — «Часам бывае», — кажу. «А як вы гэта робіце? Я ж не бачу нічога і не чую».

В. С.: Разумелі, што калі пачнём сварыцца, нават з-за дробязі, бацькі будуць перажываць. Мы ж іх вельмі паважалі, таму стараліся максімальна аберагаць.

— Але ж як ужываліся дзве гаспадыні (а дочкі падраслі, дык і ўсе чатыры) на адной маленькай кухні?

В. С.: Мама Алы была вялікім дыпламатам. Яна ўмела разруліць любую сітуацыю так, каб усім было добра.

А. В.: Калі мы прыходзілі дадому, бацькі цалкам вызвалялі нам кухню. Не было эгаізму. Кожны ў першую чаргу думаў пра роднага і блізкага чалавека, як будзе лепш яму. Ведаю, што ў некаторых сем'ях жывуць па правіле: «Я хачу зараз прыняць ванну, а вы пачакайце». Не, такога ў нас ніколі не было.

— Ала Віктараўна, як адрэагаваў тата, калі даведаўся, што вашага абранніка таксама завуць Віктар Сцяпанавіч?

А. В.: Яму было вельмі прыемна. «О, — кажа. — Цяпер нас двое». Калі мы пажаніліся, не было мабільных тэлефонаў, усе званілі толькі па дамашнім. Знаёмыя і сваякі ведалі, што ў нас два Віктары Сцяпанавічы. Таму, калі тэлефанавалі, прасілі паклікаць Віктара Сцяпанавіча малодшага альбо старэйшага. А тыя, хто не ведаў, траплялі ў камічную сітуацыю: «Можна Віктара Сцяпанавіча?» — «А каторага?» — «А ў вас што, двое?»

Да­мір па­куль б'е ў бу­бен ды з ці­ка­вас­цю на­ціс­кае на кноп­кі акар­дэ­о­на.  «Ён яшчэ не ве­дае, што яго ча­кае, — смя­ец­ца Вік­тар Сця­па­на­віч. —  Ма­ма не­ўза­ба­ве хо­ча ад­даць яго ву­чыц­ца іг­раць на пі­я­ні­на».

«Дачушка, у мяне свёкар быў гадкі-гадкі, але ж свякроўка — залатая...»

— Віктар Сцяпанавіч, як вы пазнаёміліся са сваёй жонкай?

В. С.: Было гэта ў музычным вучылішчы, у Наваполацку. Ала вучылася на першым курсе, я — на чацвёртым. Мы як мінімум 4—5 гадзін у дзень павінны былі займацца на інструменце. Хтосьці гэта рабіў у прыбіральні, хтосьці на лесвічнай пляцоўцы. Дык вось сяджу я на прыступках, іграю... А зверху ўніз студэнты ходзяць. Спачатку ногі відаць і толькі потым — чалавек. І тут раз — штосьці такое прыгожае выплывае... Боты-панчохі тады толькі ў моду ўвайшлі. Ала ж сталічная дзяўчына, мама прыбірала. Вось і запала ў душу. Як цяпер памятаю, калі яна спускалася ў гэтых боціках па лесвіцы з трэцяга паверха, я вачэй не мог адвесці.

А. В.: Мы жылі ў адным інтэрнаце. Да мяне старшакурсніцы прыбягаюць і кажуць: «Хлопец з табой хоча пазнаёміцца. Ты згаджайся. Ён вельмі добра нямецкую мову ведае. Возьмеш яго канспекты». Віця пасля сапраўды дапамагаў мне перакладаць тэксты. Але той разлік вельмі хутка перарос у сапраўднае каханне.

В. С.: Мы рана пажаніліся. Мне было 19, Але — 17. У той год пабраліся шлюбам яшчэ пяць маіх аднакурснікаў. Але толькі аднаму мне пашанцавала. Студэнцкія сем'і знаёмых разваліліся.

— Уявіце, каб у той час, калі вы жылі з бацькамі, вам сказалі: «Даём кожнаму па асобнай вялікай кватэры, але забіраем усе музычныя інструменты». Прамянялі б музыку на асобнае жыллё?

В. С.: У нас быў падобны выбар на пачатку 90-х. Настаўнікам музыкі тады плацілі ўсяго 20 долараў у месяц. І большасць нашых калег падаліся ў «чаўнакі». У нас таксама стаяла дылема: працягваць бясплатна працаваць дзеля ідэі ці ісці зарабляць грошы. Як бачыш, засталіся, не кінулі. Цяжкі быў перыяд. Калі ў кагосьці муж добра зарабляў, то жонцы можна было працаваць за ідэю. А ў нас жа ўсе ў адным чоўне: я, Ала ды дачка з зяцем. Але пратрымаліся. І цяпер ні кроплі не шкадуем. Бо займацца ўсё жыццё нелюбімай справай — не цукар. Калі «ну, не тваё гэта», тады і грошы тыя будуць нямілыя.

А. В.: Затое дзякуючы «Першацвету» мы аб'ехалі практычна ўсю Еўропу.

В. С.: Цымбалы ж для іншаземцаў экзотыка. Яны такога нідзе не бачылі. У Францыі нас нават запрасілі іграць на заручынах бургундскай прынцэсы, яна выходзіла замуж за арабскага шэйха. Гэта былі незабыўныя ўражанні.

— Што ў вас асацыюецца са словам «сям'я»?

Таццяна: Узаемападтрымка.. У нашай сям'і, як у «Трох мушкецёрах», адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

В. С.: Ну так, калі камусьці патрэбна дапамога, усё кідаеш і ляціш. У тым ліку і па працы бываюць розныя сітуацыі. Напрыклад, акардэаніст захварэў, а праз гадзіну канцэрт. Я ведаю, што заўсёды магу папрасіць дачку, каб падстрахавала. Тое ж самае датычыцца і зяця, Лёша з намі на ўсіх канцэртах. Ён не толькі іграе на флейце, але і інструменты дапаможа разгрузіць. Для працы гэта добра. Выніковасць зусім іншая, калі ва ўсіх ёсць інтарэс падтрымаць адно аднаго.

(Увесь вечар Аляксей жартаваў, расказваў анекдоты.)

— Вам з зяцем, гляджу, сумаваць не даводзіцца?

А. В.: Нам з мужам пашанцавала, абодва зяці з пачуццём гумару. Калі яны разам збіраюцца, смяюся да слёз...

В. С.: Наша малодшая дачка Юля, як і Ала, іграе на цымбалах. Яна выйшла замуж у Літву. Дарэчы, сустрэла сваё каханне на маёй малой радзіме, у Лынтупах. Бабуля зяця і мая маці суседкамі былі. Хоць муж Юлі і не музыка, але папрасіў мяне навучыць яго іграць на гітары. Інструмент я яму ўжо падарыў. Іграць таксама даўно навучыў бы, каб крыху бліжэй жылі (смяецца).

А. В.: Мы з Віцем стараемся не ўмешвацца ў адносіны дзяцей. Як я кажу, добра маім дочкам, дык мне ў тысячу разоў лепш. Застаецца толькі радавацца і маліцца за іх шчасце і здароўе. У мяне і мама ніколі не лезла ў нашы з мужам адносіны. І свякроў, барані божа. Яна толькі магла спытаць: «Дзетка,
а ці добры мой Віцечка муж?» «Добры», — смяюся. «Калі ж, можа, трошку нешта не тое, дык ты кажы. Я пагавару з ім». Для яе самае галоўнае было, каб усё ў нас ішло добра. Не ўносіла абсалютна ніякай смуты. «Дачушка, у мяне свёкар быў гадкі-гадкі, але ж свякроўка — залатая. Можа, і я такая...». З ёй было так цікава размаўляць. Мы як прыязджалі, яна заўсёды казала: «Дачушка, кладзіся ты са мной спаць, пагаворым з табой да раніцы». Яна штосьці пытаецца, я расказваю. У мяне з мамай былі цудоўныя адносіны.

— Вы называлі свякроў мамай?

А. В.: Так. І яна мяне ніколі Алай не звала. Калі цябе называюць «дачушка», ты ж не скажаш «Леанора Паўлаўна». Я спачатку звярталася да свекрыві «мама», а потым — «мамачка». Мне было лёгка так яе называць. Нават не стаяла пытанне неяк па-іншаму. Ды і жанчыне прасцей сказаць «мама». Хоць Віця маіх бацькоў таксама называў мамай ды татам.

В. С.: Як называць, гэта не самае галоўнае. Галоўнае, каб дзеці любілі сваіх бацькоў і клапаціліся пра іх.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.