Вы тут

Пра што дзеці здымаюць уласныя мультфільмы?


Глядзець мульцікі, бадай, любімы дзіцячы занятак. Лепей толькі здымаць іх... самому. Набор спісаных алоўкаў, тысяча малюнкаў, тры месяцы работы — і маленькі шэдэўр гатовы. Якія сюжэты прыдумляе малеча? І чаму дарослым лепш не ўмешвацца ў дзіцячую творчасць? Пра гэта расказалі ў Школе дзіцячай мультыплікацыі.


Пластылінавыя героі, манныя берагі

— Я не вучу дзяцей акадэмічнаму малюнку. Мая задача — разняволіць іх творча, а не «прычасаць». Многія прыходзяць і кажуць, што не ўмеюць маляваць, ляпіць. А потым праз месяц выдаюць такія вынікі, што дзіву даешся. У гэтых дзяцей атрымліваецца больш арыгінальна, бо іх не стрымліваюць правілы, — кажа кіраўнік студыі «Энфіс» Наталля КУЛІБАВА.

Па адукацыі яна псіхолаг і арт-тэрапеўт. Пасля ўніверсітэта працавала ў дашкольнай установе, але зразумела, што стандартныя методыкі не заўсёды дзейсныя. І пачала шукаць іншыя спосабы дастукацца да дзіцячай душы. Наткнулася на прапанову паўдзельнічаць у курсах па мульттэрапіі, якія былі арганізаваны расійскім Фондам кіно. А пасля гэтага загарэлася ідэяй стварыць студыю дзіцячай анімацыі, дзе малеча можа выліць сваю энергію, набалелае праз творчасць. Да таго ж дзядзька Наталлі працаваў мультыплікатарам на «Беларусьфільме», таму яна добра знаёмая з гэтым мастацтвам.

У школе дзеці вучацца асновам кінадраматургіі, напісанню сцэнарыяў. Асвойваюць розныя тэхнікі мультыплікацыі: папяровае перакладанне (так здымаўся «Вожык у тумане»), пластылінавую анімацыю, сыпучую (выкарыстоўваюць пясок, грэчку, манную крупу). Самая працаёмкая тэхніка — маляваная. Па стандарце павінна быць 25 кадраў у секунду, але дзеці робяць лягчэйшы варыянт — у сярэднім 8—12 кадраў.

— Хлопчыкі любяць яшчэ лега-анімацыю, але мне канструктар не вельмі падабаецца: можна зняць толькі экшэн, а эмоцыі на твары не пакажаш, — заўважае кіраўнік студыі.

— А камп'ютарнай графіцы вучыце?

— Не, гэта больш падыдзе старэйшым дзецям. А ў малодшым узросце (у нас займаюцца з трох гадоў) лепш пачынаць з прыкладной анімацыі, бо вельмі важныя тактыльныя адчуванні. Тут кожны персанаж памятае цяпло дзіцячых рук, перадаецца энергетыка. Камп'ютарныя героі, на маю думку, усё ж больш сухія.

Калі створаныя персанажы і дэкарацыі знятыя, пачынаецца мантаж і агучванне. Усё па максімуме робіць сама малеча. «Педагогі выключна дапамагаюць. Дарослыя, мне здаецца, толькі псуюць дзіцячую творчасць сваім поглядам», — усміхаецца Наталля.

Летась, дарэчы, групавы мульцік навучэнцаў студыі — «Кляксандыя» — быў паказаны на міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» і атрымаў у сваёй узроставай намінацыі ўзнагароду — «Хрустальны аловак». А сёлета на гэтым жа конкурсе іх карціну «Гузікі» прызналі найлепшым дзіцячым анімацыйным фільмам.

Прэм'еры для ўсёй сям'і

У студыі якраз ідуць заняткі. Дзяўчаткі 3—5 класаў натхнёна малююць прыдуманых персанажаў. На прыход журналіста не звяртаюць ніякай увагі: паглыблены ў творчы працэс.

Сюжэты ў юных аніматараў даволі цікавыя. Віка, напрыклад, стварыла гісторыю пра жырафу Макарону. Яна была вельмі высокай, бачыла месяц, зоркі, вясёлку, але астатнія жывёлы ёй не верылі. Пакуль сонейка не паказалася з-за аблокаў і не прайшоў дождж. Тады ўсе зразумелі, што жырафа мела рацыю, і сталі з ёй сябраваць.

— А чаму ў жырафы такое імя дзіўнае?

— Бо яна жоўтая, як макарона, — з усмешкай адказвае Віка.

З дакладам пра мультыплікацыю дзяўчынка выступала нават на школьнай канферэнцыі. Заняла другое месца і ў якасці бонуса атрымала сертыфікат на 10 балаў, які можна прымяніць на любым прадмеце. А яшчэ кажуць, што мульцікі вучобе перашкаджаюць!

Вера мінулы раз рабіла міні-фільм у тэхніцы папяровага перакладання, расказвала пра краіну, дзе ўсё было шэрае, галоўнай славутасцю лічылася дрэва без лісця. А яе суседка Рамана любіць ляпіць персанажаў з пластыліну. На паказ сваіх новых мульцікаў збірае ўсю сям'ю: маму, тату, брата, сястру.

— Кветкі на прэм'еры табе дораць?

— Не, — смяецца. — Проста кажуць, што я малайчына і што будуць чакаць новых мульцікаў.

Самыя папулярныя персанажы ў дзяцей — супер-героі (у хлопчыкаў) і феі (у дзяўчатак). Летась героямі анімацыі былі нават бонсты. Здымаючы свае ўласныя кінакарціны, малыя становяцца больш назіральнымі: вучацца заўважаць цікавыя дэталі ў паўсядзённым жыцці.

На групавы анімацыйны фільм, які ствараюць 4—5 чалавек, у навучэнцаў ідзе два месяцы (тут галоўнае — размеркаваць абавязкі: усе ж хочуць маляваць галоўнага персанажа). Аўтарскія рыхтуюцца не менш чым за тры месяцы. «Мульцікі ў нас кароткія: ад хвіліны да трох, — тлумачыць Наталля Кулібава. — Дзеці ў малодшым узросце не здольныя на працяглую работу — ім хочацца хутчэй убачыць вынік. Я іх супакойваю тым, што «Галаваломка» здымалася чатыры гады, хоць над яе стварэннем працавала тысяча чалавек».

Разрадка... праз сюжэт

Праз мульцікі бацькі даведваюцца новае пра сваіх дзяцей. Бо персанажы, якіх стварае малеча, — праекцыя іх унутранага свету. Калі герой сумны, то, напэўна, і дзіця нешта турбуе. Праз сюжэт яно вырашае свае ўнутраныя канфлікты — такая своеасаблівая разрадка. Да таго ж педагогі дадаюць у праграму практыкаванні, якія носяць дыягнастычны характар.

— У кожным дзіцячым мульціку можна знайсці глыбокую думку, — упэўнена кіраўнік студыі. — Неяк малеча прыдумала сюжэт пра папулярную камп'ютарную гульню «Майнкрафт». Сутнасць такая: хлопчык загуляўся і трапіў у віртуальны свет. Глядзіць: а ён стаў квадратным, тата з мамай таксама квадратныя. Потым аказалася, што гэта ўсяго толькі сон. Але хлопчык стаў больш цаніць жыццёвыя моманты: пачаў ганяць мяч з сябрамі, кнігамі зацікавіўся.

— Калі бацькі аддаюць дзіця на айці-курсы, яны спадзяюцца, што з яго вырасце добры праграміст. Такі зачын на будучыню. Анімацыя ж развівае найперш фантазію. Якое яе практычнае прымяненне ў дарослым жыцці?

— Фантазія ратуе нас і дае сілы спраўляцца з цяжкасцямі, — лічыць Наталля Кулібава. — Без яе чалавек становіцца робатам, які рухаецца па маршруце «дом — работа — дом», а сапраўдныя радасці праходзяць міма. Калі творча ставішся да жыцця, тады яно набывае сэнс. Гэта як чорна-белая размалёўка: калі яе не запоўніць яркімі фарбамі, яна так і застанецца пустой.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жырафа па мянушцы Макарона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».