Вы тут

Беларуская прадукцыя рыхтуецца да «захопу» рынкаў


Міжнародная выставачная дзейнасць — адзін з інструментаў маркетынгу і прасоўвання тавараў, які, нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, не губляе актуальнасці. Такія мерапрыемствы досыць затратныя, аднак кантракты і пагадненні заключаюцца літаральна на кожнай выстаўцы. Пра асаблівасці стварэння экспазіцый беларускай прадукцыі за мяжой «Звяздзе» расказаў дырэктар прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Яўген Увядзенскі.


На выставе Agro Food Drink Tech Expo ў Тбілісі.

Тавары міжнароднага прызначэння

«Белінтэрэкспа» на працягу 15 гадоў займаецца арганізацыяй дзелавых візітаў беларускага бізнесу ў найбольш перспектыўныя рэгіёны свету. За гэты час удалося адпрацаваць эфектыўны механізм дэманстрацыі магчымасцяў нашых кампаній, лічыць кіраўнік выставачнага аператара. На думку Яўгена Увядзенскага, папулярным і запатрабаваным фарматам застаецца калектыўная экспазіцыя: «Яна дазваляе комплексна вырашыць мноства пытанняў. Дызайнерскае афармленне і вялікая плошча прыцягваюць увагу наведвальнікаў».

Сёлета «Белінтэрэкспа» правялі 20 выставак за мяжой, з якіх 4 — у рамках нацыянальных экспазіцый Беларусі. Найбольш маштабнае мерапрыемства — у рамках ІV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Маскве. Больш за 80 навуковых і прамысловых арганізацый дэманстравалі каля 250 інавацыйных распрацовак і экспанатаў, сярод якіх электрамабіль, электробус, сістэма дыстанцыйнага зандзіравання, беспілотнікі, акуляры з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, распрацоўкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, абсталяванне для кардыялогіі. Па выніках выстаўкі былі падпісаны кантракт па пастаўках поліэфірнага валакна, пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве «БелАЗа» з «Усходняй горнаруднай кампаніяй» і іншыя падобныя дакументы.

Не менш важным мерапрыемствам стала шматгаліновая выстаўка беларускіх вытворцаў «Mаdе іn Bеlаrus», якая прайшла сёлета ў жніўні ў Астане. У ёй ўдзельнічалі 70 айчынных кампаній, больш як 40 з іх — вядомыя вытворцы прадуктаў харчавання. «Прасоўванню нашых інтарэсаў на выстаўцы дапамагла масіраваная інфармацыйная кампанія. Таксама прадстаўнікі «Белінтэрэкспа» мэтанакіравана запрашалі найбольш цікавых прадстаўнікоў бізнесу па лініі Казахстана. Акрамя таго, было падрыхтавана спецыяльнае маркетынгавае даследаванне, якое дапамагло зрабіць гэты рынак больш зразумелым. У рамках мерапрыемства прайшоў і беларуска-казахстанскі бізнес-форум, у якім прынялі ўдзел прэм'ер-міністры абедзвюх краін», — адзначыў Яўген Увядзенскі.

Упершыню ў гэтым годзе былі праведзены нацыянальныя экспазіцый Беларусі на Кубе, у Алжыры і ў Гуанчжоў (КНР). Асобна варта адзначыць экспазіцыю Беларусі ў рамках ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы і выстаўку беларускай дрэваапрацоўчай галіны ў Вялікабрытаніі.

У параўнанні з 2016 годам агульная плошча беларускіх экспазіцый за мяжой, арганізаваных «Белінтэрэкспа», павялічылася на 25%. Вырасла і колькасць удзельнікаў — сёлета 206 арганізацый. Па галіновай прыкмеце дамінавала прамысловасць і вытворцы прадуктаў харчавання.

Пагоня за кантрактамі ў бронекамізэльках

На думку дырэктара «Белінтэрэкспа», ёсць што прапанаваць замежнаму спажыўцу і беларускім вучоным. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі сёлета актыўна ўдзельнічалі ў выстаўках за мяжой. «Навуковыя распрацоўкі запатрабаваныя ўсюды, але для кожнай краіны і рэгіёна трэба падбіраць тое, што адпавядае іх эканамічнай накіраванасці і тэматыцы выстаўкі. У Алжыры, напрыклад, зацікавіліся беларускімі распрацоўкамі, якія дазваляюць абсарбаваць уцечкі нафты. Цяпер вядуцца перагаворы. А на Кубе былі цікавыя нашы дасягненні ў сферы электратранспарту», — расказаў Яўген Увядзенскі.

Выставачны каляндар «Белінтэрэкспа» на 2018 год уключае больш за 30 мерапрыемстваў за мяжой. Беларуская прадукцыя будзе прадстаўлена ў Судане, Чэхіі, Кеніі, Анголе, Азербайджане, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Таджыкістане, Венгрыі, Румыніі, ЗША, Манголіі, Амане і на Кубе. Плануецца арганізаваць таксама нацыянальныя экспазіцыі ў Кітаі і В'етнаме. Ёсць намеры па ўдзеле ў выстаўках Егіпта, Сірыі, Ірака і Лівана. «Экспазіцыі ў «гарачых кропках» свету патрабуюць асабліва дасканалай арганізацыі. Можна здымаць вострасюжэтны серыял на тэму арганізацыі экспазіцыі ў Індыі ці на Кубе. Але трэба сказаць, што ў нашай рабоце яшчэ ні разу не было збояў», — падзяліўся Яўген Увядзенскі.

У жніўні беларускія прадпрыемствы ўдзельнічалі ў дамаскай выстаўцы ў Сірыі. «Гэта знакавае мерапрыемства для краіны, яно праходзіла пасля значнага перапынку. Дамаская выстаўка прадэманстравала, што эканоміка Сірыі жыццяздольная. Але неабходна сказаць, што тыя адважныя людзі, якія былі зацікаўлены ў супрацоўніцтве, часта павінны былі хадзіць на мерапрыемствы ў бронекамізэльках», — расказаў Яўген Увядзенскі. Ён падзякаваў пасольству Беларусі ў Сірыі, якое дапамагло вырашыць пытанні бяспекі. Паводле яго слоў, гэтая паездка была прадуктыўнай для Беларусі, таму Сірыя ўключана ў план 2018 года.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Белта

Загаловак у газеце: На іншых паглядзець і сябе паказаць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.