Вы тут

У новай гасцёўні Манюшкі можна паслухаць жывую музыку


Гэтымі днямі ў Смілавічах распачала сваю работу Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі. Цяпер сюды можна завітаць, каб наведаць утульную камерную залу і паслухаць музыку вялікага кампазітара, каб вывучыць прадметы музейнага пакоя, прысвечанага славутаму ўраджэнцу гэтай мясцовасці.


Гасцёўня адкрылася ў межах праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага саюза і Праграме развіцця ААН, а таксама пры падтрымцы мясцовых улад.

— Наведвальнікі, якія прыедуць да нас, змогуць не толькі пазнаёміцца з жыццём і творчасцю выдатнага кампазітара Манюшкі па экспанатах на выстаўцы, але і папрысутнічаць на музычных вечарынах, пачуць музыку ўраджэнца гэтай зямлі ў выкананні цудоўных музыкаў. Мы супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, — расказала дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак. — Выконваць творы будуць і нашы народныя калектывы, якія працуюць пры чэрвеньскай і смілавіцкай школах мастацтваў. Таму фармат атрымаецца нашмат цікавейшы, чым проста экскурсія.

Пакуль працуе толькі адна зала, у якой прадстаўлена творчасць кампазітара берлінскага і варшаўскага перыядаў жыцця. Наведвальнікі могуць убачыць касцюмы з Познаньскага і Варшаўскага оперных тэатраў, на сцэнах якіх ставіліся творы Станіслава Манюшкі, афішы, грампласцінкі, нотныя зборнікі, здымкі. З цягам часу калекцыя будзе папаўняцца.

У будынку, дзе цяпер знаходзіцца гасцёўня, раней была дзіцячая мастацкая школа. Вонкава фасад плануецца стылізаваць пад колішні маёнтак Манюшкаў. Дарэчы, само памяшканне не надта вялікае — адначасова ў ім можа змясціцца хіба што група турыстаў з аднаго аўтобуса.

Намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы Ала Шахоцька расказала:

— Удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў праекта «Садзейнічанне развіццю...» надзвычай важны. Ён дазволіў нам аб'яднацца і распрацаваць ідэі, пра якія даўно думалася. У межах конкурсу рэалізавана тры ініцыятывы. Літаральна нядаўна мы адкрылі майстэрню па дрэваапрацоўцы, дзе дзеці і дарослыя пачалі далучацца да гэтага цікавага старажытнага рамяства. Яшчэ два праекты ажыццявілі ў Смілавічах. Першы — гэта павышэнне турыстычнага патэнцыялу мястэчка. Другі — адкрыццё Музычнай гасцёўні...

На ім прысутнічала шмат шаноўных гасцей. Сярод іх, напрыклад, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб і пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, якая таксама наведала музей «Прастора Хаіма Суціна», падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі:

— Я вельмі ўражана тым, што ў Смілавічах нарадзілася так шмат сусветна вядомых людзей, творцаў, такіх як Хаім Суцін, Шрага Царфін. Кампазітар Манюшка — стваральнік польскай і беларускай опер — таксама нарадзіўся тут... Я сама гісторык па адукацыі, таму мне надзвычай цікава бачыць усё, што ёсць, што адбываецца ў Смілавічах. Прыемна, што вы шануеце сваю спадчыну. Культура іграе важную ролю ў жыцці любога грамадства: яна стварае працоўныя месцы, дазваляе адчуць нацыянальную ідэнтычнасць — і гэта патрэбна кожнаму.

Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха лічыць, што ў Беларусі адбываецца шмат пазітыўных змяненняў у сферы развіцця турызму. Пяцідзённы бязвізавы ўезд для замежных грамадзян, якія прыбываюць паветраным шляхам, — адзін з такіх станоўчых момантаў. Таксама ён уражаны тым, што згодна з рэйтынгам часопіса «Natіonal geographіc traveler» Беларусь знаходзіцца на першым месцы як найлепшая краіна для аграэкатурызму — такім чынам абыходзячы нават Францыю і Італію. У той жа час краіна прызнана досыць бяспечнай для вандроўнікаў — прыблізна на адным узроўні з Германіяй (у гэтым рэйтынгу мы далёка апярэджваем суседнія краіны).

У той жа час Санака Самарасінха дадаў, што застаюцца моманты, над якімі трэба працаваць. Як прыклад, ён згадаў родную Шры-Ланку і адзначыў, што там гнутка рэагуюць на інтарэсы тых турыстаў, якія пачынаюць прыязджаць, і вывучаюць іх мовы. Таму ён параіў і нашым супрацоўнікам культуры, іншых устаноў вывучаць мовы, запатрабаваныя вандроўнікамі. Таксама спецыяліст параіў распрацоўваць канкрэтныя маршруты, рабіць брэндзіраванне. Брэнд можа быць агульным — напрыклад, гістарычным ці ландшафтным — ці можна распрацаваць некалькі брэндаў, цікавых для людзей, якіх прывабліваюць розныя віды турыстычных паслуг.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Чэрвеньскі раён

Загаловак у газеце: Завітаем да... Манюшкі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».