Вы тут

Як на Ашмяншчыне адраджаюць абрадавыя беларускія святы


Ткаць палатно, вышываць пасаг, прасці воўну… Спрадвеку беларускія дзяўчаты і жанчыны ведалі, што займацца гэтым весялей ды цікавей на вячорках. А яшчэ разам лягчэй квасіць капусту і ўваходзіць у пост. У лістападзе на Беларусі здаўна праходзілі тэматычныя вячоркі.


Загаўліны — рэгіянальнае фальклорнае свята, якое паходзіць з пасёлку Кальчуны. Гэта так званы заход у 40-дзённы Калядны (або Піліпаўскі) пост. Абрад вандруе па Ашмянскаму раёну і праводзіцца ў розных мястэчках. Сёлета праходзіў у аграгарадку Кракоўка.

Па традыцыі ў «тлусты аўторак» у адной хаце збіраліся ўсе жыхары вёскі і спраўлялі «даравальную бяседу». Вініліся адзін аднаму, што «саграшылі справай ці языком». У гэты ж дзень усе весяліліся, забаўляліся ды старанна частаваліся, бо наступныя сем тыдняў трэба было пасціцца. На Загаўліны адбываўся таксама абрад «прывязванне калоды».

— Калі хлопец сватаўся да дзяўчыны, а яна яму адмаўляла, на Загаўліны моладзь жартавала з небарак і прычэплівала яму да нагі калоду, — расказала пра цікавую традыцыю Вольга КУЗЬМІЦКАЯ, дырэктар ДУК «Ашмянскі раённы цэнтр культуры». — Каб пазбавіцца ад яе і не цягаць на сабе, пакуль не знойдзецца нявеста, хлопцу прыходзілася выконваць пажаданні юнакоў і дзяўчат. Дзяды згадвалі, што менавіта так і адбывалася. І сучасная моладзь з задавальненнем адраджае гэтую традыцыю.

У народзе кажуць, што лістапад багаты на квашанку. Гаспадыні запрашалі адна адну да сябе, каб разам нашынкаваць капусту ды засаліць яе. Так атрымоўваліся капусныя вячоркі.

— Мы стараемся вынаходзіць у мінулым цікавыя і адметныя традыцыі, якія існавалі ў нашых продкаў, каб захаваць гэта і ў гульнях і святах паказаць сучаснікам, — падзялілася Вольга Кузьміцкая. — На капусных вячорках, зразумела, жанчыны перш за ўсё квасілі капусту. А яшчэ з яе варылі боршч. А дзецям, каб не заміналі, прыдумвалі розныя забавы.

Гэты старадаўні славянскі абрад сёлета правялі на Станцыі Ашмяны. У тэатралізаваным прадстаўленні гаспадыня Ганна паклікала да сябе жанчын і дзетак, каб дапамаглі заквасiць капусту. Пад народныя песні ды прымаўкі, карагоды ды загадкi зрабілі капусны запас на ўсю зіму. Пагулялі ў «Перацягнi лапаць», «Капусту ў каўпаку», «Трап у чыгунок». А яшчэ боршч для ўсіх навакольных зварылі ды гледачоў пачаставалі.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Капусныя вячоркі і Загаўліны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?