Вы тут

У Магілёве зноў будуць судзіць чорных рыэлтараў


Яшчэ адна сямейная пара ў горадзе існавала за чужы кошт. Адзіная розніца з папярэднікамі — сваіх ахвяр яны не забівалі. Справай 50-гадовага магіляўчаніна і яго 48-гадовай жонкі ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці займалася з чэрвеня гэтага года.


— Сужэнцы абвінавачваюцца ў тым, што ў перыяд з 2008-га па студзень 2017 года заключалі незаконныя здзелкі з нерухомасцю, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — Выяўлены 16 эпізодаў іх злачыннай дзейнасці. У Магілёве і Магілёўскай вобласці яны знаходзілі кватэры, дзе пражывалі маламаёмныя, адзінокія і сацыяльна неабароненыя грамадзяне, уваходзілі да іх у давер, схілялі да незаконных здзелак па абмене або продажы кватэр, абяцаючы знайсці ім іншае жыллё, а розніцу ў коштах вярнуць. Пры гэтым выконваць свае абяцанні яны нават не збіраліся. Сума незаконна атрыманых імі грошай склала больш за 526 тысяч рублёў.

Сужэнцы абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных часткамі 1 і 3 артыкула 209 і часткай 2 артыкула 233 (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры, і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры) КК Рэспублікі Беларусь. На іх маёмасць, у тым ліку грошы, залатыя вырабы, аўтамабіль, нерухомасць агульным коштам 60 тысяч рублёў, накладзены арышт. Мужчына змешчаны пад варту, жанчыне пакуль дазволена застацца на волі пад асабістае паручыцельства.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?