Вы тут

«Тэатральныя вечарыны» ў новым фармаце


Краснаполле — гарадскі пасёлак, дзе жыве ўсяго некалькі тысяч чалавек. Сюды не вельмі ахвотна едуць інвестары і маладыя спецыялісты, але артысты і рамеснікі, дзякуючы ініцыятыўнасці месцічаў, дэпутатаў і выканаўчай улады, ужо цікавяцца гэтым населеным пунктам. У апошнюю пятніцу лістапада тут адначасова запрацавалі два шыкоўныя праекты — міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечарыны» ў новым фармаце і першае рэгіянальнае свята-конкурс «Рамесная майстэрня».


На «Тэатральныя вечарыны» ў Краснаполле прыехалі 15 тэатраў з 4 краін.

Ініцыятыва ўзнагароджваецца

Краснапольскі тэатр — самы стары аматарскі тэатр у Беларусі. Налета яму спаўняецца 100 гадоў. Ён неаднаразова станавіўся ўдзельнікам і пераможцам усесаюзных конкурсаў і фестываляў, з 1993 года сам з'яўляецца арганізатарам фестывалю «Тэатральныя вечарыны». Тады на яго адкрыццё прыехалі калектывы розных краін.

Але ў апошнія гады фінансавае становішча пагоршылася і маштаб свята звузіўся да рэгіянальнага. Перамога ў конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН, дала магчымасць святу зноў стаць міжнародным. Але, каб укласціся ў тэрміны дзеяння праекта, прыйшлося часова перанесці дату правядзення з традыцыйнага мая на лістапад.

— Затое цяпер у нас ёсць сучаснае абсталяванне, пачынаючы ад гукаўзмацняльнай апаратуры і заканчваючы праектарам для спецэфектаў, — радуецца дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Краснапольскага раёна Юрый Падалякін. — Да нас калісьці прыязджалі артысты з Полацка і прывозілі такую ўстаноўку замест дэкарацый. Дык вось, у нашага праектара магчымасці шырэйшыя. Плюс купілі касцюмы і выдалі брашуру — летапіс гісторыі стварэння і развіцця фестывалю. Усё гэта створана за кошт гранта ад Еўрапейскага саюза, а гэта салідная сума — 19 тысяч долараў.

Звычайна артысты робяць сабе касцюмы самі. Але дзякуючы ініцыятыве тэатр набыў беларускія касцюмы, і тут плануюць паставіць "Паўлінку". Калісьці яна ўжо была ў рэпертуары, а зараз не перашкодзіла б паўтарыць. Мэта зрабіць так, каб потым не сорамна было з гэтай пастаноўкай вылучыцца на званне заслужанага.

«Самая любімая казка» ў выкананні рускага тэатра цэнтра культуры «Зялёны Ліхтар» з Вільнюса.

Тэатр мае намер і далей удзельнічаць у конкурсах на атрыманне грантаў. «Трэба абнавіць сцэну і замяніць кулісы. Хочацца, каб яны аўтаматычна адкрываліся», — марыць дырэктар.

Улюбёныя ў тэатр

Сёння, калі прафесійным тэатрам прыходзіцца цяжка, можна ўявіць сабе, наколькі складана аматарскім. Але знаходзяцца прыхільнікі, гатовыя працаваць амаль за бясплатна.

— У нас пастаянных артыстаў каля 30 чалавек, можам прыняць яшчэ столькі, былі б ахвотныя, — кажа рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра Аляксандр Кузняцоў. — Прыемна, што трупа штогод павялічваецца, прыходзіць моладзь. У тэатры працуе таленавіты мастак-афарміцель Наталля Саўчанка. Такія дэкарацыі робіць, што іншыя зайздросцяць.

Аматарскія тэатры запатрабаваны не менш, чым прафесійныя. Пазалетась краснапальчан прымалі ў Германіі, сёлета яны ўдзельнічалі ў мінскім фестывалі вулічных тэатраў і ў фестывалі «Славянскі базар» — «На сямі вятрах». Аляксандр Кузняцоў упэўнены, што часам аматарскія тэатры могуць яшчэ форы даць прафесійным, бо з нічога робяць казку.

— Мы ў добрым сэнсе слова фанаты, — усміхаецца Юрый Падалякін. — І тое, што да нас прыехалі такія ж апантаныя з Іжэўска і Екацярынбурга, пераадолеўшы больш за тысячу кіламетраў, шмат пра што гаворыць. Трэба вельмі любіць сваю справу, каб імкнуцца ў маленькі беларускі гарадок на перыферыі. І мы прыклалі ўсе намаганні, каб нашы госці адчувалі сябе як дома.

Юрый Падалякін і Аляксандр Кузняцоў: у рамках ініцыятывы быў зроблены летапіс стварэння фестывалю.

Афіша фестывалю ўражвае. Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры БДАМ з Мінска, тэатр-студыя «Галёрка» з Екацярынбурга, эксперыментальны тэатр «Галава-нага» з Мінска, Гатчынскі народны тэатр-студыя «За рагом» і іншыя. Майстар-класы, гульні, арт-шоу — праграма «Тэатральных вечарын» складзена з вялікім густам. І недахопу ў гледачах у маленькім Краснаполлі не было.

— Амаль усе, каго мы запрашалі, адразу ж пагаджаліся прыехаць, — кажа Аляксандр Кузняцоў. — На тых, хто адмаўляўся, не крыўдзіліся, бо разумеем — ехаць да нас — не блізкі свет. Тым больш што за наш кошт толькі жыллё і харчаванне. А дарогу ўдзельнікі павінны аплаціць самі. Самае цікавае, што потым нам зноў тэлефанавалі тыя, якія спачатку адмовіліся. Маўляў, перадумалі. Але мы ўжо не маглі іх прыняць. 15 тэатраў — гэта не жартачкі. Сярод тых, каму прыйшлося адмовіць — калектывы з Іркуцка, Арла. У нас свае цяжкасці з жыллём. Частку артыстаў размясцілі нават у суседнім горадзе Чэрыкаве.

У тэму

Алена Чаюкова, намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама:

— З самага пачатку гэты тэатр быў для мяне цікавы, а потым, калі прыйшла сюды працаваць, вельмі ганарылася, што ў нас такі знакаміты народны тэатр. Тэатр не можа існаваць без фінансавых уліванняў. І мы заўсёды шукаем магчымасці яго падтрымаць. Бо пры наведванні мінскіх тэатраў, абласнога бачым, якія там умовы. У нашым тэатры ўсё робіцца гаспадарчым спосабам. І касцюмы, і дэкарацыі самі шыем. Калі даведаліся, што ёсць магчымасць паўдзельнічаць у міжнародных конкурсах, адразу ж уключыліся ў справу.

Сустрэчы ў радасць

Святлана Васечкіна, рэжысёр маладзёжнага музычнага калектыву пры рускай гімназіі «Уцеха» («Отрада») з Клайпеды, ні хвіліны не думала, ехаць або не. Вядома, ехаць:

— Звычайна тэатральныя фестывалі праводзяцца вясной, а ў нас ужо з сакавіка пачынаюцца экзамены, — тлумачыць яна. — Тады нам не да паездак. Не тое, што зараз.

Узрост акцёраў 16—18 гадоў. Першапачаткова гэта быў гурток, які потым перарос у тэатр. У яго ёсць свой кампазітар і харэограф. Калектыву ў наступным годзе спаўняецца 20 гадоў.

— Для рускай дыяспары робім шмат мерапрыемстваў, я з'яўляюся адначасова старшынёй гэтай дыяспары ў горадзе, — кажа рэжысёр. — Ваш фестываль для нас аддушына. Вырваліся, каб пазнаёміцца з іншымі людзьмі, іншымі калектывамі, паказаць сябе. Мы робім не толькі спектаклі, але і народныя святы. З'яўляюся таксама ініцыятарам міжнароднага фестывалю-конкурсу «Снягурка года». Запрашаю рускіх, беларускіх, літоўскіх дзяўчат. Вельмі відовішчнае мерапрыемства. Нас падтрымлівае горад, гарадское самакіраванне і аддзел культуры. Для спектакляў здымаем залы, і на студзень білетаў ужо няма.

З Іжэўска на «Тэатральныя вечарыны» прыехаў тэатр «Птушка», асноўныя артысты якога падлеткі ад 11 да 18 гадоў. «Дабіраліся ў прамым сэнсе на перакладных, — усміхаецца рэжысёр тэатра Святлана Шанская. — Калі нас запрасілі, адразу пагадзіліся. Мы ўжо некалькі разоў былі ў Беларусі — Мінску, Баранавічах, Салігорску. Зараз шмат фестываляў, дзе ўдзел прымаюць як прафесійныя, так і паўпрафесійныя калектывы. Беларусь нам вельмі падабаецца. Краснаполле нечым нагадвае маю радзіму, быццам я вярнулася ў дзяцінства. Цудоўная атмасфера. Магчыма, жыць у маленькім горадзе і не вельмі лёгка, але прыязджаць сюды заўсёды прыемна. Чым меншы горад, тым больш гасціннасці. Мы ўчора гулялі, размаўлялі з людзьмі, усе дапамагаюць, кажуць: вы ж нашы госці. Сцэна, гук выдатныя. Мы прывезлі спектакль "Дом, у якім..." — гэта містычная фантазія па вельмі вядомай кнізе Марыям Петрасян. Яна стварала яе 20 гадоў. Атрымалася кніга культавая для ўсіх сучасных падлеткаў, перакладзена на шмат моў свету».

Стаўка на ганчарства

Пакуль тэатралы захапляліся гульнёй акцёраў, на другой пляцоўцы Краснаполля адводзілі душу майстры народных промыслаў. У раёне адбылося першае рэгіянальнае свята «Рамесная майстэрня» і адкрылася ганчарная майстэрня.

Краснаполле адраджае ганчарныя традыцыі.

— Гэта вынік ініцыятывы «Ганчарства для пазнавальнасці Краснапольскага раёна», якая таксама рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» і фінансуецца ЕС, — паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Раманенка. — На працягу 6 месяцаў мы займаліся стварэннем умоў для адраджэння ганчарнага майстэрства, якое, на жаль, было страчана. У нас ёсць добрыя залежы гліны, прыгоднай для ганчарства. Ёсць жаданне вярнуць страчанае. Набылі тры ганчарныя кругі для рамеснікаў. Аднавілі былы будынак установы культуры, які рыхтаваўся пад знос. Тут будуць працаваць майстры народных промыслаў, займацца дзеці, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Будзем развіваць самазанятасць насельніцтва ў супрацоўніцтве з упраўленнем сацыяльнай абароны, прапаноўваць людзям, якія прыходзяць у пошуках працы, паспрабаваць сябе ў ганчарнай справе.

Керамісты з Крычава ахвотна дзяліліся майстэрствам.

На грошы Еўрапейскага саюза закуплены дзве печкі. Адна зроблена з шамотавай цэглы, якую прывезлі аж з Тулы. У яе камеру ўмяшчаецца адначасова вырабаў на 100 літраў. Абпальванне доўжыцца некалькі сутак. Тэмпература ўнутры печкі даходзіць да 1000 градусаў. Другая печка — муфельная на 140 літраў, з запраграмаваным кантролерам.

— Гэта вынік работы па праекце. Пачатак зроблены, далей будзем даказваць устойлівасць, — запэўніла Алена Раманенка.

Другая печка — муфельная на 140 літраў, з запраграмаваным кантролерам.

"Рамесная майстэрня" запрасіла гасцей.

На свята прыехаў вядомы крычаўскі ганчар Вячаслаў Якавенка. Ён адрадзіў на Беларусі Падняпроўскую гліняную цацку, за што атрымаў расійскі ордэн і яго прозвішча было занесена ў міжнародную энцыклапедыю. У Краснаполлі ён даў майстар-клас і не хаваў свайго захаплення: «Вельмі цікавы праект, паглядзім, можа, нам нешта падобнае зрабіць».

Рэгіянальны каардынатар праекта па Магілёўскай вобласці Алена Пахоменка адзначыла:

— Свята «Рамесная майстэрня» накіравана на адраджэнне ганчарства ў Краснапольскім раёне. Уражанні самыя добрыя, цёплыя. Заўсёды прыемна, калі людзі спрабуюць нешта рабіць сваімі рукамі і застаюцца на сваёй тэрыторыі, каб прыносіць карысць, жыць, працаваць і зарабляць, выкарыстоўваючы мясцовыя рэсурсы. Краснаполле багатае на цэглу і ўмельцаў. Я спадзяюся, што гэта будзе развівацца. «Тэатральныя вечарыны» таксама не расчаравалі. Адчуваецца, наколькі творчыя людзі тут жывуць. Гэта справа, не сумняваюся, таксама будзе працягвацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».