Вы тут

Мішэль Лаціто — чалавек, які з'еў самалёт


«Мы ёсць тое, што мы ямо», менавіта так сказаў аднойчы Гіпакрат. Яго словы актуальныя і ў наш час, калі дыетолагі ўсяго свету вырашаюць, што можна есці і што нельга, што карысна, а што шкодна. Але ўсё гэта мала цікавіла француза Мішэля Лаціто з Грэнобля, бо ён быў здольны з'есці што хочаш.


Пачалося ўсё ў 9 гадоў, калі Мішэль на вачах у сяброў разбіў і з'еў шклянку. Сам працэс паглынання шкла хлопчыку спадабаўся, неўзабаве ён пачаў рэгулярна есці шкляныя бутэлькі. Зрэшты, гэта быў толькі пачатак. Есці адно шкло хутка стала сумна, і хлопец вырашыў разнастаіць сваё меню.

Аднойчы на кірмашы на вачах у здзіўленай публікі Мішэль Лаціто разабраў па частках веласіпед і з'еў яго. Усё прайшло даволі гладка, вось толькі з ланцугом узніклі праблемы, ён засеў у горле, прыйшлося нават звярнуцца да ўрача. Неўзабаве Мішэль Лаціто зразумеў, што гэты талент не павінен знікнуць проста так, ён вырашыў выступаць як артыст, здзіўляючы гледачоў сваім незвычайным апетытам. Еў ён усё запар: веласіпеды, тэлевізары, ложкі, камп'ютары і, вядома, не забываў сваю любімую страву — шкло. Але гэта былі толькі дробязі. Аднойчы Мішэль вырашыў, што нават самалёт яму па зубах. У якасці «ахвяры» быў абраны лёгкі самалёт «Сесна-150», які Лаціто з задавальненнем еў цэлыя два гады.

Скрупулёзныя статыстыкі падлічылі, што ў перыяд з 1959-га па 1997 год усёедны француз з'еў каля 9 тон прадметаў, якія для звычайнага чалавека з'яўляюцца не толькі неядомымі, але і небяспечнымі для здароўя. Пры гэтым Лаціто сцвярджаў, што не адчуваў ніякага дыскамфорту падчас трапезы. Ён падзяляў металічныя прадметы на невялікія кавалачкі, змазваў іх алеем і запіваў вялікай колькасцю вады. За незвычайныя густы ў харчаванні Месье З'ешусё, як яго празвалі, нават быў унесены ў знакамітую Кнігу рэкордаў Гінеса.

Натуральна, Лаціто не мог застацца ўбаку ад пільнай увагі ўрачоў. Яны старанна даследавалі Мішэля і прыйшлі да высновы, што арганізм пажыральніка металу адаптаваўся да такой незвычайнай дыеты.

Сценкі страўніка француза былі ўдвая таўсцейшыя, чым у звычайнага чалавека. Гэта давала магчымасць з'ядаць да 900 г металу штодзень.

Памёр чалавек, здольны з'есці ўсё, 25 чэрвеня 2007 года ў родным Грэноблі ва ўзросце 57 гадоў ад сардэчнага прыступу. А вось на які-небудзь дыскамфорт у арганізме, звязаны з паглынаннем металу, Мішэль Лаціто ніколі не скардзіўся. Прайшло ўжо больш за 10 гадоў пасля смерці Месье З'ешусё, але на яго рэкорды так ніхто і не змог замахнуцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?