Вы тут

Вольга Сізова: Больш сумных людзей, чым акцёры, знайсці складана


Ці прыйшлося жанчыне ахвяраваць асабістым жыццём дзеля кар'еры, што самае складанае ў рабоце акцёра і наколькі папулярны тэатр сёння.

Кар'ера актрысы Вольгі Сізовай пачалася вельмі ярка, яе першая вялікая і запамінальная роля здарылася, калі студэнтцы першага курса тэатральнага інстытута было ўсяго 16. Кінадэбют адбыўся ў фільме Мікалая Засеева «Дарога ў пекла», на здымачнай пляцоўцы гэтай карціны Вольга працавала побач з такімі вялікімі акцёрамі, як Людміла Гурчанка, Уладзімір Коранеў, Сцяпан Старчыкаў і іншыя. У няпростых 90-х Сізова на ўласнай персоне адчула ўсе змены не толькі ў грамадстве, але і ў кіно. Сёння яна адна з вядучых актрыс Тэатра-студыі кінаакцёра, за плячыма Вольгі дзясяткі роляў у расійскіх серыялах.


— У Тэатры-студыі кінаакцёра занятасць у мяне даволі вялікая, на дадзены момант іграю ў спектаклях — «Механічны чалавек», «Выкраданне Алены», «Поле бітвы», «Хто смяецца апошнім», «Рабаванне апоўначы», «Дзве стралы» і, як заўсёды перад новым годам, у «Шчаўкунку», — расказвае Вольга. — Наогул звычайна спектакль ідзе па годзе, два, а потым зжывае сябе, становіцца нецікавым, а ў нас у тэатры спектаклям па 15—20 гадоў, і ўсё роўна яны збіраюць аншлагі. Мабыць, сакрэт у тым, што мы выбіраем жыццёвыя тэмы, якія заўсёды застаюцца актуальнымі.

— Але ж за гады мяняюцца людзі, і артысты на герояў, якіх іграюць, з цягам часу могуць глядзець па-іншаму?

— Вядома, адна справа, калі я іграла Алену (у спектаклі «Выкраданне Алены»), калі толькі прыйшла ў тэатр у 25 гадоў, і іншая цяпер, калі мне 47. Ужо зусім іншая Алена. Але, калі я, напрыклад, іграю ў французскай камедыі, то не магу надзяляць гераіню сваімі розумам і досведам, таму што яна патрабуе лёгкасці. Сталеем мы, сталее і спектакль, іншае пытанне, што цяжка столькі гадоў знаходзіць натхненне, каб выходзіць на сцэну соты раз і выдаваць сапраўдныя эмоцыі.

— Якому гледачу пашанцавала больш: таму, хто прыйшоў на спектакль у першыя месяцы пасля прэм'еры, або таму, хто бачыць ужо шмат разоў сыграную пастаноўку?

— Цяжка адказаць, таму што нават крытыкі прыходзяць на спектакль некалькі разоў — спачатку на прэм'еру, а потым на 10—15-ы спектакль, гэта прыкладна праз паўгода — год. Калі ён ужо выстаяўся, прыйшоў у форму. Колькі б не іграў на сцэне, а я раблю гэта ўжо гадоў 30, хваляванне ёсць заўсёды. Акцёрская прафесія такая, што, хоць ты прызнаны народны артыст, усё роўна прыходзіш у новы спектакль і даказваеш свой прафесіяналізм, паказваеш, што ўмееш.

— Іграючы на сцэне, сочыце за рэакцыяй гледачоў у зале?

— Вядома, і часта бачу, што мужчыны, якіх у асноўным прыводзяць жонкі, спачатку сядзяць з абыякавымі тварамі, а заканчваюць глядзець некаторыя пастаноўкі са слязамі на вачах. Хтосьці разумее, што жыццё пражывае не так, няправільна, а хтосьці, наадварот, дзякуючы нашай рабоце на сцэне і вобразам, якія мы перадаём, думае, якое шчасце, што я жыву так, як жыву.

— На ваш погляд, наколькі сёння папулярны тэатр?

— Вельмі папулярны. Людзям ён неабходны. Мы ж перажывалі розныя часы, калі ў людзей і на ежу грошай не было, а яны ўсё роўна прыходзілі ў тэатр. І зараз не самы просты час, але залы ў нас забітыя, таму кожны раз выходжу і дзякую гледачам за тое, што прыйшлі. Кіно можна паглядзець і дома, а адчуць гэтую атмасферу, абмяняцца з акцёрамі энергетыкай — кіно гэта не заменіць. Нават калі дзяцей са школ прыводзяць паглядзець пастаноўкі па творах, якія ўваходзяць у школьную праграму, я бачу, што яны не расчароўваюцца ў тэатры, а зацікаўліваюцца ім.

— Ці сутыкаліся вы з некарэктнымі паводзінамі з боку гледачоў?

— Ніколі. У нас ёсць спектакль «Поле бітвы», рэжысёр паставіў у ім апарт, гэта значыць я пераключаюся на зал і пачынаю з імі працаваць, звычайна выбіраю аднаго мужчыну і размаўляю менавіта з ім. Пасля гэтага часта атрымліваю кветкі ад гэтых выбраных людзей, яны ідуць у буфет і перадаюць мне шампанскае, цукеркі (смяецца). Адзіная праблема ў нас — гэта тэлефоны. Пяць разоў перад пачаткам просяць іх адключыць, але заўсёды знойдзецца адзін, хто гэтага не зробіць.

— Ваша кінакар'ера пачалася даволі рана.

— Да паступлення ў інстытут я год займалася ў тэатральнай студыі Таліпава, у якога потым іграла ў тэатры. Наогул, па расказах думала, што ў тэатральны з першага разу не паступаюць, таму ведала, што калі ў мяне таксама не атрымаецца адразу, пайду на біяфак і спрабаваць больш не буду, але мяне ўзялі.

У Савецкім Саюзе было прынята, што кожнае лета студэнты з тэатральных ВНУ Масквы, Мінска, Піцера і іншых гарадоў збіраліся на тэатральным фестывалі. Пасля майго першага курса ён праходзіў у Кіеве, куды я і адправілася. У адзін з вольных дзён з аднакурсніцамі вырашылі пайсці на кінастудыю Даўжэнкі, каб пакінуць там свае рэзюмэ, стаць на ўлік. У той момант на месцы не было фатографа, а свае фотакарткі пакінуць трэба, таму адміністратар прапанавала нам пайсці на кастынг Засеева ў карціну «Дарога ў пекла», які якраз праходзіў у той час на студыі. Схадзілі. Літаральна праз тыдзень мне прыходзіць тэлеграма: «Выклікаем на пробы на галоўную ролю». Шчаслівая паехала ў Кіеў, а праз два—тры тыдні даведалася, што мяне зацвердзілі.

— Тады ў вас зусім не было вопыту, прыйшлося цяжка?

— Так, у мяне была роля наркаманкі, якая памірае. Каб сыграць гэта, вазілі ў бальніцу, таму што я, натуральна, не ведала, як там, што адбываецца ў такіх людзей. Пазней хуткая дапамога дзяжурыла на здымачнай пляцоўцы ўжо для мяне, таму што на той момант я не магла правільна размеркаваць свае эмоцыі. За тры месяцы эмацыянальна была знясіленая цалкам.

Пасля праекта «Дарога ў пекла» было яшчэ пару работ, а потым пачаліся 90-я. Як кажуць японцы ў сваім самым страшным праклёне: «Дай бог жыць у эпоху перамен». Прыкладна так і атрымалася ў нашым жыцці. Многія кінастудыі тады разваліліся, акцёры прапалі. У мяне з'явіліся камерцыйныя праекты, а потым і серыялы.

Спек­такль «Вы­кра­дан­не Але­ны».

— Сёння ў серыялах вы здымаецеся дзеля грошай або прафесійнага задавальнення?

— І каб грошы зарабіць, і для таго, каб форму не губляць. У мяне ўжо столькі работ у серыялах, што дакладную лічбу назваць не змагу. Але калі хтосьці думае, што гэтыя здымкі простыя — не. Напрыклад, дзве серыі «Дарогі ў пекла» мы здымалі чатыры месяцы, а цяпер чатыры серыі здымаюцца за 15 змен, адна змена доўжыцца 12 гадзін. Пачынаеш раніцай, заканчваеш познім вечарам, а табе яшчэ пасля гэтага даюць стос тэксту, з ім трэба папрацаваць, а ў сем раніцы зноў выходзіць на пляцоўку. Бывае, у адзін дзень мы здымаем кадр з першай серыі, кадр з чацвёртай серыі і яшчэ з якой-небудзь, таму трэба хутка здолець перагрыміравацца, бо ў адной серыі ты плачаш, а ў другой — ідзеш у рэстаран. Нікога не хвалюе, як ты будзеш з гэтым спраўляцца, ніхто не будзе цябе вучыць, калі не паспяваеш — да пабачэння.

Няхай, як некаторыя кажуць, мы здымаем серыялы для бабуль, але асабіста па сабе і гледзячы, як працуюць калегі, абсалютна шчыра скажу: усе аддаюцца на 100%.

— Акцёр звычайна можа вылучыць любімыя і нелюбімыя ролі?

— Думаю, не. Не можа быць такога паняцця, таму што нават калі ў цябе маленькая сцэна, то за час работы з тэкстам, рэпетыцый укладваеш у яе вельмі шмат. Фаіна Ранеўская не сыграла ніводнай галоўнай ролі, яна выходзіла, казала два словы і зрывала вяршкі, у той час, як выканаўцы галоўных роляў рвалі на сабе кашулю.

Я ў сваім жыцці перайграла шмат таго, што мне хацелася, і таго, чаго не хацелася. Вельмі люблю свае камедыйныя ролі, калі людзі смяюцца — гэта выдатна, і вельмі люблю, калі гледачы плачуць, пражываючы са мной ролю.

Наогул, толькі ў акцёрстве можна паспрабаваць сябе ў розных прафесіях. Часам мне задаюць пытанне: ці не шкадую я, што выбрала гэтую працу? А як можна шкадаваць аб пражытым жыцці? Вядома, яна складаная, чаму ў акцёраў часта здараюцца інфаркты і інсульты, — ты эмацыянальна аддаешся прафесіі. Часта яшчэ чую, што з актрысамі цяжка будаваць сямейнае жыццё, але паверце, я столькі нагуляюся ў тэатры, што ў жыцці з мяне актрыса горшая за любую жанчыну з крамы. Наогул, больш сумных людзей, чым акцёры, знайсці складана.

— Акцёра заўсёды ацэньваюць, выбіраюць, гэта пэўная залежнасць...

— Я і сёння з гэтым не змірылася. Усё роўна, наколькі высокі ў цябе прафесіяналізм, як ты сыграў свае мінулыя ролі. Табе даюць тэкст, ты ўсё роўна ідзеш на кастынг, пробы, і так зноў і зноў. Ты проста можаш не падыходзіць вонкава ці элементарна не падабацца рэжысёру, і ўсё, цябе не возьмуць. Калі толькі прыйшла ў прафесію, не была да гэтага гатовая, і сёння бывае балюча і крыўдна, напэўна, такое ўжо ніколі не пройдзе.

— Ці даводзілася вам дзеля кар'еры ахвяраваць сваім асабістым жыццём?

— Не сказала б. Хоць у мяне двое дзяцей, але ў дэкрэце я не была ні аднаго дня, іграла на сцэне да 7—8 месяцаў, сыходзіла і ўжо праз тыдзень пасля родаў вярталася альбо на сцэну, альбо на здымачную пляцоўку. Сваю старэйшую дачку я нарадзіла ў 28, на той момант ужо не была замужам і пакідаць яе мне не было з кім, таму вялікую частку часу дзіця праводзіла ў тэатры. Я выходзіла на сцэну, а яе вось тут, каля тэатра каталі ў калясцы. Тады не было машыны, таму пасля спектакля ішла на Нямігу на тралейбус, каляску на сцягно і ехала дадому. Затое дачка ўвесь час была са мной і ўвагі ёй хапала. Другую дзяўчынку я нарадзіла таксама позна — у 36 гадоў. Тут ужо дапамагала старэйшая, з'явіліся няні. Цяпер наогул няма праблем нарадзіць і працягнуць развівацца ў сваёй прафесіі, ды і тады ў мяне такі выбар не стаяў. І мужчыны не было, які паставіў бы мяне перад дылемай — ён ці тэатр, атрымаў бы адназначны адказ — тэатр!

— Хтосьці з дачок пойдзе па вашых слядах?

— Яны ў мяне абсалютна дзве розныя дзяўчынкі. Старэйшая вучыцца на факультэце міжнароднай журналістыкі, а малодшай зараз усяго 11 гадоў, але яна вельмі цікавы чалавек, ніколі ў мяне не глядзела мульцікі, а любіла перадачы Аnіmаl Рlаnеt пра жывёл. У дзяцінстве цвёрда заяўляла, што будзе ветэрынарам, у тры гады сказала: «Мама, я не ем трупаў», і з таго часу з'яўляецца поўнай вегетарыянкай.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.