Вы тут

У Мінску прайшоў саміт кіраўнікоў дзяржаў АДКБ


Палац Незалежнасці чарговы раз стаў цэнтрам жыцця геапалітычнага макрарэгіёна. Прэзідэнцкія картэжы пад'язджалі адзін за другім: спачатку прыбыў Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Казахстана, потым — Серж Саргсян, кіраўнік Арменіі, за ім — Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў, далей — лідар Таджыкістана Эмамалі Рахмон і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Лідары ўсіх шасці краін — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прыехалі ў Мінск на саміт.


Нешараговая падзея

З раніцы прэс-цэнтры палаца запоўнілі журналісты з усіх дзяржаў-удзельніц аб'яднання. У сённяшніх рэаліях саміт мае важнае значэнне як для названых краін, так і для ўсёй Еўропы і Азіі. Выклікі і пагрозы прымушаюць прымаць рашучыя меры. Так, учора на парадку для падпісання стаяў 21 дакумент.

Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан каардынуюць свае намаганні ў плане бяспекі. Кіраўнікі гэтых дзяржаў абмеркавалі вынікі для аб'яднання за 2017 год, які прайшоў, дарэчы, пад старшынствам Беларусі. Наша дзяржава ставіла задачы ўзмацніць уплыў арганізацыі на міжнароднай арэне, павысіць аператыўную гатоўнасць Калектыўных сіл, забяспечыць эканамічную бяспеку дзяржаў-членаў, а таксама рэалізаваць комплекс дадатковых мер па супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, распаўсюджванню наркотыкаў і незаконнай міграцыі ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі. Гэтыя тэмы абмяркоўваліся на працягу года, цяпер жа настаў час падагульніць зробленае і выпрацаваць задачы на перспектыву.

Сёлета АДКБ святкуе сваё 25-годдзе. Аляксандр Лукашэнка, вітаючы лідараў, прызнаўся, што для Беларусі вялікі гонар старшынстваваць у такі год. Асабліва ён звярнуўся да Сааранбая Жээнбекава, які ўпершыню ўзяў
удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Гэта, дарэчы, адзін з першых замежных візітаў нядаўна абранага лідара Кыргызстана.

— Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам актыўнага ўзаемадзеяння ў рамках Арганізацыі, усебаковага павышэння рэзультатыўнасці яе дзейнасці, умацавання аўтарытэту на міжнароднай арэне, — заявіў кіраўнік нашай краіны ва ўступным слове на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі ў вузкім складзе. — Упэўнены, што цяперашняя сесія надасць новы імпульс развіццю АДКБ, прадэманструе пазітыўную дынаміку ў вырашэнні пытанняў гарантавання агульнай бяспекі.

Самыя блізкія

Пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі ў вузкім фармаце Аляксандр Лукашэнка назваў «сапраўды адкрытай і прынцыповай размовай самых блізкіх у гэтым свеце дзяржаў».

Ён канстатаваў, што ў вузкім складзе ў канструктыўным, давяральным, шчырым ключы былі абмеркаваны тэндэнцыі развіцця міжнароднай абстаноўкі і яе ўплыў на сітуацыю ў зоне адказнасці АДКБ.

— З задавальненнем адзначу агульнасць нашых поглядаў адносна сучасных пагроз, з якімі сутыкаюцца дзяржавы — члены АДКБ, эфектыўнасць абранай стратэгіі па іх мінімізацыі. Нашымі сумеснымі намаганнямі вялася і вядзецца планамерная работа, накіраваная на павышэнне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне клуба яе прыхільнікаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нашай краіны звярнуў увагу, што развіваюцца найбольш важныя формы знешнепалітычнай каардынацыі ў рамках аб'яднання:

— У фармаце АДКБ удалося дасягнуць канцэптуальнага замацавання адзіных падыходаў да забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, прывесці ў адпаведнасць з перадавымі тэхнічнымі патрабаваннямі базавыя элементы сістэмы крызіснага рэагавання. Канкрэтныя крокі зроблены на шляху фарміравання ўмоў для выкарыстання міратворчага патэнцыялу. Падрыхтавана аснова нарматыўнага афармлення партнёрства АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі.

У цэлым у юбілейны для Арганізацыі год зроблена нямала, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

— Далейшыя сумесныя дзеянні па ўмацаванні АДКБ захаваюць устойлівы, паступальны і дынамічны характар, — упэўнены беларускі лідар. На думку кіраўніка нашай дзяржавы, неабходна, каб гэта работа была ў полі дзеяння грамадскасці як нашых, так і замежных дзяржаў.

Старшынства ў арганізацыі пераймае Казахстан.

Пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі ў шырокім фармаце ўключала і ўрачысты момант. Сёлета 14 красавіка ў Бішкеку кіраўнікі дзяржаў прынялі сумеснае рашэнне аб узнагароджанні ганаровым знакам АДКБ першай ступені Мікалая Бардзюжы, які зрабіў значны ўнёсак ва ўмацаванне калектыўнай бяспекі і ў развіццё Арганізацыі. Мікалай Бардзюжа кіраваў АДКБ больш за 13 гадоў. Аляксандр Лукашэнка ўчора ўручыў яму названую ўзнагароду — яна, дарэчы, была ўручана ўпершыню ў гісторыі АДКБ.


У тэму

Выступаючы перад журналістамі, генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Юрый Хачатураў паведаміў, што ў сувязі з юбілейнай сесіяй Савет калектыўнай бяспекі прыняў Дэкларацыю кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ. У дакуменце адлюстраваны ўсе вынікі працы Арганізацыі за чвэрць стагоддзя.

— Падчас сесіі кіраўнікі дзяржаў абмяняліся меркаваннямі па шырокім коле актуальных тэм сусветнай і рэгіянальнай палітыкі, — сказаў Юрый Хачатураў. — Гэта, у прыватнасці, пытанні па ўрэгуляванні сірыйскага і нагорна-карабахскага канфліктаў. У сувязі з тым, што старшынства ў Арганізацыі перайшло да Казахстана, кіраўнік Казахстана аб'явіў прыярытэты дзейнасці АДКБ на 2018 год.

Па словах генсека АДКБ, на сесіі Савета калектыўнай бяспекі значная ўвага была нададзена ўмацаванню ваеннага супрацоўніцтва:

— План сумесных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы калектыўных сіл АДКБ у 2017 годзе выкананы на 100%. Акрамя таго, на тэрыторыі Таджыкістана мы правялі пазапланавыя буйнамаштабныя вучэнні з Калектыўнымі сіламі АДКБ. У цэлым ва ўсіх вучэннях за год на тэрыторыі Расіі, Арменіі, Казахстана, Таджыкістана ўзялі ўдзел больш за 12 тысяч чалавек, каля дзвюх тысяч адзінак тэхнікі, 140 лятальных апаратаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дамінанты бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».