Вы тут

Стаўка на рэфінансаванне


Больш за дзесяць гадоў беларускія банкі заклікалі: купляй сёння, плаці заўтра. І людзі масава бралі спажывецкія крэдыты. У апошні жа час банкі прапануюць знізіць плацяжы па крэдытах шляхам рэфінансавання. Мы ўспомнілі гісторыю спажывецкага крэдытавання ў Беларусі і цяперашняе становішча спраў у гэтай галіне.


Банкаўскія карткі множыліся разам з крэдытамі

Першы бум спажывецкага крэдытавання ў нашай краіне прыйшоўся на 2004-2008 гады. У той час калі чалавек сам не атрымліваў крэдыт, то быў нечым паручыцелем. Рэдка хто заставаўся ў баку ад крэдытнай ліхаманкі. А чаму так адбывалася, растлумачыў фінансавы кансультант кампаніі “ТэлеТрэйдБел” Міхаіл Грачоў: Па-першае, пачынаючы з 2002 года адзначалася стабілізацыя фінансавай сістэмы і эканомікі, і ўжо ў 2004-2006 гадах у Беларусі быў зафіксаваны самы высокі рост рэальнай заработнай платы (на узроўні 12,5-13,6% у год). Спажывецкі рынак насычаўся таварамі і паслугамі. Па-другое, у снежні 2003 года Нацыянальным Банкам была прынята новая інструкцыя, якая рэгулюе парадак крэдытавання фізічных і юрыдычных асоб банкамі. З гэтага часу парадак выдачы крэдытаў стаў вызначацца самімі банкамі, што дазволіла апошнім істотна спрасціць і пашырыць крэдытныя прапановы. Была паднята максімальная велічыня крэдытавання з 2000 да 7500 базавых велічынь.

Эксперт нагадаў, што тады банкам дазволілі выдаваць крэдыты праз залічэнне грашовых сродкаў на пластыкавыя карты. І гэтая акалічнасць прывяла да выбуховага росту колькасці пластыкавых банкаўскіх карт на руках насельніцтва (на 1 студзеня 2002 года – 197 тыс. карт, на 1 студзеня 2009 года – 6,1 млн штук).

Трэцяй прычынай крэдытнага буму Міхаіл Грачоў называе актыўнае будаўніцтва буйных гандлёвых цэнтраў і гіпермаркетаў, фарміраванне буйных гандлёвых сетак. Цяпер нам здаецца, што так было заўсёды, але першы буйны гіпермаркет у Мінску адкрыўся ў 2005 годзе – “Гіпа” ў Серабранцы. Туды ехалі з усяго горада і параўноўвалі з вільнюскім “Акропалісам”. У 2006 годзе на Кальварыйскай адкрылася першая “Карона”. Такім чынам новы фармат гандлю стварыў спрыяльныя ўмовы для пашырэння спажывецкага крэдытавання, што і прывяло да істотнага росту гэтых банкаўскіх паслуг да канца 2008 года.

“Стаўка па спажывецкіх крэдытах у самыя паспяховыя 2006-2008 гады была на ўзроўні: стаўка рэфінансавання + 2-3%, – нагадаў Міхаіл Грачоў. – А стаўка рэфінансавання вагалася каля 10,00 - 10,50 - 11,00%. Гэтыя паказчыкі цалкам адпавядалі стану фінансавага і спажывецкага рынкаў. Атрымліваецца, што пазыкі былі па кішэні насельніцтву.

Крэдыт + канвертацыя = прыбытак

За тыя сытыя гады ў многіх людзей склалася звычка жыць у крэдыт. Аднак у перыяд з 2009-га і 2011-га гадоў адбываліся дэвальвацыі беларускага рубля. Да снежня 2011-га года стаўка рэфінансавання Нацбанка Беларусі была ўстаноўлена 45%. Адпаведна ўсе крэдытныя прадукты падаражэлі ў той жа прапорцыі. Але для кемлівых людзей і ў той час спажывецкае крэдытаванне давала магчымасць зарабіць. “Набылі папулярнасць аперацыі кэры-трэйд, калі крэдыт атрымліваецца ў адной валюце, як у нашым выпадку, у беларускіх рублях і канвертуецца ў іншую валюту, напрыклад у долары ЗША, – растлумачыў Міхаіл Грачоў. Пры рэзкай змене курса ўзнікае істотная курсавая розніца, за кошт якой пагашаецца крэдыт і фарміруецца прыбытак. Але трэба адзначыць, што гэта кароткатэрміновыя фактары, паколькі рэгулятары ўсіх краін, у тым ліку і наш Нацбанк, прымаюць меры да стабілізацыі нацыянальнай фінансавай сістэмы. Такім чынам, эфектыўнасць кэры-трэйда носіць часовы характар. Аднак у 2011-м годзе гэта працавала, таму спажывецкае крэдытаванне заставалася прывабным, нягледзячы на ​​высокія працэнтныя стаўкі.

У 2012 стаўкі па крэдытах не зменшыліся, але знізіўся попыт на пазыкі. Не кожны гатовы пераплачваць больш за палову кошту тавару. Аднак пустуючую нішу трэба было чымсьці запоўніць. Так пачалі з'яўляцца кабрэндынгавыя праграмы, якія дазваляюць кліентам банка набываць тавары ці паслугі ў партнёраў фінансавай установы з найбольшай выгадай. У тым ліку выпускаліся і крэдытныя кабрэндынгавыя карткі. Наступнымі крокамі былі сумесныя акцыі крамаў і банкаў – набыццё  тавараў у растэрміноўку. У 2014 годзе ў нашай краіне з'явілася першая карта растэрміноўкі «Халва».

Мяняем дарагі крэдыт на танны

З 1 мая 2017 года банкі могуць выдаваць крэдыты без даведкі аб заробку. Праўда, гэтая норма носіць хутчэй рэкамендацыйны характар, таму што кожны банк мае права распрацаваць крытэрыі атрымання таго ці іншага крэдыту. Без даведак, як правіла, выдаюць пазыкі на невялікую суму. Даведкі адмянілі, у тым ліку і таму, што ў краіне даўно складаецца дасье на ўсіх пазычальнікаў у банку крэдытных гісторый. Існуе нават такое меркаванне, што другі-трэці крэдыт атрымаць лягчэй, таму што ўжо вядома, як пазычальнік сябе вядзе, а вось хто ўпершыню звяртаецца банк, той – асоба загадкавая. Зараз вельмі папулярныя крэдыты на рэфінансаванне старых пазык. Удакладняючы ў трох банках неабходны пакет дакументаў, высветлілася, што кожны з іх патрабуе даведку аб заробку, а некаторыя і аб памеры выплат і ўтрыманняў. Але нават і без апошняй даведкі, вызначаючы суму крэдыту для кліента, банк адымае ад яго даходу аплату камуналкі, іншыя абавязковыя плацяжы, пражытачны мінімум на кожнага непрацуючага члена сям'і і такім чынам вызначае пад'ёмную суму пазыкі.

Разгледзім, чым жа выгадны крэдыт на рэфінансаванне. Напрыклад, чалавек узяў крэдыт у суме 700 руб. пад 42% гадавых. Штомесячная выплата па ім складае 34.50 руб. На дадзены момант сума асноўнай пазыкі – 500 руб., і калі ўзяць крэдыт на рэфінансаванне, напрыклад, пад 15,5% на 3 гады, то выплачваць штомесяц давядзецца 17.46 руб.

Для атрымання крэдыту на рэфінансаванне кліенту трэба падрыхтаваць пакет дакументаў і мець станоўчую крэдытную гісторыю. Па словах эксперта кампаніі “ТэлеТрэйдБел”, выгада рэфінансавання ў тым, што кліенты банка атрымліваюць больш танныя крэдыты і на больш прывабных умовах (па форме выдачы, па варыянтах пагашэння, па тэрмінах і г.д.). Праводзіць рэфінансаванне можна ў тым жа банку, дзе атрымлівалі папярэдні крэдыт, альбо перайсці ў іншы. У апошнім выпадку рэфінансаванне ажыццяўляецца шляхам міжбанкаўскага пагашэння, не пераносячы грошы з адной касы ў іншую. Гэта дазволіць зэканоміць час і аперацыйныя выдаткі.

Цяпер досыць інтэрнэт-рэсурсаў, дзе можна азнаёміцца з прапановамі адразу ўсіх банкаў, якія выдаюць крэдыты на рэфінансаванне. Высокая верагоднасць, што колькасць банкаў, якія прапануюць новую пазыку на пагашэнне старой, павялічыцца. Па меры стабілізацыі фінансавай сістэмы зніжаецца стаўка рэфінансавання Нацыянальнага Банка, таму больш даступнымі становяцца крэдытныя прапановы. У гэты час сярод банкаў ўзрастае канкурэнцыя за спажыўца банкаўскіх прадуктаў, у тым ліку за крэдытаатрымальніка. Адна з прапаноў банкаў у такі перыяд рэфінансаванне крэдытаў, – тлумачыць Міхаіл Грачоў. Часцей за ўсё, гэта выглядае як атрыманне новага крэдыту пад больш нізкі працэнт для пагашэння ўжо дзеючага крэдыту. Банкі, такім чынам, пашыраюць свой крэдытны партфель, то бок выдаюць большую колькасць крэдытаў».


Карысна ведаць

  • Чым прасцей аформіць крэдыт, тым ён даражэй каштуе.
  • Перш, чым выбраць крэдыт, вывучыце ўсе прапановы, а вызначыўшыся – уважліва чытайце дагавор.
  • Найбольш рацыянальна браць безнаяўную пазыку на аплату канкрэтнага тавару.
  • Самы небяспечны крэдыт выдадзены наяўнымі на абстрактныя спажывецкія патрэбы. У такім выпадку грошы знікаюць, як вада праз рэшата.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».