Вы тут

Кіно пра фаната як знак стану контркультуры


Слава Андрэя Кудзіненкі робіць яго, магчыма, адным з найвядомейшых сучасных беларускіх рэжысёраў. Вучань Віктара Турава, прызёр міжнародных кінафестываляў, стваральнік жанру «бульбахорар», аўтар фільмаў «Акупацыя. Містэрыі», «Розыгрыш» і «Масакра», рэжысёр, што свядома адмовіўся ад прыбытковай працы над расійскімі серыяламі, нарэшце, арганізатар праекта «Хранатоп» і аўтар філасофіі-не філасофіі, але ідэі «хронотопи», у якой трэба памерці, каб нарадзіцца ў новай якасці. Дык вось, Андрэй Кудзіненка, які да гэтага меў справу толькі з ігравым кіно, зняў сваю першую дакументальную работу. Фільм «Фанат» пра заўзятара «Дынама Брэст» Васю-пешахода ўпершыню шырокай публіцы быў паказаны на кінафестывалі «Лістапад». І мы ўбачылі не наўмысна, але андэграўндную карціну, літаральна прасякнутую адпаведным мысленнем.


«Фанат» — фільм без прэтэнзій на складанасць, ён не ахоплівае вялікі прамежак часу, не імкнецца закрануць нешта глабальнае, эпахальнае, сацыяльнае. Дакументальная карціна цікавая якраз духам ледзь бачнага бунтарства, контркультуры, альтэрнатыўных правілаў існавання. Глядзіце самі: магутны фанацкі рух, што значыць неўтаймаваную сілу, эмоцыі і ўласныя законы; храбрасць і імкненне галоўнага героя да мэты; знакі пустэльніцтва, беспрытульнасці і чалавечага супрацьстаяння непадуладнаму духу (хваробе); існаванне ў своеасаблівым адарваным ад рэальнасці свеце і так далей.

Вася-пешаход — гэта Васіль Нікалаеў, што хварэе за футбольны клуб «Дынама Брэст» і ходзіць на футбол пешшу. Разам з Андрэем Кудзіненкам мы бачым яго дваццаты пешаходны трып на матч — гэтым разам на фінал кубка ў Гродне, за які збіраецца змагацца брэсцкае «Дынама». За спінай у галоўнага героя — больш за пяць з паловай тысяч пераадоленых кіламетраў. Больш за тое, Васілю яшчэ перад захапленнем пешымі падарожжамі паставілі дыягназ і з несуцяшальным прагнозам, маўляў, жыць засталося не больш за два гады. Але заўзятар памяняў стыль жыцця і стаў хадзіць — менавіта хадзіць — на матчы з удзелам «Дынама Брэст». Гэта было пяць гадоў таму.

У фільме мы суправаджаем Васіля Нікалаева на шляху ўздоўж прастораў, лясоў і вёсак, падчас размоў з мясцовымі жыхарамі, у час наладжвання лагера на ноч і сціплай вячэры (што нейкім чынам пераклікаецца з іншым фільмам Нацыянальнага конкурсу «Лістапада» «Вакол Беларусі на веласіпедах з маторамі» — адной з найлепшых карцін праграмы). У прынцыпе нецікавы працэс падарожжа лагічна павінен быць аздоблены займальнымі эпізодамі пра тое, што ў гэтым падарожжы здараецца. І ў «Фанаце» ён аздоблены — вельмі лёгка, пункцірна, другарадна — ненавязлівымі паралелямі, у якіх быццам і адлюстроўваецца краіна, але на гэтым дакладна не робіцца акцэнт, бо інакш той своеасаблівы фанацкі свет перастане быць першасны.

Затое гэтыя элементы абавязкова падтрымаюць цікаўнасць гледача. Напрыклад, размова з каларытнымі вясковымі бабулямі, адна з якіх прызнаецца, што ў маладосці таксама была заўзятаркай і ведала імёны ўсіх італьянскіх футбалістаў. Альбо паводзіны Васіля, што паказваюць, здаецца, на імкненне пры кожным зручным выпадку расказаць пра колькасць пераадоленых кіламетраў. Выбар новай палкі з рагаткай на канцы, бо бабулі не зацанілі тую, з якой Васіль прыйшоў да іх. Альбо размова з мужчынам на стадыёне — я, праўда, не ведаю, хто ён, — які цвяроза ацэньвае сітуацыю ў футболе і кажа, што «на гэта ўсё патрэбны час». Не апошнюю ролю тут іграе гісторыя самога Васіля — яго вялікая сям'я і пэўныя складанасці з айчымам, дыягназ, расставанне з дзяўчынай.

Самым адметным эпізодам, што разбаўляе мернасць падарожжа Васіля, з пункту гледжання спосабу здымак, а не зместу фільма, будзе, канешне ж, «кліп» на песню «Дай дарогу» аднайменнага гурта, нечакана ўстаўлены ў складны рытм «Фаната». Уласна ў гэтай сціслай форме лепш за ўсё праяўляецца блазенства рэжысёра: рапід, перавернуты экран, канцэнтрацыя на дэталях, мантаж джамп-кат, зваротнае здыманне, аб'яднанне розных па часе падзей... і адразу новая сустрэча. Гэтым разам на экране вельмі кінематаграфічна «стыльны» мужчына — жыхар вёскі Навасёлкі — у майтках і з палкамі для скандынаўскай хадзьбы, які прыўносіць ў падзеі нейкі камічны сюр.

Шэраг планаў, дзе камера здымае галоўнага героя праз нейкую рамку (створаную сценамі, праёмам у бетонным мануменце ці нечым яшчэ) папярэднічае ўвогуле сэнсастваральнаму эпізоду, у якім супрацоўнікі АМАП падыходзяць да Васі-пешахода і некуды вядуць. З Васем усё ў парадку, а нюанс, што характарызуе фанацкі рух у Беларусі, контркультуру і андэграўнд у тым ліку, адбыўся.

На фоне апошніх уражанняў ад фільмаў маладых і немаладых рэжысёраў, прасякнутых альбо штампаваным мысленнем альбо абмежаваным кругаглядам, варта ацаніць вельмі далікатнага, ураўнаважанага, але ўсё ж такі дзёрзкага «Фаната». Вы гэтай дзёрзкасці можаце і не заўважыць: ну, ідзе чалавек і ідзе, трапляе на матч, радуецца забітым галам любімага футбольнага клуба. Галоўнае, што і сам рэжысёр, магчыма, гэтага не заўважае, але свой першы дакументальны фільм робіць знакам альтэрнатыўнага мыслення. У першую чаргу таму што сам мысліць у гэтым рэчышчы і сумяшчае ў фільме любімыя сталкерамі закінутыя пабудовы і каларытных вясковых бабуль, фанацкую культуру і чалавечую адзіноту, эмацыянальны катарсіс і суправаджэнне амапаўцамі. Зусім нездарма Андрэй Кудзіненка — адзін з найвядомейшых беларускіх рэжысёраў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Далікатная дзёрзкасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.