Вы тут

Ці зацікавіла выпускнікоў педагагічных класаў дадзеная ім ільгота?


Сёлета адбыўся першы выпуск з моманту масавага адкрыцця педкласаў ва ўстановах адукацыі па ўсёй краіне — іх скончылі 1350 чалавек. Таксама ўпершыню ў Правілах прыёму ў ВНУ для гэтай катэгорыі абітурыентаў быў прапісаны асобны пункт, дзе прадугледжвалася магчымасць залічэння выпускнікоў педкласаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ, толькі па выніках гутаркі. У грамадстве ўвядзенне такой прывілеі ўспрынялі па-рознаму. У прыватнасці, выказваліся думкі, што выпускнікам педкласаў далі занадта вялікія льготы. Маўляў, у педагагічны ўніверсітэт пойдуць усе без разбору, у тым ліку і тыя, хто не можа добра здаць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Пра тое, як прайшла сёлета прыёмная кампанія ў БДПУ, на калегіі Міністэрства адукацыі расказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, прафесар Аляксандр ЖУК.


Уводзіны ў прафесію

— Усе мы добра разумеем: ад таго, які абітурыент прыйдзе сёння вучыцца да нас, залежыць, які настаўнік прыйдзе заўтра ва ўстановы адукацыі. Сістэмная і мэтанакіраваная работа па прыцягненні на педагагічныя спецыяльнасці моцных і матываваных абітурыентаў распачалася яшчэ ў 2014 годзе, калі пераможцы абласных алімпіяд, медалісты і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай атрымалі права залічвацца на педагагічныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў. Такая палітыка, безумоўна, стала прыносіць свой плён, — паведаміў Аляксандр Жук. — Напрыклад, у БДПУ колькасць сярод абітурыентаў медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай за чатыры гады вырасла амаль у дзевяць разоў — з 20 да 175. Заўважу, што гэта яшчэ і заканамерны вынік сістэмнай работы па прыцягненні лепшых выпускнікоў у нашу ВНУ. Сярэдні бал гэтай катэгорыі студэнтаў па выніках чатырох здадзеных сесій складае 7,5, а на гуманітарных спецыяльнасцях ён вагаецца ад 8,5 да 9 балаў.

Яшчэ адным важным фактарам павышэння «якасці» абітурыентаў стала ўвядзенне профільнага педагагічнага навучання ў старшай школе. Больш за два гады таму БДПУ выступіў з адпаведнай ініцыятывай, а ў 2015/2016 навучальным годзе першыя педагагічныя класы і групы з'явіліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У наступным навучальным годзе іх колькасць павялічылася больш чым удвая: у краіне дзейнічалі ўжо 319 педагагічных класаў і груп, у якіх навучаліся больш за 3,5 тысячы чалавек. У новым навучальным годзе колькасць педагагічных класаў і груп узрасла на 122 і склала больш за 440. У іх навучаюцца зараз 4700 чалавек. Лідарамі з'яўляюцца Мінская вобласць (амаль тысяча навучэнцаў і каля 100 педкласаў), сталіца (больш за 800 навучэнцаў і амаль 50 педкласаў) і Гродзенская вобласць (амаль 700 вучняў і больш чым 80 класаў).

Навучэнцы ў педагагічных класах і групах вывучаюць два-тры вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Як правіла, гэта тыя прадметы, настаўнікамі якіх яны плануюць стаць у будучыні. Акрамя таго, старшакласнікі павінны абавязкова засвоіць праграму факультатыва «Увядзенне ў педагагічную прафесію» аб'ёмам 140 вучэбных гадзін за два гады. На думку Аляксандра Жука, гэта цудоўная магчымасць для прафесійнага самавызначэння моладзі яшчэ ў час навучання ў школе, а таксама для фарміравання пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі.

Вынікі першага года

Што датычыцца атрымання так званай ільготы: права паступаць па выніках гутаркі ёсць толькі ў тых  выпускнікоў педагагічных класаў, хто мае па ўсіх прадметах у атэстаце адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш як 8 балаў. «Гэта патрабаванне задае высокую планку, — упэўнены рэктар БДПУ. — Да таго ж вучні павінны былі атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі для паступлення, завераную ў раённым упраўленні (аддзеле) адукацыі, спорту і турызму. Да выдачы такіх рэкамендацый падышлі на месцах вельмі адказна.

А цяпер непасрэдна пра вынікі прыёму: правам паступаць у галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны без экзаменаў скарысталіся 107 выпускнікоў педагагічных класаў, з іх каля 40 працэнтаў з'яўляюцца выхаванцамі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці і яшчэ каля 30% — выпускнікамі сталічных навучальных устаноў. Усяго ў БДПУ ў гэтым годзе было залічана 130 выпускнікоў педкласаў (яшчэ 23 чалавекі паступалі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання). А гэта складае толькі 10 працэнтаў ад усіх выпускнікоў педагагічных класаў.

Аляксандр Жук таксама праінфармаваў, што студэнтамі ВНУ сталі 672 выпускнікі педагагічных класаў з 1350 чалавек, гэта значыць палова. З іх 369 чалавек (каля 55%) вучацца сёння ў ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў для сістэмы адукацыі. Непасрэдна на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 230 выпускнікоў педкласаў, дзве траціны з якіх скарысталіся правам ільготнага паступлення (166 чалавек або 72%). Адпаведна, амаль траціна (64 чалавекі) былі залічаны на педагагічныя спецыяльнасці па выніках ЦТ.

З выпускнікоў педагагічных класаў за кошт сродкаў бюджэту на педагагічных спецыяльнасцях навучаюцца 93%, гэта значыць, што праз чатыры гады большасць з іх прыйдуць працаваць ва ўстановы адукацыі па размеркаванні.

Другая палова (303 чалавекі) выбрала ВНУ непедагагічнага профілю. Прычым найбольшая колькасць паступіла ва ўстановы вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю (46%), на другім месцы ідуць эканамічныя і медыцынскія ВНУ (14%).

Аляксандр Жук канстатаваў, што падобныя вынікі былі прадказальныя для першага выпуску з педагагічных класаў: «Звесткі маніторынгу, які мы сістэматычна праводзілі, карэлююць з выбарам выпускнікоў. У ходзе праведзенага ў мае бягучага года апытання толькі траціна адзінаццацікласнікаў выказала намер паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. Але, павінен адзначыць, што вынікі першага года непаказальныя. Трэба ўлічваць, што наступныя наборы ў педагагічныя класы (у 2016/2017 і ў 2017/2018 навучальных гадах) праходзілі пры больш высокай зацікаўленасці вучняў і іх бацькоў. Сёння ў педкласах навучаюцца больш моцныя і матываваныя школьнікі, чым гэта было напачатку, а ў некаторых школах нават склаўся конкурс на залічэнне ў педагагічныя класы».

Па словах рэктара БДПУ, вынікі прыёмнай кампаніі гэтага года дазваляюць зрабіць шэраг высноў. Па-першае, створаная сістэма паспяхова працуе на дасягненне стратэгічнай мэты — усвядомленага выбару педагагічнай прафесіі. Асновы фарміравання будучай прафесійнай педагагічнай эліты закладваюцца яшчэ ў школе.

— Для нас асабліва важна, што хлопцы і дзяўчаты, якія прыйшлі да нас, гэта насамрэч адмысловая катэгорыя абітурыентаў. Іх выбар старанна прадуманы і ўсвядомлены. Яны добра праінфармаваныя пра спецыфіку педагагічнай працы, складанасці педагагічнай прафесіі, пра яе плюсы і мінусы. Галоўнае, што яны паспрабавалі сябе і прыйшлі ў ВНУ, ужо маючы першасны педагагічны вопыт, — падкрэслівае Аляксандр Жук. — Па-другое, дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце і павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі ў грамадстве растуць і прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці. У БДПУ сёлета прыйшлі моцныя абітурыенты: сярэдні бал атэстата — не ніжэй 8,5 бала. Істотны рост ёсць па ўсіх спецыяльнасцях (ад 20 да 50 балаў). А па пяці спецыяльнасцях прахадныя балы былі больш за 310! Колькасць сярод першакурснікаў ліцэістаў і гімназістаў за тры гады павялічылася ў шэсць разоў (!) і склала 350 чалавек (з 800 студэнтаў дзённай бюджэтнай формы навучання яны складаюць больш за 40 працэнтаў).

«Бонус» да прывілеі

— Яшчэ адна важная выснова, якую мы зрабілі па выніках прыёмнай кампаніі, — устанаўленне пяцігадовага тэрміну адпрацоўкі для выпускнікоў педкласаў з'яўляецца істотным стрымліваючым фактарам, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Аказалася, што не ўсе абітурыенты гатовыя да такой «даважкі» ў выглядзе абавязковай пяцігадовай адпрацоўкі. З аднаго боку, такія ўмовы прыраўноўваюць выпускнікоў педагагічных класаў да «мэтавікоў», а мы ведаем, што апошнія часта маюць далёка не самыя высокія балы. У той час, як сярэдні бал атэстата ў выпускнікоў педкласаў, якія да нас паступалі, быў ад 9 і вышэйшы. З іншага боку, маладыя людзі плануюць сваю будучыню і робяць гэта свядома: чатыры гады вучобы плюс пяць гадоў адпрацоўкі па размеркаванні на пэўным месцы — вельмі далёкая перспектыва, а ніхто не ведае ў 17 гадоў, як складзецца яго жыццё. Таму мы лічым, што дадзеная мера немэтазгодная. Яна можа прывесці да адваротнага эфекту і дыскрэдытаваць ідэю фарміравання абітурыентаў з добра падрыхтаваных і матываваных выпускнікоў педагагічных класаў. Мабыць, варта абмеркаваць магчымасць скарачэння тэрміну адпрацоўкі пасля размеркавання для выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў, якія навучаліся ў педкласах, з пяці да двух ці трох гадоў, як мы гэта і прапаноўвалі. Альбо наогул прапрацаваць пытанне аб адмене мэтавых накіраванняў на педагагічныя спецыяльнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Настаўнік — прафесія з высокімі стаўкамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?