Вы тут

Як дольшчыкі даўгабуда праўду шукалі


Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Мабыць, менавіта гэтай прыказкай вырашылі скарыстацца пры будаўніцтве шматпавярховіка на сталічнай вуліцы Кальцова — толькі перайначыўшы яе на свой лад. Даўгабуд, узвядзенне якога пачалося яшчэ ў 2013 годзе, здалі ў эксплуатацыю толькі з сёмага разу. Дольшчыкам, многія з якіх трапілі з-за гэтага ў крытычную сітуацыю, нарэшце вырашыць праблему дапамог зварот у адміністрацыю Прэзідэнта.


Фота: onliner.by

На выязны асабісты прыём у Першамайскім раёне Мінска да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі КАЧАНАВАЙ прадстаўнікі дольшчыкаў прыйшлі пасля шматлікіх зваротаў у адміністрацыю раёна, а таксама ў Мінгарвыканкам і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Прыйшлі не з пустымі рукамі, а «ўзброіўшыся» калектыўным зваротам з 55 подпісамі. Усяго ж з-за моцна зацягнутага будаўніцтва 25-павярховіка не маглі атрымаць ключы ад сваіх кватэр 190 сем'яў. Абураныя гараджане, страціўшы ўсялякае цярпенне, нават запісалі відэазварот да Прэзідэнта. І калі расказ пра перыпетыі будаўніцтва выклікае спачуванне, то асабістыя гісторыі дольшчыкаў — шчыры жаль.

«Вырашыліся на трэцяе дзіця, толькі калі ўбачылі гатовы дом, заплаціўшы цалкам за кватэру. Зараз прыйдзецца туліцца ў 30 метрах нашым вялікім сямействам». «Каля 10 гадоў жылі з жонкай на здымнай кватэры і збіралі на сваё жыллё. Наша дзіця нарадзілася таксама на здымнай кватэры. Мы сабралі шмат грошай, улезлі ў даўгі, паспрабавалі вырашыць сваё кватэрнае пытанне, купілі кватэру, але на сёння ў нас няма ад яе ключоў». «Узялі крэдыт, але калі праз месяц не атрымаем ключы, то будзем плаціць павышаныя працэнты. А шматлікім маім суседзям наогул пагражае нямэтавае выкарыстанне крэдыту». І такіх гісторый — больш за паўтары сотні.

Пры гэтым дом быў цалкам гатовы ў гэтым чэрвені. Аднак раздаваць ключы стомленым ад чакання дольшчыкам ніхто не спяшаўся. Іх напаткала чарговая непрыемнасць — разбор паміж забудоўшчыкам і генпадрадчыкам. Справа ў тым, што будаўніцтва было падзелена на дзве чаргі: жылы дом і падземная аўтастаянка. У той час як шматпавярховік быў ужо цалкам гатовы, да будаўніцтва паркінга нават не прыступалі. Аднак генпадрадчык адмаўляўся ўводзіць дом у эксплуатацыю, пакуль не будзе цалкам завершаны ўвесь аб'ект.

Кампанія «Лайтстартэлекам», для якой дом па вуліцы Кальцова стаў першым праектам у сферы будаўніцтва, — да гэтага яна займалася тэлекамунікацыйнымі сеткамі — са сваімі задачамі справіцца не змагла. Як дольшчыкам растлумачылі ў Мінгарвыканкаме, рэсурсаў, каб працягнуць работы, у кампаніі зараз няма. Таксама як і жадання пакідаць будпляцоўку. Прычына гэтага «бунту» ў тым, што падрадчык быццам бы не атрымаў грошы за ўжо праведзеную працу ад забудоўшчыка «Фрэліэйсэксім». Выйсце адно — судовыя разборы, якія, як вядома, могуць цягнуцца гадамі. І ўвесь гэты час дольшчыкі, якія, па сутнасці, маюць ужо гатовыя кватэры, не маглі б у іх засяліцца...

На радасць зараз ужо паўнавартасных уладальнікаў кватэр, пасля ўмяшання Адміністрацыі Прэзідэнта пытанне было вырашана станоўча — дом уведзены ў эксплуатацыю. Дарэчы, праблема са стаянкай таксама зрушылася з мёртвага пункта. Падрадчыка ўсё ж удалося змяніць — да работ ужо прыступіў ААТ «Мінскметрабуд».

Праўда, стаць жыхарамі «Утульнага квартала» тым, хто хутка пераедзе ў дом па адрасе Кальцова, 37, наўрад ці ўдасца. Шанцаў на рэалізацыю амбіцыйнага праекта па ўзвядзенні трох высотак, увага, «камфорт-класа», бізнес-цэнтра і паркінга няшмат. Добра хоць, што адзін дом давялі да розуму. Дарэчы, летась зямлю пад будаўніцтва ў няўдачлівага забудоўшчыка ўжо канфіскавалі.

Дольшчыкі ж, якія нарэшце атрымалі жаданае, выказваюць вялікую падзяку Адміністрацыі Прэзідэнта, аднак ад іншых каментарыяў адмаўляюцца — стаміліся ад падвышанай увагі да сябе. І іх можна зразумець: усе думкі цяпер толькі аб варыянтах рамонту і спосабах арганізацыі пераезду. Добра хоць з суседзямі не трэба наладжваць адносіны: усе паспелі пазнаёміцца адно з адным за гады сумеснай барацьбы. Наступны крок — наданне хоць бы двару статусу «ўтульнага», але ўжо сваімі сіламі.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дом «некамфорт-класа»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.