Вы тут

Тэст-драйв доўгачаканай мадэлі Gееlу


«Ваш аўтамабіль стаіць у заторы, дарогі перакрытыя», — са шкадаваннем паведамляе супрацоўніца аўтасалона і прапануе прысесці ў крэсла побач з уваходам. Што зробіш, прыходзіцца чакаць. За тыя паўгадзіны, што мы з фатографам прасядзелі ў салоне, 6 чалавек прыйшлі спецыяльна для таго, каб паглядзець на айчынную навінку. У чацвер у 3 гадзіны дня людзі прыехалі ў Ждановічы, каб дакрануцца да машыны, якая пакуль нават не прадаецца. Сапраўды, у беларусаў існуе павышаны інтарэс да гэтай мадэлі — і мы высветлілі, наколькі ж ён апраўданы.


Вонкавы выгляд

Трэба сказаць, што аўтамабіль з'яўляецца новым для Беларусі, але не для Кітая, дзе ён актыўна рэалізуецца. Наогул, гэтую мадэль упершыню паказалі яшчэ ў 2015 годзе пад назвай Еmgrаnd Bоуuе.

Аднак дызайн мадэлі цешыць вока нават праз некалькі гадоў пасля прэм'ернага паказу. Сілуэт паркетніка намякае на дынаміку — лініі бакавога шклення імкліва звужаюцца ад пярэдняй часткі і да канца багажнага адсека. Аўтамабіль сапраўды прыцягвае ўвагу — за час тэст-драйва па сталічным праспекце Пераможцаў кіроўцы не адзін раз азіраліся на машыну.

Назва Аtlаs цалкам падыходзіць — вядома, што над яе стварэннем працавалі ў Кітаі, пры гэтым не апошнюю ролю адыгралі распрацоўкі шведскай Vоlvо. Дадайце сюды вядомую ролю беларусаў — і ўбачыце, што аўтамабіль атрымаўся мультынацыянальным.

Машына як звонку, так і ўнутры адчуваецца вялікай. Сегмент, да якога яна адносіцца, называецца С-SUV. Даўжыня аўтамабіля — крыху больш за 4,5 метра, шырыня — крыху больш за 1,8 метра. Дарожны прасвет складае 190 міліметраў, аднак наўрад ці яе будуць купляць, каб выязджаць на бездараж. У горадзе гэтага цалкам хапае, для паездак на дачу па грунтоўцы — сыдзе.

Вядома, знешні выгляд грае вялікую ролю, аднак значна важнейшая ўнутраная пабудова.

Што ж унутры?

Першае, на што звяртаеш увагу, калі спрабуеш сесці ў машыну, — цяжкія дзверы. І гэта дзіўна: калі ў большасці новых аўтамабіляў дзверы зачыняюцца лёгка і нязмушана, то тут патрэбна добрае намаганне, каб зачыніць іх да канца. Пасадка сапраўды высокая — агляд адкрываецца добры. Трохі бянтэжаць масіўныя бакавыя люстэркі, нібы ўзятыя з буйнога пазадарожніка, аднак да іх хутка прывыкаеш.

Геаметрыя прыбораў, мультымедыйнай сістэмы і блока кіравання клімат-кантролем — арганічная і лёгка засвойваецца. Кіроўца на інтуітыўным узроўні можа знайсці неабходныя кнопкі — добра, што іх тут сапраўды не так шмат. Калі раней можна было панаракаць на змесціва аўтамабіляў гэтай маркі, то цяпер гэта пытанне наўрад ці нехта падыме. Ёсць і прыемныя дробязі, накшталт ніш, схаваных па баках цэнтральнага тунэля, куды можна складаць розныя рэчы — напрыклад, тыя ж ключы.

Што датычыцца мультымедыйнай сістэмы, то яе можна назваць крыху састарэлай. Нягледзячы на немалады інтэрфэйс, працуе ўсё спраўна, хоць на дотыкі сістэма рэагуе з невялікай затрымкай. Спачатку было складана падключыць мабільны тэлефон, аднак, калі разабраліся ў меню, усё атрымалася.

Засмуціў руль — хацелася б зрабіць яго больш тоўстым, абшаляваць дадатковым лапікам скуры. Атрымаўся такі кантраст: калі сам салон стварае вельмі прыемнае ўражанне, то руль — найважнейшы элемент для камфортнага кіравання — трохі адштурхоўвае. Самі матэрыялы салона — бюджэтныя, але тая ж серабрыстая накладка пад алюміній на пярэдняй панэлі выглядае добра. І калі пярэднюю панэль рэдка кранаюць, то вось з рулём сітуацыя дыяметральна супрацьлеглая. Адназначна варта было зрабіць яго больш прыемным навобмацак.

Машына падыдзе высокім кіроўцам — з ростам 189 сантыметраў як на пярэдніх, так і на задніх сядзеннях над галавой застаецца вялікі запас. Што датычыцца саміх крэслаў, то ў дадзенай камплектацыі нам дастаўся аўтамабіль з тканінным салонам. Трэба аддаць належнае — сядзець камфортна, пярэднія сядзенні нават валодаюць бакавой падтрымкай, што можа крыху збянтэжыць буйных кіроўцаў.

Ззаду месца дастаткова не толькі па вышыні, але і ў нагах. На задняй канапе могуць размясціцца трое людзей сярэдняй камплекцыі, але лепей ездзіць там удваіх. Спадабалася і тое, што для пасажыраў ззаду прадугледжана практычна роўная падлога з невялікім узвышэннем у сярэдзіне.

Багажнік невялікі — 320 літраў. Пад падлогай схаваная «дакатка» і інструмент. Пагрузная вышыня, на жаль, завялікая — складаць цяжкія рэчы будзе даволі нялёгка. Калі хочаце павялічыць аб'ём, то заўсёды можна скласці заднія сядзенні, якія адкідваюцца ў прапорцыі 2:1. Роўная падлога не ўтворыцца, нават калі зняць падгалоўнікі.

Як жа яна едзе?

Мы атрымалі аўтамабіль з аб'ёмам 2,4 літра, шасціступеньчатай каробкай пераключэння перадач, а таксама пярэднім прывадам. Па пашпарце аўтамабіль выдае 148 конскіх сіл, круцячы момант — 225 Нм. Ёсць яшчэ двухлітровы варыянт, які выдае 141 сілу і 191 круцячага. Нічога незвычайнага — гэта атмасферныя бензінавыя чатырохцыліндравыя маторы. Дарэчы, у салоне расказалі, што можа з'явіцца і варыянт з аб'ёмам 1,8.

На жаль, нават пры максімальна дапушчальным аб'ёме дынаміка не радуе. Аўтамабіль, які пабываў у нас на тэст-драйве, праехаў каля 800 кіламетраў, таму «тапіць» мы не сталі. Але нават пры спакойным гарадскім руху разганяецца ён, скажам так, нетаропка. Аўтамат працуе добра, але ад машыны з такім вонкавым выглядам і салонам чакаеш куды больш спартыўнага характару. Таму ідэальна ён падыдзе людзям, якія аддаюць перавагу мернай яздзе. Дарэчы, нягледзячы на не самы ўдалы навобмацак руль, ён упэўнена і хутка адгукаецца на дзеянні кіроўцы.

Здзівіў расход паліва. Зразумела, што падчас абкаткі гэтая велічыня заўсёды трымаецца на высокім узроўні, але 14 літраў на 100 кіламетраў — гэта нямала.

У машыне даволі ціха — гукаізаляцыя на вышыні. Акрамя таго, спакойнаму характару адпавядае і плаўнасць ходу. Падвеска ў Аtlаs — гэта Макферсан спераду і паўзалежная, шматрычажная ззаду. Увесь гэты камплект лёгка з'ядае розныя ямы і няроўнасці, таму смела можна заваёўваць не самыя якасныя дарогі.

У нашай камплектацыі адсутнічалі пярэднія датчыкі паркоўкі, затое былі заднія. Пры паркоўцы вельмі хацелася б мець камеру задняга агляду, якая ёсць у больш поўных камплектацыях.

Наш вердыкт

Калі ішла падрыхтоўка гэтага тэст-драйва, то адразу некалькі чалавек пацікавіліся: ці пахне пластыкам у салоне? (Намякаючы на кітайскае паходжанне аўто.) Так, аўтамабіль на нашым тэст-драйве ўжо не назавеш абсалютна новым, аднак нават намёку на пластык не было чуваць. Сур'ёзная заяўка!

У цэлым аўтамабіль выйшаў крыху супярэчлівым. Глядзіце: імклівы выгляд, аднак мерны характар. Якасная пярэдняя панэль з буйным экранам, але на яе так і просіцца больш хуткая мультымедыйная сістэма. Для задніх пасажыраў сапраўды хапае месца, але ў багажнік сумак змесціцца няшмат. Немалыя габарыты, але адсутнасць камеры задняга агляду (вядома, яе можна атрымаць у іншай камплектацыі, але ж гэта ўсё грошы). Паказальны аспект: усе вокны можна апусціць у аўтаматычным рэжыме, а вось падняць можна, толькі бесперапынна ўтрымліваючы кнопку пальцам. Але тым не менш гэта цікавы аўтамабіль, на якім прыемна перамяшчацца з пункта А ў пункт Б.


Кошт пытання?

Дарэчы, гэты аспект выклікае самыя сур'ёзныя спрэчкі. Справа ў тым, што поспех мадэлі практычна цалкам залежыць ад таго, колькі грошай за яе папросяць. Чакаецца, што стартавы цэннік будзе ніжэй, чым на аўтамабілі гэтага ж класа. Аднак не варта забываць, што з добрым наборам опцый цана прыстойна павялічыцца.

І вядома, пакуль рэальнасць такая, што, пры ўсіх роўных, выбіраючы паміж «кітайцам» і нават «карэйцам», усё ж возьмуць апошняга. Пакуль яшчэ занадта нетрывалыя пазіцыі беларуска-кітайскага прадпрыемства на айчынным рынку. Ці магчыма гэта змяніць і атрымаць большую долю рынку? Так, таму што якасны тавар абавязкова знойдзе водгук у пакупніка.

Для паляпшэння сітуацыі вельмі патрэбна выгадная крэдытная праграма або варыянты лізінгу. Менавіта добрыя ўмовы продажу змогуць прыцягнуць дадатковых пакупнікоў. Акрамя таго, пакуль няясна, як гэты аўтамабіль пакажа сябе ў доўгачасовым выкарыстанні. Ці сапраўды не паўстане праблемы карозіі, бо кузаў праходзіць тры этапы антыкаразійнай апрацоўкі? За колькі можна будзе прадаць гэту машыну праз некалькі гадоў? Але першае ўражанне — хутчэй станоўчае. Будзем спадзявацца, што і ў далейшым гэты аўтамабіль пакажа сябе з лепшага боку.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Рэдакцыя выказвае падзяку кампаніі «Gееlу Цэнтр Мінск» за прадстаўлены аўтамабіль

Загаловак у газеце: Аtlаs свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».