Вы тут

Прафсаюз і пракуратура будуць разам разбірацца ў зваротах грамадзян


Першы сумесны прыём у складзе прадстаўнікоў абедзвюх структур прайшоў на Гродзенскім кансервавым заводзе. І невыпадкова. Правы работнікаў дадзенага прадпрыемства галіновы прафсаюз нядаўна абараняў у судзе.


Кадры пачынаюць і выйграюць

Дзмітрый Конюх некалькі месяцаў як на заводзе не працуе. Кажа, што звольніцца вымусілі адміністрацыйныя метады работы кіраўніка (цяпер былога). Дырэктар загадаў камерцыйнаму аддзелу, начальнікам якога быў Дзмітрый, любымі шляхамі даваць выручку ад рэалізацыі прадукцыі на суму 400 тыс. рублёў. А свайму намесніку, Віталю Кісялю — кантраляваць выкананне дадзенага даручэння.

Вядома, клопат аб эканамічным стане павінен праяўляць кожны кіраўнік. Стараліся і спецыялісты. Але выканаць план не маглі — выручка аказвалася ў 3—4 разы меншай. У шэрагу прычын Дзмітрый назваў адсутнасць сыравіны і тэхнічнай дакументацыі як на працэс вытворчасці, так і на саму прадукцыю. Між іншым, якасць кансерваванай агародніны і садавіны ў саміх работнікаў сумнення не выклікае. «Наша прадукцыя заўсёды была на вышыні, — сцвярджае Дзмітрый Конюх. — Але ў яе кошт закладзена вельмі многа выдаткаў. Ад гэтага тавар робіцца неканкурэнтным».

Нізкі ўзровень продажу адбіўся на зарплатах. У адрас адказных асоб гучалі пагрозы аб звальненні. Дзмітрый Конюх і Віталь Кісель вырашылі звярнуцца ў судовую інстанцыю. Іскавую заяву дапамаглі скласці ў абкаме прафсаюзаў работнікаў АПК.

— Іск аднаго з іх датычыўся адмены дысцыплінарнага спагнання і выплаты надбавак у памеры амаль 1 тыс. рублёў, — адзначыў галоўны прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Ціс. — У ходзе судовага працэсу ўдалося аднавіць рэпутацыю работніка і дабіцца адмены вымоў. А вось за вяртанне выплат і надбавак прыйдзецца пазмагацца ў судзе.

Што датычыцца іншага работніка, судом Кастрычніцкага раёна Гродна была даказана незаконнасць яго звальнення.

Дарожны зігзаг

Яго спрабуе зрабіць бяспечным начальнік рамонтнага ўчастка Мікалай Банны, які працуе на кансервавым заводзе больш за 10 гадоў. Гэту праблему ён таксама ўзняў на сумесным прыёме прафсаюзаў і пракуратуры. Работнік лічыць, што дарожны зігзаг трэба неяк агарадзіць, бо на гэтым месцы вельмі кепскі агляд і можна трапіць пад машыну. Да таго ж віраж, які быў створаны падчас узвядзення будынкаў жылога мікрараёна, дрэнна асветлены ў цёмны час сутак.

На заводзе сутыкнуліся яшчэ з адной праблемай. У выніку падняцця глебы грунтовыя воды сцякаюць у тэхнічнае памяшканне. Кожны дзень ваду, узровень якой дасягае паўметра, неабходна адпампоўваць. Такія меры не вырашаюць праблему, бо трэба бетаніраваць падлогу. Але ва ўмовах пастаянных ападкаў падобныя работы весці немагчыма, а санітарныя службы рэгулярна наведваюць аб'ект і выпісваюць да 10 базавых велічынь штрафу.

У гэтай сітуацыі Дзмітрый Ціс раіць звярнуцца ў судовую інстанцыю і абгрунтаваць сваю пазіцыю тым, што прадпрыемства ў складаным фінансавым становішчы, а гідраізаляцыю праводзіць немагчыма з-за высокай колькасці ападкаў.

— Трэба правільна абараняцца, — лічыць прававы інспектар.

Зараз рычагоў для гэтага будзе больш, бо да прафсаюзаў далучылася пракуратура. Не так даўно, у верасні, было падпісана пагадненне аб узаемадзеянні паміж Генеральнай пракуратурай і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. У рамках супрацоўніцтва праходзяць сумесныя мерапрыемствы па наглядзе і грамадскім кантролі на розных узроўнях.

— У нас адна мэта — абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян, — адзначыла пракурор аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Алена Чарнеўская. — Такія прыёмы дапамагаюць вырашыць пытанне на дасудовай стадыі. Бо непаразуменне паміж работнікам і наймальнікам можна зняць шляхам перамоў, пошуку кампрамісаў. У большасці спрэчак так і адбываецца.

Работнікі завода прыйшлі на прыём з рознымі пытаннямі. Так, інваліду ІІІ групы растлумачылі, якія ён можа мець абмежаванні ў рабоце. Работніцы, якая хоча знайсці працу па сваёй спецыяльнасці бухгалтара, але на заводзе працуе аператарам на лініі, Дзмітрый Ціс параіў правільна скласці рэзюмэ, паказаць сябе ў выгадным святле. У той жа час наймальнік не мае права адказаць у працоўным месцы з-за таго, што ў жанчыны двое малых дзяцей. Прававы інспектар паабяцаў высветліць, якія ёсць вакансіі ў прафсаюзнай галіне. Былі дадзены рэкамендацыі тым, хто звярнуўся па жыллёвых праблемах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Рэпутацыя, ільготы і санітарныя санкцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.