Вы тут

Лічбавыя абарыгены і лічбавыя імігранты


Нашы вучні жывуць у ХХІ стагоддзі, вучаць іх настаўнікі з XX стагоддзя, а навучанне адбываецца ва ўмовах XІX стагоддзя. Гэта словы аднаго з аўтараў нацыянальнай праграмы "Будучая школа Фінляндыі", прафесара Пасі Маціла. Пра неабходнасць школы адпавядаць патрабаванням лічбавага грамадства шмат казалі падчас міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі-форуму "Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі" (ІTE 2017), якая прайшла ў Мінску і сабрала каля 3 тысяч удзельнікаў: школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, прадстаўнікоў органаў кіравання сістэмай адукацыі і пастаўшчыкоў інфармацыйных тэхналогій.


— Мы жывём ужо фактычна ў 2018 годзе, выпускаем другое пакаленне школьнікаў, але па-ранейшаму дыскутуем наконт таго, як жа іх трэба вучыць і якія тэхналогіі выкарыстоўваць, — разважае кіраўнік адукацыйных праграм кампаніі "Mіcrosoft" у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Вольга СВІРЫДЗЕНКА. — Прычым выкарыстоўваем метады і тэхналогіі нават не з мінулага, а з пазамінулага стагоддзя. Калі ты ляціш на самалёце і твой рэйс затрымліваюць, ты думаеш: колькі ж я часу правяду ў дарозе? А потым прыгадваеш, што яшчэ сто гадоў таму трэба было скакаць на конях. Калі б вам зараз сказалі: "Садзіся на каня!", — у вас, напэўна, гэта выклікала б шок. Бо мы ж ведаем, што можна лятаць самалётамі. А калі гэту сітуацыю спраецыраваць на адукацыю? Інфармацыйныя тэхналогіі даўно праніклі ва ўсе сферы нашага жыцця, і толькі ў адукацыі мы далёка не заўсёды выкарыстоўваем дасягненні лічбавай эпохі. Пэўны час таму ў навучальныя ўстановы закупляліся дэвайсы, абсталяванне, якое па розных прычынах не было задзейнічана, і яно ўжо маральна састарэла, а мы зараз думаем толькі аб тым, як зрабіць так, каб яно працавала (каб апраўдаць выдаткаваныя сродкі), замест таго каб рухацца наперад. На гэтай стадыі знаходзяцца многія і школы, і краіны.

Сёння на ўзроўні адміністрацыі школ і кіруючых органаў робяцца спробы алічбаваць папяровыя працэсы: напрыклад, наведвальнасць дзяцей адзначаюць на планшэтах, а не ў папяровых журналах, справаздачы мы таксама падаём не на паперы, а адпраўляем па электроннай пошце. На жаль, гэтая праца вельмі моцна адцягвае нашу ўвагу ад рэальных патрэб. Таму я заўсёды прашу настаўнікаў: "Задайце сабе пытанне, што трэба адкінуць, каб з дапамогай лічбавых тэхналогій з новай хуткасцю рушыць наперад. Гэта як ракета, якая адкідвае баласт на старце для таго, каб ірвануць увышыню. Нам патрабуецца рэальная лічбавая трансфармацыя. З той інфармацыі, што вы сёння пачулі, праз тыдзень зможаце аднавіць толькі максімум 10 працэнтаў, таму што гэта самы неэфектыўны спосаб навучання — калі настаўнік ці выкладчык расказвае, а школьнікі і студэнты слухаюць...

— Адукацыя, заснаваная на завучванні, неканкурэнтаздольная сёння, — упэўнены намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях кампаніі ZTE Belarus Сямён ДЗІРКО. — Аб'ём існуючай інфармацыі настолькі вялізны, што запомніць яго немагчыма, пры гэтым даступнасць такая, што няма ніякага сэнсу гэта рабіць. Таксама неканкурэнтаздольная сёння і адукацыя, скіраваная на індывідуальныя дасягненні, а не на камандную работу. У дарослым жыцці мала хто дзейнічае ў адзіночку, як правіла, усе працуюць у камандах.

Ёсць думка, што адукацыя павінна развіваць толькі тое, з чым не можа справіцца штучны інтэлект. Гэта творчасць, крэатыўнасць, навыкі праектнай дзейнасці, планавання, расстаноўкі прыярытэтаў, уменне прымаць рашэнні, фарміраваць каманду, здольнасць рызыкаваць, эксперыментаваць, прыдумляць, мысліць крытычна. Плюс камунікатыўнасць, уменне вырашаць міжасабовыя канфлікты, уменне рызыкаваць і разглядаць уласныя памылкі як пункты росту. Лічыцца, што калі ты не памыляешся, значыць, робіш тое, што ўжо ўмееш, а, значыць, ты не вучышся новаму. Школа павінна фарміраваць у дзяцей лідарскія якасці, упэўненасць у сабе і, самае важнае, — уменне вучыцца арыентавацца ў вялікіх аб'ёмах інфармацыі, уменне яе здабываць, структураваць і ўстанаўліваць праўдзівасць ці непраўдзівасць.

— Пры гэтым ніхто не ведае, што будзе важным праз пяць-дзесяць гадоў і як адукацыі быць гатовай да імклівага развіцця свету? Таму я лічу, што трэба рабіць стаўку на настаўніка, які лепш за ўсіх ведае патрэбы, здольнасці і магчымасці сваіх вучняў. Трэба даць яму свабоду і неабходныя інструменты, каб ён самастойна мог сфарміраваць актуальнае навучальнае асяроддзе для вучняў, — падкрэслівае Сямён Дзірко. — У кожнага вучня і настаўніка для доступу да адукацыйных рэсурсаў павінен быць на рабочым месцы "тонкі кліент" і смартфон. Чаму менавіта "тонкі кліент"? Таму што педагог павінен вучыць, і не задача настаўніка інфарматыкі — устанаўліваць "софт" ці замяняць цвёрды дыск або наладжваць сістэмы і сеткі. Серверныя магутнасці размяшчаюцца ў дата-цэнтры, спецыялісты якога і займаюцца эксплуатацыяй і абслугоўваннем... Аператар дае серверныя магутнасці і ўсё неабходнае праграмнае забеспячэнне: пэўны "софт" для трэцяга, пятага, восьмага і г. д. класаў. А настаўнік факусіруецца на самым галоўным — ён фарміруе ў сваіх вучняў патрэбныя ў дарослым жыцці навыкі. Кожны кабінет павінен быць абсталяваны інтэрактыўнай панэллю замест класічнай дошкі, таму што візуалізацыя — гэта ключавы складнік навучання. Выяву заўсёды прасцей прыняць і зразумець, чым пачутую інфармацыю. Установа адукацыі павінна быць падключана да інтэрнэту на хуткасці, дастатковай для правядзення відэаканферэнцый, дыстанцыйнага навучання, доступу да знешніх рэсурсаў. А ў кабінетах павінна быць абсталяванне для відэазапісу заняткаў: гэта дазваляе атрымліваць веды ў тым аб'ёме, на тым узроўні і з той хуткасцю, якую вучань сам для сябе вызначае.

Прадстаўнік кампаніі ZTE дадаў, што дзяцей, якія нарадзіліся ў лічбавую эпоху, у асяроддзі камп'ютараў, відэагульняў, смартфонаў, лічбавых плэераў і г. д., называюць лічбавымі абарыгенамі. Для іх "воблачныя тэхналогіі" — абсалютна натуральная рэч. А настаўнікі — усяго толькі лічбавыя імігранты. Трэба гэта разумець і памятаць, што разрыў паміж педагогамі і навучэнцамі — велізарны, і, каб яго скараціць, трэба прыкласці каласальныя намаганні.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».