Вы тут

БалетМАЙСТАР (Пасляюбілейныя нататкі)


Адгрымелі гукі аркестра, адшумелі апладысменты, скончылася ўрачыстае святкаванне 70-гадовага юбілею мэтра беларускага балета Валянціна Елізар’ева. Першай з шэрагу імпрэз стала выстаўка фотаздымкаў, дзе Елізар’еў быў паказаны на шматлюдных рэпетыцыях і ў адзінокім творчым роздуме, да, пасля і падчас розных праглядаў, дыскусій, абмеркаванняў. Тэлебачанне паказала яго спектаклі, якіх набралася нямала за больш чым 35-гадовую дзейнасць балетмайстра ў нашым оперным тэатры. Прагучалі па тэлебачанні выказванні пра Елізар’ева калегаў, артыстаў балета, сяброў, вучняў, у выніку чаго атрымаўся шматгранны «калектыўны партрэт» таленавітага, неардынарнага, але жывога чалавека, часам яршыстага і ўпартага, з уласцівымі яму «дзіўнаватасцямі» і прыхільнасцямі. Пра яго казалі як пра заснавальніка беларускага балета (гэта няправільна па гістарычнай храналогіі, але правільна па сутнасці); заяўлялі, што свет даведаўся пра беларускі балетны тэатр дзякуючы Елізар’еву; сцвярджалі, што ён як бы падрыхтоўваў артысту глебу для палёту, для творчасці; адзначалі яго патрабавальнасць, але і абавязковасць (ён заўсёды выконваў абяцанае, нават у шкоду сабе); дадумвалі, што музыка падагравала яго фантазію, бо ён жадаў, каб аркестр у балетных спектаклях гучаў на некалькі градусаў больш горача, чым звычайна; назвалі яго «патрыярхам»…


Перамога «Спартака»

Яшчэ адным этапам шанавання Елізар’ева стаў балет Арама Хачатурана «Спартак», упершыню пастаўлены харэографам на беларускай сцэне ў 1980 годзе і адрэдагаваны ім для аднаўлення. Балет стаў падзеяй у жыцці тэатра.

Увабраўшы досвед папярэднікаў, Валянцін Елізар’еў і мастак Яўген Лысік цікавіліся перш за ўсё гістарычнымі і сацыяльнымі заканамернасцямі паўстання Спартака. Героі спектакля былі важныя для аўтараў як выразнікі грамадскіх сіл і таму са складу дзеючых асоб балета выпаў цэлы шэраг персанажаў. Аўтары не палічылі магчымым, напрыклад, убачыць у куртызанцы прычыну разгрому паўстання рабоў. Адпаведна з пастаноўкі знікла Эгіна, якая была ў іншых рэдакцыях балета.

Цэнтральнай ідэяй мінскага «Спартака», скразной лініяй яго драматургіі з’явілася проціпастаўленне двух светаў — паўсталага народа і Рымскай імперыі. Аўтары балета выкарысталі, здаецца, усе сродкі, якія мог даць сінтэз музыкі, харэаграфіі, сцэнаграфіі, майстэрства акцёраў, каб як мага ярчэй выявіць канфлікт, стварыць маштабныя вобразы. У тым ліку галоўныя — Спартака і яго атачэння. Гэтыя вобразы выяўляюцца ўжо ў самым пачатку балета, калі ў музыцы ўверцюры гучаць магутныя рамантычна-ўзнёслыя і журботна-трагічныя тэмы, малююцца карціны драматычнай барацьбы. Мы бачым прыгнечаныя непасільнай ношай постаці. Нібы атланты, яны трымаюць на сваіх плячах цяжкія каменныя пліты, на якіх напісаны словы пра веліч і славу Рыма. Наступную фарбу ўносіць харэаграфія. Палонныя, пастаўленыя на калені людзі то ўздымаюць рукі да неба, моляць аб літасці, то ў адчаі закрываюць імі твары, то пратэстуюць, сціскаючы кулакі. І ў гэтым своеасаблівым «танцы рук» бачыцца вобраз травы, што прыпала ў буру да зямлі, вобраз людскога смутку, сімвал пакуты народа.

Сумнае пяшчотнае адажыа Спартака і яго каханай Фрыгіі. Фрыгія — верная сяброўка героя, пяшчотная і ў той жа час мужная, што падзяляе з фракійцам усе нягоды яго шляху. І такія практычна ўсе гераіні балетаў Елізар’ева. (Ён наогул асабліва шануе і паважае балерын, шкадуе за цяжкую працу і кароткі сцэнічны лёс.) Каханне, як вядома, — асноўная тэма большасці твораў. Яго можна паказваць па-рознаму. Елізар’еў не пурытанін і не пазбягае, што называецца, вострых тэм, але яго адажыа заўсёды сцвярджаюць сапраўднае каханне і высокае стаўленне да жанчыны.

 ...На кантрасце з лірычнымі сцэнамі, звязанымі з Фрыгіяй, урачыстае гучанне труб, выхвальныя выкрыкі трамбонаў, ваяўнічая, выразная рытміка марша малююць у музыцы вобраз Рыма, сімвалізуюць яго трыумф. Танцоры ўдакладняюць думку: Рым — жорсткі заваёўнік, што крочыў па свеце з бяздушнасцю машыны, прычым кагорты легіянераў рухаюцца па пунсовай зямлі, нібыта залітай крывёю. На іх лютае шэсце абыякава пазіраюць драбы некалі велічных статуй, якія быццам з’едзены часам і недвухсэнсоўна прадказваюць воінам будучую пагібель. Невыпадкова ў кульмінацыйны момант сцэны оргіі ў Краса, военачальніка рымлян, у справу ўступаюць мячы і льецца кроў. Гладыятары б’юцца на арэне цырка, не бачаць адзін аднаго, і бязвокія глухія маскі на іх тварах выглядаюць сімваламі сляпой лютасці. Выява на задніку распалага чалавечага цела надае ўсяму, што адбываецца, аблічча «балю падчас чумы», паказвае адваротны бок свету, убранага ў залатыя адзенні.

Спектакль развіваецца ад акта да акта, ствараючы цэласны вобраз, праз абрушванне на гледачоў мора фарбаў, лавіны жарсцяў, сплеценых галасоў складнікаў розных відаў мастацтваў.

Моцнае ўражанне стварае адна з апошніх сцэн спектакля.

...Пераможаныя, разбітыя паўстанцы. Трагічная цішыня пануе над полем, дзе толькі што грымела бітва. Але вось, нібы перасільваючы саму смерць, падымаецца Спартак, які звяртаецца да паплечнікаў з развітальнымі словамі. На кліч правадыра адгукаюцца тыя, хто памірае, кожны з іх свой апошні ўздых перадае яму, каб падоўжыць дыханне, яго жыццё. Метафара, натхнёна знойдзеная пастаноўшчыкам, спрацоўвае: Спартак застаецца.

Сцвярджэнне інтэлектуалізму

...Праўда, дзесьці на шляху свайго развіцця харэаграфія крыху падурнела, што дало падставу М. Е. Салтыкову-Шчадрыну здзекліва пісаць пра танцы «вясёлых жыўчыкаў на вясёлых пейзажыках», а іншым заяўляць, што, калі ідзеш на такое відовішча, мазгі трэба пакідаць дома. Але пазней рэпутацыя балета аднавілася, і ён ужо шмат чаго ведаў і ўмеў да пачатку творчай дзейнасці Елізар’ева. Гэта дазволіла харэографу адразу загаварыць аб тым, што яго хвалявала.

 Спектакль ад пачатку да канца працяты «філасофскім асэнсаваннем лёсаў чалавецтва», пісаў рэцэнзент ужо ў 1978 годзе аб адным з першых балетаў, пастаўленых ім на беларускай сцэне. Харэограф заўсёды ўлічваў, што гледача, які змяніўся, стала прыцягваць інфармацыя, якая ідзе са сцэны, у тым ліку і балетнай, таму неабходны важкі інтэлектуальны складнік. Адпаведна, у яго спектаклях ускладняюцца выразныя сродкі, павялічваецца метафарычнасць мыслення, адначасова ўзмацняецца аналітычны пачатак, павялічваецца акумуляцыя ідэй новага часу.

Каб больш поўна і дакладна выказаць свой погляд на свет, пастаноўшчыку даводзілася, натуральна, ствараць яго «пластычную мадэль», зафіксаваную толькі ў кароткіх назвах частак. Падрабязнае лібрэта залішне канкрэтызавала сэнс таго, што адбываецца, перашкодзіла б перавесці дзеянне з побытавага плана ў план быційны, пра які і апавядаў харэограф. Яго драматургію рухала не жыццёвая, будзённая паслядоўнасць падзей, а мастацкая логіка аўтара, увасобленая ў форму лёсу героя, паказанага ў кульмінацыйныя, пераломныя моманты. Харэограф «ачышчаў» асноўны канфлікт твора ад непатрэбных яму выпадковых падрабязнасцяў.

«Для мяне важна, каб у спектаклі жыла значная, сучасная па думцы ідэя, — кажа Валянцін Елізар’еў. — Не сюжэт, а менавіта ідэя. З яе дапамогай я хачу размаўляць з сённяшнімі людзьмі, часта супярэчлівымі, з няпростым светаадчуваннем. Балет — гэта мастацтва думкі, ён валодае ўсімі рысамі інтэлектуальнага тэатра».

Харэограф заўсёды імкнуўся крочыць у нагу з эпохай, адгукацца на самыя сур’ёзныя пытанні рэчаіснасці. «Я заўсёды стаўлю аб сваім часе», — кажа Елізар’еў. І ў гэтым ён дасягае поспеху. Каб пераканацца, дастаткова паглядзець любы яго спектакль. У кожным з іх у пластычнай форме ўзнаўляецца жыццё, з яго святлом і ценем, радасцямі і драмамі, любоўю і нянавісцю. Харэограф чуйна адгукаецца на пульсацыю сваіх дзён, здабывае з іх квінтэсэнцыю таго, што адбываецца, прымушаючы прысутных сачыць за вынікам. А ён заўсёды актуальны, па-мастацку цікавы. І рассоўвае выразныя магчымасці балетнага мастацтва, знаходзячы новыя прыёмы вобразнасці, выходзячы за межы традыцыйнага балетнага зместу.

Да харэаграфічнай паэтыкі Елізар’еў заўсёды імкнецца падключыць лінію высокага напружання — думку. Эмацыянальны пачатак жыве ў ім у цесным адзінстве з рацыянальным. І наогул інтэлектуалізм характэрны для творчай індывідуальнасці балетмайстра, можа, менавіта ў ім найбольш поўна выяўляецца яго наватарства. З першага «прад’яўлення» Елізар’ева на беларускай сцэне стала зразумела, што для балета надышлі новыя часы: ламаюцца стэрэатыпы, ён перастае быць лёгкай забаўкай. Харэограф звяртаецца да тэм, якія былі недаступныя яму раней, і ўвасабляе іх з глыбінёй, нябачанай на харэаграфічнай сцэне.

Падарунак мэтру

Выдатнае ўражанне пакінуў і апошні этап свята — юбілейны гала-канцэрт, дзе выступілі артысты балета, якія з’ехаліся з розных краін (характэрна, што ўсе яны адмаўляліся ад ганарару ў жаданні зрабіць падарунак мэтру, пра што ён расчулена паведаміў перад пачаткам). Сярод выступоўцаў былі сусветныя знакамітасці з доўгім пералікам званняў і ўзнагарод, як, напрыклад, народная артыстка Расійскай Федэрацыі, прыма-балерына Вялікага тэатра, этуаль Міланскага тэатра «Ла Скала», афіцэр (!) Французскага ордэна «За заслугі ў мастацтве і літаратуры», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі, лаўрэат прэмій Benois de la Danse і «Залатая маска» Святлана Захарава; заслужаны артыст Расіі, лаўрэат прэміі Benois de la Danse, уладальнік Гран-пры Міжнароднай балетнай прэміі Danse Open Іван Васільеў.

Арыгінальным па форме і змесце быў нумар, пастаўлены кіраўніком Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра Барысам Эйфманам «Мужчына і жанчына», высокапрафесійна выкананы салістамі тэатра Любоўю Андрэевай і Алегам Габышавым. «Мне пашанцавала сутыкацца з творчасцю адначасова двух буйных майстроў, як Эйфман і Елізар’еў, — сказала танцоўшчыца. — У трупе першага я працую, на курсе другога — вучуся». Пазітыўнай ацэнкі былі вартыя госці — салісты Тбіліскага опернага тэатра імя З. Паліяшвілі Кацярына Сурмава і Давід Ананелі, а таксама ўладальнік I прэміі XIII Міжнароднага балетнага конкурсу, танцор з Кітая Вэнь Сяачаа; артысты тэатра «Кіеў мадэрн-балет» Алёна Салтыкова і Арцём Шошын.

Але галоўнымі героямі вечара сталі беларускія артысты, таксама ўладальнікі шматлікіх узнагарод, лаўрэаты міжнародных конкурсаў: Марына Вежнавец, Ірына Яромкіна, Кацярына Алейнік, Яна Штанге, Ксенія Ржэўская, Аляксандра Чыжык, Алег Яромкін, Антон Краўчанка, Дзяніс Клімук (працуе цяпер у амерыканскім нацыянальным балеце штата Паўднёвая Караліна), Ягор Азаркевіч і іншыя. Яны выразна, з пачуццём выканалі сцэны і танцы з балетаў В. Елізар’ева «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Дон-Кіхон», «Рамэа і Джульета», «Стварэнне сусвету», «Шчаўкунок», якія і сёння з’яўляюцца ўпрыгожваннем рэпертуару тэатра.

Па праўдзе кажучы, варта было б назваць усіх, але асабліва хочацца звярнуць ўвагу на маладых — прадстаўнікоў наступнага пакалення, — ужо славутага С. Мікеля са сваёй мініяцюрай «Знойдзеныя і страчаныя», якая заваявала ўзнагароду на міжнародным конкурсе; сына былога прэм’ера тэатра Уладзіміра Іванова — Уладзіміра Іванова-малодшага, які паказаў са сваёй партнёркай сімпатычны нумар пра тое, як двое маладых людзей ідуць па дарозе жыцця. У ім ён выступіў ужо не толькі як выканаўца, але і як харэограф. Выхаванцы народнага артыста Малдовы Раду Паклітару (таксама былога саліста тэатра Елізар’ева) выканалі віншавальны нумар мэтру. Ніці, што злучаюць пакаленні, на шчасце, не рвуцца.

Пра гэта сведчыў і вялікі канцэрт-віншаванне, які адбыўся ў Беларускай акадэміі музыкі, пад гаваркой назвай «Настаўнік і вучні». Канцэрт завяршыўся нумарам Наталлі Фурман «Ружы» — што сімвалізавалі кветкі, уручаныя настаўніку. Прафесар Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў выхоўвае новае маладое пакаленне балетмайстраў. Будзем спадзявацца, што яны возьмуць у яго лепшае, і паспяховае развіццё беларускай харэаграфіі працягнецца.

Юлія ЧУРКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.