Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» рыхтаваўся да службы ў войску


Чарговая порцыя прызыўнікоў гэтай восенню ўжо змяніла паўсядзённае адзенне на вайсковую форму. Вучыцца абараняць Радзіму пайшоў і наш фотакарэспандэнт. Пра армейскую службу Сяргей Нікановіч ведае не па чутках — за некалькі гадоў працы ў рэдакцыі са сваім фотаапаратам ён аб'ездзіў многія воінскія часці. У яго аб'ектыве адлюстроўваліся ключавыя падзеі, якія ў апошні час адбываліся ва Узброеных Сілах: вучэнні, пастаўка ў беларускую армію новых узораў тэхнікі і ўзбраення, ваенныя парады... На фотаздымках Сяргея — прадстаўнікі самых розных вайсковых прафесій. Не раз сваімі фотарэпартажамі ён праводзіў чарговых навабранцаў у армію. Здаецца, ужо неаднойчы «прымаў» з імі прысягу...


Цяпер Сяргей — па іншы бок аб'ектыва. І нам, яго «звяздоўскім» калегам, стала цікава, як ён адчувае сябе ў новай ролі.

Пра самастойнасць і ўзбекскі плоў

Панядзелак. Змяркаецца. Толькі пасля працы дамоў не спяшаемся. На сённяшні вечар — іншыя планы. Сяргей чакае нас у мінскай кватэры, дзе жыве з бацькамі і малодшай сястрой. Ён ужо здаў свае апошнія фотаздымкі рэдактару аддзела, таму з чыстым сумленнем рыхтуецца да войска.

Нас сустракаюць бацькі Сяргея. Дома і сястра Насця. Ала Яўгенаўна адразу запрашае за стол, мы сціпла адмаўляемся. Праўда, ненадоўга — перад гасціннасцю гаспадыні цяжка ўстаяць, а мы, між іншым, яшчэ не вячэралі.

За святочным сталом. Тут — самыя любімыя стравы будучага вайскоўца.

Відаць, што мама хвалюецца. Не з-за гасцей, вядома: і не такіх сустракалі! Праз некалькі дзён на аднаго члена сям'і часова стане менш.

— Якім бы самастойным ні быў Сяргей, усё роўна ж перажываеш, — прызнаецца Ала Яўгенаўна. — Гэта сын, і маме яго асабліва будзе не хапаць. Вечарам прыходзім з работы, збіраемся за вячэрай і расказваем, як для каго склаўся дзень. Ды што тут хаваць: і матэрыяльна ён нам дапамагае.

«Нічога, няхай паслужыць, хоць пасталее, — да размовы далучаецца бацька. — Ужо навучыцца і гузік прышыць, і адзенне памыць. Мужчынскі калектыў загартоўвае, армія надае самастойнасці».

У сямейным архіве захоўваюцца фотаздымкі, зробленыя падчас службы ў войску бацькі і дзеда.

Уладзімір Аляксандравіч ведае гэта не па чутках. Яго служба праходзіла на таджыкска-афганскай мяжы, акурат пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Па словах пагранічніка, вайна хоць і скончылася, але цішэй там не стала: увесь час былі як на парахавой бочцы.

— Затое бацька навучыўся ў войску гатаваць узбекскі плоў, які вельмі любіць уся наша сям'я, — прызнаецца Сяргей. — Як ні спрабуй паўтарыць рэцэпт, ніколі так, як у яго, не атрымаецца.

«Мы толькі пазнаёміліся, як Валодзя ў армію пайшоў, — успамінае Ала Нікановіч. — Пісьмы часам ішлі па два-тры тыдні. Чакаеш, а цэлы месяц вестачкі няма — пачынаеш перажываць. Потым у паштовай скрыні адразу чатыры канверты знаходзіш». Як прызнаецца мама Сяргея, з хлопцамі, якія не служылі ў войску, у той час дзяўчаты нават сябраваць не хацелі, што ўжо казаць пра тое, каб замуж выйсці.

Калі не да кніг

А тым часам Сяргей збірае неабходныя ў войску рэчы. У заплечнік, у якім яшчэ нядаўна ляжаў фотаапарат, ён складвае ніткі, мыльніцу, мыла, зубную шчотку ў футляры, зубную пасту, станкі для галення, кнопачны мабільны тэлефон, якім дазволяць карыстацца ў вызначаны для гэтага час, расчоску, крэм для абутку...

Прызыўнік збірае сумку.

— Малую баначку бярэш, — кажа бацька. — Мы ў свой час крэмам запасаліся: салдацкія боты павінны былі блішчаць і днём і ноччу. А вось расчоску (смяецца) можна і не браць: усё роўна паголяць.

Для Сяргея, дарэчы, гэта асобная тэма. Ён жа некалькі гадоў адрошчваў бараду. «Нічога, затое будзе новы імідж», — на поўным сур'ёзе кажа наш прызыўнік. А вось чаго ў войску яму будзе па-сапраўднаму не хапаць, дык гэта кніг. Іх браць з сабой непажадана — бібліятэкі воінскіх частак прапаноўваюць чытво на любы густ.

— Ды і ці будзе ў яго на гэта час, — сумняваецца маці. — Калі я першы раз збіралася ў радзільны дом (дарэчы, Сяргея чакала), думала, што буду рабіць да таго моманту, калі дзіця народзіцца, і ўзяла з сабой кнігу Драйзера. Акушэрка, убачыўшы мае рэчы, моцна здзівілася. У палаце смяяліся нават тыя, каму было не да гэтага. Праз 15 хвілін я зразумела, што ў такія моманты сапраўды не да кніг. Супадзенне альбо не, але іх Сяргей цяпер з рук не выпускае.

«А вось канверты, сынок, лепш узяць, — раіць бацька. — Гэта добра, што мабільнымі тэлефонамі дазволілі карыстацца, але хоць адно пісьмо каб нам напісаў! Такая традыцыя».

Месяцы без фотаапарата

Служыць Сяргей Нікановіч будзе ў рэзерве, у 2-й інжынернай брыгадзе. Гэта недалёка ад Мінска, у пасёлку Сосны. Асвоіць інжынерную справу захацеў сам. Ваенная сувязь і пяхота, куды па сваіх якасцях і здароўі таксама падыходзіў, зацікавілі менш.

— Нягледзячы на тое, што я гуманітарый, увесь час думаў, што нядрэнна было б атрымаць і тэхнічную адукацыю, — гаворыць Сяргей. — Магчыма, у жыцці яна мне мала спатрэбіцца, але мужчыну гэта карысна хоць бы для агульнага развіцця.

Вядома, яму пакуль цяжка ўявіць свае дні без фотаапарата. Ды і як не націснуць адпаведную кнопачку, калі раптам, як кажуць прафесіяналы, бачыш кадр. «Калі ты прыязджаеш у войска як фотакарэспандэнт, людзей гэта скоўвае, яны нават асцерагаюцца цябе, — лічыць прызыўнік. — Іншая рэч, калі ты з'яўляешся часткай калектыву».

Стрыжка і галенне барады: «рытуал» дапамаглі правесці сябры.

Сяргей спадзяецца, што ў арміі крыху скіне вагу. Усё ж такі дома харчуецца так, як страўнік падкажа, а гэта значыць, што халадзільнік можа адкрывацца нават ноччу. Армія, па словах хлопца, прывучыць яго да рэжыму. І гэта датычыцца не толькі харчавання. Ненарміраваны журналісцкі дзень, рэгулярныя камандзіроўкі часам вымушаюць вельмі рана ўставаць, а класціся далёка пасля поўначы.

— Вядома, буду сумаваць без свойскай ежы: мама любіць пабалаваць смачненькім, — прызнаецца наш калега. — Але я не пераборлівы, прызвычаюся да любога харчавання.

Безумоўна, як і любому хлопцу, яму хутчэй хочацца авалодаць стралковай зброяй. Пэўны вопыт, дарэчы, ёсць. І размова ідзе нават не пра школьныя ўрокі дапрызыўнай падрыхтоўкі. Сяргей жартуе, што за гады працы ў «Звяздзе», у прыватнасці падчас камандзіровак па вайсковых часцях, ён пастраляў больш, чым любы салдат тэрміновай службы. Сама бачыла: трапляў у цэль не толькі з пісталета Макарава і аўтамата Калашнікава — па сілах фотакару і гранатамёт!

Да службы гатовы!

Чацвер. Раніца каля ваенкамата Маскоўскага раёна. Бацькі даюць Сяргею апошнія парады, перапытваюць, ці ўсё ўзяў з сабой. Акрамя ўсяго неабходнага, у заплечніку — бутэрброды: у войску хлопцы сёння толькі павячэраюць.

— У нас вельмі моцны і сур'ёзны сын, — у адзін голас кажуць Нікановічы. — Нават калі ён хвалюецца, то не паказвае гэтага. Трымаецца, як сапраўдны мужчына. А армія зробіць з яго яшчэ і абаронцу — ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

У Мінскім гарадскім ваенным камісарыяце, куды разам з нашым калегам прывезлі прызыўнікоў з іншых ваенкаматаў сталіцы, шматлюдна. Пакуль хлопцы праходзяць кантрольны медагляд, за сваімі навабранцамі пад'язджаюць прадстаўнікі вайсковых часцей, дзе тыя будуць праходзіць службу.

Маладыя байцы чакаюць апошнюю перад адпраўкай медкамісію.

Сяргееву прыгоднасць да службы па здароўі ўрачы прызналі ўжо даўно, але раптам прызыўнік сябе дрэнна адчувае альбо ў апошнія дні перад адпраўкай нешта здарылася — лепш падстрахавацца. Лор, акуліст, псіхатэрапеўт, неўролаг, хірург, стаматолаг, дэрматолаг, тэрапеўт — адну за адной Сяргей адчыняе дзверы з адпаведнымі шыльдамі. Нарэшце, вердыкт — можа служыць!

 

Сярод абавязковага агляду — стаматолаг...

Пакуль чакае ад'езду ў 2-ю інжынерную брыгаду, ёсць час пагутарыць. Спаў ён сёння ад сілы тры гадзіны. Прызнаецца, што амаль як перад камандзіроўкай: ведае, што ў аўтобусе адаспіцца. Сяргей ужо паспеў пазнаёміцца з некаторымі хлопцамі. «Калі ехалі сюды, нехта сказаў, што сёння яшчэ арганізацыйныя моманты, але ўжо заўтра ў шэсць гадзін раніцы мы ўстанем і будзем маршыраваць, — кажа ён. — Напэўна, пасля гэтых слоў усе ўсвядомілі, што заўтра пачнецца новае жыццё. Вельмі цікава, ужо нават азарт з'явіўся: хутчэй хачу даведацца пра армію знутры».

Відаць, што Сяргей будзе сумаваць па рабоце. Яму вельмі хочацца падысці да нас, узяць у рукі фотаапарат, але сёння ён — па-іншы бок аб'ектыва. «Пазіраваць і адказваць на пытанні так дзіўна! — прызнаецца прызыўнік. — Таксама быццам да гэтага датычны, але я ўжо не з вамі...»

Сяргей здаў сваё пасведчанне прызыўніка. Ужо сёння ён атрымае ваенны білет. «Ніяк не дачакаюся гэтага моманту: ужо набыў для яго прыгожую вокладку», — кажа на развітанне. Хутка ўбачымся на прысязе! А пакуль — добрай службы, вайсковец!

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Пайшоў прызыўніком, прыйдзе абаронцам

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.