Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі першага этапу Кубка свету па біятлоне, гульнях гандбольнага БГК і баскетбольнага «Цмокі-Мінск».


1. Завяршыўся першы этап Кубка свету па біятлоне.

Фота: vk.com/biathlon_online

Цяпер у агульным заліку найлепшай з беларусак з'яўляецца Надзея Скардзіна, яна займае трэцяе месца. Нагадаем, спартсменка ў шведскім Эстэрсундзе стала пераможцай індывідуальнай гонкі, у спрынце была 12-й і заняла 6-е месца ў гонцы праследавання.

Дар'я Домрачава знаходзіцца на 33-м месцы (27 ачкоў), Ірына Крыўко займае 39-ю пазіцыю (22), Надзея Пісарава — 52-ю (8), Дар'я Юркевіч — на 54-й пазіцыі (5). Агульны залік узначальвае францужанка Жусцін Брэза.

У мужчын у лідарах дзеючы пераможца Кубка свету, шасціразовы ўладальнік Хрустальнага глобуса француз Мартэн Фуркад. З беларускіх страляючых лыжнікаў заліковыя балы мае толькі Раман Ялётнаў. Іх у яго ўсяго 8, што адпавядае 44-й пазіцыі ў агульным заліку. Старшы трэнер мужчынскай каманды Васіль Бальшакоў адзначыў, што склад мужчынскай зборнай Беларусі па біятлоне на другі этап Кубка свету будзе зменены. На Кубак ІBU адправяцца Уладзімір Чапелін і Сяргей Бачарнікаў, замест іх кампанію Раману Ялётнаву і Максіму Вараб'ю складуць Аляксандр Дарожка і Віктар Крыўко, якія выканалі ўмовы для павышэння іх спаборніцкага статусу.

Другі этап Кубка свету пройдзе ў наступныя выхадныя ў аўстрыйскім Хахфільцэне. У яго праграму ўключана 6 стартаў:

8 снежня — спрынтарскія гонкі (мужчыны — 10 км, жанчыны — 7,5 км);

9 снежня — гонкі праследавання (мужчыны — 12,5 км, жанчыны — 10 км);

10 снежня — эстафеты (мужчыны — 4х7,5 км, жанчыны — 4х6 км).


2. Гандбалісты БГК імя Мяшкова спынілі серыю з чатырох паражэнняў у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы дома славенскі «Цэле» 29:24.

— Матч быў важны для абедзвюх камандаў. Адчувалася напружанне. На нас ляжала вельмі вялікая адказнасць пасля чатырох прайграных матчаў у Лізе чэмпіёнаў. Хлопцы моцна настроіліся. Гэта тлумачыла тое, што ў першыя дзесяць хвілін было забіта ўсяго пяць мячоў абедзвюма камандамі. Наша дружына славіцца тым, што ў цяжкія моманты хлопцы ўмеюць сабрацца і выйграць. Гэта вельмі важна. У такіх момантах каманда расце, — расказаў пасля матча галоўны трэнер БТК Сяргей Бябешка.

Тым часам вызначыліся ўсе сапернікі гандбалістаў мінскага СКА па групавой стадыі Кубка ЕГФ. Уладальнікам апошняй пуцёўкі ў групу «А» стаў славацкі «Татран». Жараб'ёўка таксама вызначыла ў сапернікі мінскаму СКА дацкі «Б'ерынгбро» і нямецкі «Магдэбург».

Першы матч СКА згуляе дома 10 або 11 лютага з «Магдэбургам».


3. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» пацярпелі другое паражэнне запар у матчах Адзінай лігі ВТБ.

На выездзе мінчане саступілі краснадарскаму клубу «Лакаматыў-Кубань» — 56:67. У складзе «цмокаў» самым выніковым стаў капітан каманды Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 12 ачкоў.

Нагадаем, у папярэднім паядынку «банкаўскага» турніру падапечныя Аляксандра Круцікава прайгралі ў Мінску саратаўскаму «Аўтадару» 82:86. У васьмі матчах Адзінай лігі ВТБ чэмпіёны Беларусі атрымалі 3 вікторыі пры пяці паражэннях. Сваю наступную гульню яны правядуць 10 снежня на паркеце «Мінск-Арэны» супраць талінскага «Калева», які ў сямі сустрэчах перамог толькі аднойчы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У такіх момантах каманда расце

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.