Вы тут

Як лечаць вяскоўцаў, якіх дзеці на зіму забіраюць у вялікі горад


Удакладніць дыягназ, скарэкціраваць лячэнне або аформіць інваліднасць старому, якога дзеці прывезлі ў горад, каб перачакаць зімовыя халады, значна прасцей, чым на вёсцы. Тут больш магчымасцяў, спецыялістаў і аператыўнасці. Якія паслугі атрымліваюць вяскоўцы ў сталіцы і як іх успрымае персанал медыцынскіх устаноў, пацікавілася карэспандэнт «Звязды».


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ні разу не адмовілі

Мінчанка Людміла прывозіць маму зімаваць у Мінск ужо восьмы год. Тры гады абслугоўваліся ў паліклініцы ў Малінаўцы, пяты год — у Шабанах.

— Я вельмі задаволеная, як ставяцца да мамы. Ёй ужо даўно мінула 80, і ні разу яшчэ не здарылася, каб мне ўрачы ў нечым адмовілі, — дзеліцца яна вопытам.

Кожны год Людміла піша заяву, каб працягнулі абслугоўванне ў паліклініцы. Кажа, прымаюць бабу Лізу без праблем усе спецыялісты. А калі хуткую дапамогу выклікалі, на наступны дзень участковы тэрапеўт прыходзіла.

— Вось у мінулую пятніцу хадзілі з мамай у паліклініку. Нам спачатку сказалі пасля лета прайсці ўсіх урачоў. А калі тэрапеўт даведалася, што мама ў жніўні ляжала ў мясцовай бальніцы, дазволіла прынесці эпікрыз і выпіску па аналізах адтуль, каб не хадзіць дарэмна па кабінетах.

Пускалі ў рэанімацыю. Не клалі ў бальніцу

Усё залежыць ад канкрэтнага спецыяліста, да якога трапіш, упэўнена Наталля, бацькоў якой ужо няма ў жывых. Яна таксама прывозіла іх у свой час у горад на зіму і мае розны вопыт абыходжання.

— Майму бацьку ампутавалі абмарожаныя пальцы на нагах і руках. Ён тры месяцы ляжаў у бальніцы. Там вельмі ўважліва да яго ставіліся, дапамагалі ва ўсім. Нават на нейкі час дадому адпусцілі. Сказалі, што так яму псіхалагічна будзе лягчэй, калі ад бальнічных сцен перадыхне, пабудзе з роднымі. Пасля зноў паклалі. Зрабілі спецыяльны разрэз на кісці, каб ён мог лыжку з відэльцам трымаць, — успамінае Наталля. — А як мама ляжала, дык мяне нават у рэанімацыю пускалі. У яе энтэракаліт быў, дык медыкі з хуткай дапамогі прыехалі і казалі ўсё: «Асцярожненька, не спяшайцеся». Пад рукі яе вялі, дапамагалі.

Акрамя станоўчых момантаў, памятае мінчанка, як прыходзілася змагацца за права атрымаць меддапамогу:

— Аднойчы ў бацькі моцна разбалеўся жывот. Выклікалі «хуткую», брат павёз яго ў бальніцу. А там укол зрабілі і кажуць: вязіце, маўляў, дахаты. Я давай дзяжурнаму ўрачу абурацца: што адбываецца, чаму не абследавалі, не ўзялі аналізы. «Ён вернецца дахаты, зноў забаліць, і мне што, зноў выклікаць хуткую дапамогу?» — пыталася. — «Ваша права», — кажа ён. Толькі калі я папрасіла яго прадставіцца, каб магла спасылацца, хто адмаўляе ў шпіталізацыі пры вострым болі, бацьку павялі на аналізы. Свякроў вось пакутуе ад высокага ціску. Забяруць яе ў бальніцу, саб'юць яго і дахаты адпраўляюць. А высветліць прычыну, чаму месяц той ціск скача раптоўна ажно да 200, а з раніцы бывае паніжаецца да 60-ці, ніхто не бярэцца.

Прымацаваўся — атрымаў

— Прыезджыя старыя становяцца паўнапраўнымі жыхарамі любога мікрараёна горада і карыстаюцца ўсімі медыцынскімі паслугамі, — упэўнена Наталля МЫСЛІЎЧЫК, галоўны ўрач 36-й гарадской паліклінікі. — Яны заказваюць талончыкі да ўрачоў, могуць выклікаць тэрапеўта дадому, лячыцца ў аддзяленні дзённага знаходжання. Калі патрэбна спецыялізаваная дапамога, даём накіраванні ў бальніцу.

Прымацавацца да паліклінікі па месцы жыхарства сваякоў старым людзям проста. Дастаткова напісаць заяву, дзе ўказаць, з якой па якую даты чалавек хоча тут абслугоўвацца. Як правіла, гэта робяць адразу на год. Адмовіць у прымацаванні ці зняць з уліку старога вяскоўца могуць, калі ўрачы не знаходзяць яго па ўказаным адрасе.

Заява разглядаецца за адзін дзень. За наступныя тры ва ўстанову, дзе чалавек абслугоўваўся папярэдне, дасылаюць паведамленне, што ён часова прымацаваны да іншай паліклінікі. У адказ прыходзіць выпіска з медыцынскіх дакументаў.

— Мы павінны мець уяўленне пра стан здароўя пажылога пацыента. Здараецца, прыязджаюць і інваліды, і людзі з рознымі захворваннямі, якім неабходна выпісваць ільготныя медыкаменты. Часта мы нават карэкціруем прыём прызначаных ім раней прэпаратаў, — расказвае галоўны ўрач. — Што ні кажы, у горадзе больш магчымасцяў трапіць да профільных спецыялістаў, якія дапамогуць удакладніць дыягназ. Гэта зручна і пры афармленні групы інваліднасці. Бадай што ўсе патрэбныя ўрачы ў адной паліклініцы, не трэба бегаць па розных установах. У паліклініцы праводзім патрэбнае абследаванне і накіроўваем пацыента на агляд у МРЭК (медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію).

На кожнага новага пацыента заводзяць медыцынскую картку. Калі ён збіраецца вярнуцца дахаты на вёску, чалавеку робяць выпіску, дзе ўказваюць усе пройдзеныя ім даследаванні, флюараграфію, аналізы і іншае. Калі за тыдзень да канца тэрміну прымацавання пацыент не піша заяву паўторна, яго аўтаматычна здымаюць з уліку.

Бясплатна і за грошы

Усе паслугі для старых бясплатныя. Аднак, як і любы пацыент, яны могуць паскорана атрымаць медыцынскую дапамогу за грошы. Тое, што не ўваходзіць у «клінічны пратакол лячэння па захворванні», таксама аплачваецца, напрыклад, падводны душ-масаж.

— У нас жанчына неяк аформіла абаім сваім бацькам паслугу «асабісты ўрач-тэрапеўт». У ёй дакладна прадугледжана, колькі разоў за год старых павінны агледзець розныя спецыялісты (тэрапеўт, афтальмолаг, кардыёлаг...), якія трэба зрабіць даследаванні, — тлумачыць Наталля Мысліўчык. — Загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення асабіста тэлефануюць на мабільны і дагаворваюцца аб даце і часе правядзення пэўных працэдур. І ніякіх вам чэргаў і кантактаў з іншымі пацыентамі.

Набор працэдур, якія можна ўключыць у паслугу асабістага тэрапеўта, папярэдне выбіраецца з пераліку тых, што аказваюцца ў паліклініцы. Акрамя звычайных, можна заказаць сутачнае манітарыраванне электракардыяграмы, артэрыяльнага ціску, ультрагукавое даследаванне сасудаў, праверку шчытападобнай залозы і іншае.

Пасля выкліку хуткай дапамогі тэрапеўт абавязкова наведваецца да хворага на наступны дзень. Ён удакладніць, што здарылася, разбярэцца, чаму не спрацавала прызначанае лячэнне. Магчыма, скарэкціруе яго, падкажа, як самастойна купіраваць высокі ціск, калі выклік «хуткай» быў праз гэта, дадала галоўны ўрач.

Калі старым раптоўна спатрэбіўся догляд праз цяжкае захворванне, іх дарослым дзецям могуць выпісаць нават бюлетэнь па доглядзе непрацаздольнага члена сям'і. Гэта датычыцца, напрыклад, выпадкаў інсульту. Праўда, тэрмін такога бальнічнага абмежаваны максімум адным тыднем, а дакумент выдаецца толькі праз урачэбна-кваліфікацыйную камісію.

Усе мы ў свой час станем старымі. І хочацца верыць, што ў тую пару мы не застанемся без спагады дзяцей і ўрачоў і праславуты «чалавечы фактар» нас не закране.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падводны масаж і асабісты тэрапеўт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».