Вы тут

Фестывальны праменад з беларускімі драматургамі


Кожны фестываль — гэта конкурс і паказ сучаснага тэатральнага працэсу. Існаванне журы і прысуджэнне ўзнагарод абвастраюць страсці. Заўсёды ёсць пераможцы, пакрыўджаныя, расчараваныя. Тэатральныя людзі, якія ўдзельнічаюць у тэатральным фестывалі, дзеляцца на драматургаў, рэжысёраў, крытыкаў, прадзюсараў. У іх ва ўсіх ёсць свае перавагі, сваё разуменне тэатральнага працэсу, ёсць і тыя, за каго хварэюць. Яны асаблівыя гледачы, скажам так, зацікаўленыя. І ёсць звычайныя гледачы, якія ходзяць у тэатр не надта часта, але жадаюць атрымаць ад спектакля задавальненне, эмоцыі, новыя думкі. Сілы заўсёды няроўныя. Часта чаканні адных і іншых гледачоў разыходзяцца. Гэта аб’ектыўны факт. Як крытык, што ўважліва сочыць за тэатральным працэсам у нас у краіне і за яе межамі, абапіраюся на сваё меркаванне і свой густ, якія паспрабую перадаць у артыкуле аб Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі, што прайшоў на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску.


Сцэна са спектакля «Кропкі на часавай восі».

Драматургі

На шостым фестывалі нацыянальнай драматургіі былі паказаны п’есы дзевяці беларускіх аўтараў. Сцэнічнае жыццё ім далі дзесяць рэжысёраў. У Дзмітрыя Багаслаўскага, Сяргея Кавалёва, Мікалая Рудкоўскага, Анатоля Дзялендзіка ўстойлівая рэпутацыя і вядомасць. Віктар Марціновіч, Юлія Чарняўская, Васіль Дранько-Майсюк у бабруйскім конкурсе ўдзельнічалі ўпершыню, як і тэкст Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», што прывезлі замежныя госці са Славакіі. Акрамя таго, два творы Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» і «Сіняя-Сіняя» дазволілі тэатрам лялек стварыць яркія спектаклі.

У творчай лабараторыі фестывалю на ўзроўні сцэнічных чытак былі прадстаўлены п’есы Аляксандра Бугрова, Віталя Каралёва, Максіма Дасько, Карыны Рыбак як праекты для магчымых пастановак на сцэне. Прафесар Люблінскага ўніверсітэта Сяргей Кавалёў называў пералічаныя і іншыя імёны, якія ведаюць у Польшчы па перакладах, даследаваннях тэатразнаўцаў і пастаноўках. Гэта таксама Андрэй Іваноў, Павел Пражко, Канстанцін Сцешык, якія актыўна асвойваюць замежныя тэатральныя прасторы і рэгулярна трапляюць у шорт-лісты драматургічных конкурсаў «Еўразія», «Дзеючыя асобы», «Рэмарка», «Любімаўка».

Сёння мы маем вялікі разнамасны атрад беларускіх драматургаў. Ёсць старэйшае пакаленне, якое існуе ў сваім свеце і піша так, як прывыкла. Ёсць малодшае пакаленне, якое сышло ў бок новай драмы і дакументальнага тэатра. Ёсць класікі, чые п’есы актуальныя. Крыху асобна стаіць Сяргей Кавалёў, які знайшоў сваю нішу ў даследаванні міфа і біблейскіх сюжэтаў. Яму пакуль у гэтым кірунку няма роўных.

Пра іх не змаўкаюць спрэчкі ў сацыяльных сетках. Дый шмат хто з маладых сам умее прапіярыць свае творы. Такім чынам, выдатна задуманы фестываль нацыянальнай драматургіі не толькі актуальны, ён проста неабходны.

Рэжысёры

Сярод іх не было пачаткоўцаў. Ад старэйшых Аляксея Ляляўскага, Саўлюса Варнаса, Аляксандра Гарцуева, Венедзікта Растрыжэнкава, Валянціны Ераньковай, Алега Жугжды да прадстаўнікоў малодшага пакалення — Кацярыны Аверкавай, Ігара Казакова, Таццяны Траяновіч. Такая ж яркая палітра індывідуальнасцей, як у драматургіі. І на чытках засвяціліся невядомыя пакуль маладыя імёны. Яны ўмеюць ствараць псіхалагічную вязь у стылі «пяцелька — кручочак». Умеюць стварыць спектаклі тэатра абсурду, містычныя драмы, галюцынацыі, авангард, мюзікл. У сучаснага тэатра існуе вялікая колькасць розных форм. Ён змяняецца як мазаіка, як калейдаскоп. Пры адхіленні дэманструе іншы ўзор. Традыцыйны або альтэрнатыўны шлях — пляцоўка для творчай рэалізацыі, самавыяўлення і мастацкага выказвання.

Ад біблейскіх сімвалаў, вытанчаных эстэтык, гратэску, буфанады да дакументалістыкі, — здаецца, што ўсё асвоілі нашы беларускія рэжысёры, хоць не ўсё самае лепшае трапіла ў фестывальную афішу. Амаль кожны спектакль, які прыехаў у Бабруйск, не ўпісваўся ў яго сцэну: падводзіла тэхніка, адсутнасць неабходных прыбораў для асвятлення, гуку, кінапраекцыі. На жаль, гэта рэальнасць сённяшняга дня — недахоп сродкаў і сцэнічных пляцовак. Ранейшы тэатр псіхалагічнага рэалізму ад гэтага не пакутаваў. Сённяшні візуальны фармальны тэатр так жыць не можа.

Госці са Славакіі са спектаклем «У вайны не жаночы твар» не дачакаліся сваёй фуры з дэкарацыямі і касцюмамі. Яе не прапусціла мытня. Дзякуючы гераічным намаганням дырэктара бабруйскага тэатра Веранікі Вінэль знайшлі, выпрасілі, збілі з дошак, падабралі з запасаў усё, што падыходзіць, каб спектакль быў адыграны. Ён прагучаў як адкрыццё тэмы жанчын у экстрэмальных умовах, як урачысты рэквіем.

Сцэна са спектакля «Сіняя-Сіняя»

У выгадным становішчы апынуліся гаспадары фестывалю. Запрошаная з Мінска рэжысёр Таццяна Траяновіч за 37 дзён ператварыла, як лічылі, эксперыментальную п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага «Кропкі на часавай восі» ў паўнавартасны спектакль пра важныя падзеі сусветнай гісторыі і лёсы розных пакаленняў. Яна заняла амаль усю трупу тэатра імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Некаторым давялося нават іграць некалькі роляў. Спектакль праз восем навел рухаецца ад фіналу чалавечага жыцця да нараджэння наступнага жыцця. Ён аб’яднаны тэмай кахання да жонкі, любові да дачкі, сына, братоў па зброі, да коней і прыроды. У звыклую сямейную любоў уключаны ненадакучліва, без катурнаў патрыятычныя пачуцці, доўг, свабода выбару, адказнасць за ўчынкі. Нядзіўна, што спектакль забраў мноства ўзнагарод, пачынаючы ад галоўнай, і перамог у многіх намінацыях.

Спектакль гродзенскага тэатра лялек «Камедыя Юдзіф» — шчаслівае спалучэнне, калі драматург знайшоў свайго рэжысёра. Сяргей Кавалёў і Алег Жугжда працуюць у поўным паразуменні, прапаноўваючы сучасную інтэрпрэтацыю біблейскага сюжэта. Тут побач з глыбокай драматычнай гульнёй артыстаў Ларысы Мікуліч і Аляксандра Шалкаплясава дзейнічаюць лялькі, прадметы, цені, галовы, што размаўляюць, гарпіі, таленавіты харэаграфічны дуэт, вынаходлівая відэаграфіка. Гэта спектакльвідовішча, нервовы, экспрэсіўны, з дакладнай гульнёй Ларысы Мікуліч — Юдзіф. Рэжысёр урасціў яе ў крэсла, пазбавіў руху па сцэне. Яе рукі дырыжыруюць музыкай Вівальдзі. Голас поўны сэнсавых адценняў. Сусветная класіка міфа і біблейскай легенды арыгінальна ўводзяцца Сяргеем Кавалёвым у наш беларускі кантэкст.

Растлумачыць невытлумачальнае — матывы жахлівага ўчынку маці, што забіла ўласных дзяцей, — спрабуюць аўтары трагедыі «Сіндром Медэі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Драматург Юлія Чарняўская прапанавала сучасную версію тлумачэння грэчаскай трагедыі Эўрыпіда, якую падхапіла рэжысёр Кацярына Аверкава. Меладраматычны тэкст становіцца трагедыяй. Эпічны характар старажытнагрэчаскага тэатра падымае дзеянне з побыту, стварае акцёрскі ансамбль. Дзякуючы таленавітай музыцы ўсё той жа Аверкавай з’яўляюцца матывы оперы — араторыі.

Калі ў класічнай «Медэі» Эўрыпіда прысутнічае невытлумачальная трагедыя, то ў рэжысуры Аверкавай п’еса ператварылася ў расследаванне, у імкненне адысці ад побыту, які акаляе і цісне гераіню, падштурхоўваючы да бесчалавечнага ўчынку.

Побач з гэтым амаль эпічным тэатральным палатном сціпла выглядае спектакль «Сіняя-Сіняя». Фактычна монаспектакль прыгожага лялечніка Мікалая Сцешыца, якога рэжысёр Ігар Казакоў вывеў з-за шырмы і прымусіў жыць сярод пяску, скрынь з-пад снарадаў, страшненькіх лялечак, казачных дрэў, румяных яблыкаў і стрэлаў. Сцэнаграфія Таццяны Нерсісян як заўсёды арыгінальная і поўная. Яна вымагае ад акцёра цяжкай працы, напрыклад, засваення моднай цяпер пясочнай графікі. Але галоўнае ў рабоце акцёра і рэжысёра — шчыры патрыятызм, любоў да роднай зямлі. Менавіта гэтага сёння не хапае многім агрэсіўна радыкальным спектаклям нашых тэатраў. У старой і новай драматургіі мы кідаемся ад ідэальных скульптурных герояў да вялікіх асоб, што заблыталі ў грахах. Адно — раздражняе авангард. Іншае — злуе ханжэй. Дарэчы, тыя і іншыя крайнасці прысутнічалі на фестывалі, як, зрэшты, і ў нашым жыцці.

Арганізацыйныя пытанні

Шосты тэатральны фестываль у Бабруйску абвясціў новы фармат і новую стратэгію. Шчыра кажучы, выявіць гэта было цяжкавата. Хіба што кіруючая рука Міністэрства культуры, якое стварыла асобнае журы для намінацыі «Эксперымент» і палічыла эксперыментам тры спектаклі тэатра лялек і адзін драматычны з Магілёва — «Скарына». Усе чатыры названыя работы былі звыклай штодзённай практыкай тэатра. У любога віду мастацтва нешта атрымліваецца лепш, нешта — горш. Па вялікім рахунку, любы новы спектакль — эксперымент: ён павінен адкрываць новыя сэнсы і здзіўляць гледачоў раней нябачаным. А хіба ж не былі эксперыментам бабруйскія «Кропкі…» і «Сіндром Медэі» з РТБД? Прадказальнымі сталі спектаклі са Слоніма і Маладзечна, зробленыя ў старамоднай стылістыцы, але запатрабаваныя сваім гледачом, што не спешчаны тэатральнымі вынаходніцтвамі.

Старшыня вялікага журы драматург Аляксей Дудараў трымаўся адасоблена, не спрабуючы ўвайсці ў кантакт са сваімі маладымі калегамі. Здаецца, у нас адсутнічае тэатральная супольнасць. Адсутнічае драматургічная супольнасць, супольнасць крытыкаў, рэжысёраў. Таму так важна абмеркаванне спектакляў, на якім абавязаны прысутнічаць тэатральныя калектывы. Думаецца, што меркаванне і парады старэйшага таварыша, сённяшняга класіка Дударава былі б цікавыя ўсім. І ён сам пачуў бы шмат новага пра сучасны тэатральны працэс у свеце.

Гасцінна паклапацілася кіраўніцтва бабруйскага тэатра пра гасцей фестывалю, але праграма была такая насычаная, што не хапала дзённага часу на зносіны і дыскусіі. Інфармацыйная прадукцыя была вельмі сціплай. Дзе ж, нарэшце, нашы тэатральныя прадзюсары і менеджары, якія абавязаны паспяхова прадаваць творы беларускіх тэатраў? Усё ж праблемныя КРОПКІ расстаўлены, і гэта галоўнае.

Таццяна АРЛОВА

 

Дарэчы:

Акрамя таго, што спектакль Магілёўскага абласнога тэатра імя В. ДунінаМарцінкевіча ў Бабруйску «Кропкі на часавай восі» прызнаны найлепшым спектаклем фестывалю Нацыянальнай драматургіі, п’еса Дзмітрыя Багаслаўскага стала пераможцай у сваёй намінацыі сярод тэатраў драмы. У гэтым спектаклі, што прадставіў Бабруйскі тэатр, як найлепшыя адзначаны рэжысура Таццяны Траяновіч і сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай. У намінацыі «Найлепшы акцёр другога плана» журы адзначыла А. Парфяновіча.

У конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы» былі і наступныя ўзнагароды:

За «Найлепшую мужчынскую ролю» адзначаны Сяргей Жбанкоў, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, — за ролю Песняра ў спектаклі «Пясняр» паводле Васіля Дранько-Майсюка.

У намінацыі «Найлепшая жаночая роля» журы звярнула ўвагу на працу актрысы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Людмілы Сідаркевіч у ролі Медэі ў спектаклі «Сіндром Медэі» паводле Юліі Чарняўскай.

У конкурснай праграме «Эксперымент» найлепшым стаў спектакль «Сіняясіняя» Магілёўскага абласнога тэатра лялек, створаны рэжысёрам Ігарам Казаковым паводле Уладзіміра Караткевіча. Таксама ў гэтым спектаклі адзначана сцэнаграфія Таццяны Нерсісян. А ў намінацыі «Найлепшая мужчынская роля» — Мікалай Сцешыц, акцёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек.

У намінацыі «Найлепшая жаночая роля» журы адзначыла Ларысу Мікуліч, актрысу Гродзенскага абласнога тэатра лялек, у спектаклі «Камедыя Юдзіфі» паводле Сяргея Кавалёва.

У намінацыі «Найлепшая мужчынская роля другога плана» прыцягнуў увагу журы Васіль Галец, акцёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў ролі Майстра ў спектаклі «Скарына» (Мікалай Рудкоўскі і Саўлюс Варнас).

«Найлепшая рэжысура» сярод пастановак, што ішлі ў гэтай намінацыі, належыць Аляксею Ляляўскаму (у спектаклі «Ладдзя роспачы» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек)

Загаловак у газеце: Кропкі над...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.