Вы тут

Пункт адліку - бясконцасць


Калі заходзіш у будынак гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, адразу адчуваецца, што дух творчасці не пакідае гэтыя сцены ніколі. Гэта ледзьве не адзінае месца, дзе выстаўкі змяняюць адна адну бясконца, бясконца лётаюць па калідорах маладыя мастакі з палотнамі, музычнымі інструментамі, бясконца ствараюцца новыя скульптуры.


Пра гэтае месца кажуць, што дух высокай паэзіі тут перадусім — і гэтаму верыш, бо ўжо 55 гадоў у знакамітым творчым каледжы рыхтуюць супрацоўнікаў элітарнай мастацкай сферы.

Больш за 70 выпускаў творцаў, больш за 2 тысячы спецыялістаў у галіне мастацтва, больш за 200 лаўрэатаў прэстыжных конкурсаў. Здаецца, што слова «менш» для гэтай установы наогул не існуе: выкладчыкі «выкладаюцца» тут на максімум, тое ж самае і са студэнтамі. Нездарма нас акаляюць творы і творчасць, якой паспрыяў каледж Ахрэмчыка. Сярод яго выпускнікоў ілюстратар, графік Павел Татарнікаў, аўтар помніка Францыску Скарыну ля Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Дранец, майстар афорту Юрый Якавенка, артыст Каралеўскага сімфанічнага аркестра Марока Аляксей Дамброўскі, атыстка аркестра Вялікага тэатра оперы і балета ў Санкт-Пецярбургу Юлія Кульчынская, старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца...

Магчыма, такому росквіту творчай энергіі спрыяе атмасфера канкурэнцыі паміж вучнямі: усе яны прыродна адораныя, упартыя перфекцыяністы, якія гатовыя па некалькі разоў перапісаць нацюрморт і гадзінамі не адыходзіць ад фартэпіяна, каб вытанчана выканаць класічны твор. Выпускнікі кажуць, што менавіта гэтаму іх і вучылі — уменню і жаданню працаваць натхнёна і шмат. І такое адказнае стаўленне да адукацыі, зразумела, прыносіць плён: некалькі соцень студэнтаў сталі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і выставак (а геаграфія шырокая: Сіэтл, Токіа, Дрэздэн…), а многія працягваюць навучанне ў Беларусі і замежных універсітэтах.

Сваё 55-годдзе гімназія-каледж Ахрэмчыка адсвяткуе маштабнымі падзеямі: 1 снежня ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца святочны канцэрт, а таксама адкрыецца выстаўка работ выпускнікоў і навучэнцаў вядомай майстэрні, якая стала асабістым пунктам адліку для кожнага з іх: калісьці менавіта дзякуючы ёй яны першы раз выйшлі на сцэну, выставілі свае карціны і атрымалі першую ўзнагароду. «Знак якасці» — так арганізатары святочных падзей называюць аўтараў работ, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы, і музыкантаў, якія выступяць падчас канцэрта (а гэта выпускнікі 1969 — 2015гг.). Сярод іх — і культавыя ў сучасным беларускім мастацтве постаці: Леанід Хобатаў, чые работы сустракаюць на станцыі метро «Няміга», лідар беларускага ню-арта Аляксандр Ксяндзоў, казачная мастачка Ганна Сілівончык, стваральнік помніка Адаму Міцкевічу і «Нулявога кіламетра» ў Мінску Аляксандр Фінскі, аўтар скульптур каля Белдзяржцырка Сяргей Бандарэнка, Канстанцін Селіханаў, які стварыў помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве і «Музу Оперы» ля Вялікага тэатра Беларусі, знакаміты віртуоз Аляксандр Шапо, маладыя таленавітыя скульптары Васіль Цімашоў і Паліна Пірагова — усяго на выстаўцы будуць прадстаўлены творы 45 важкіх імёнаў у беларускім мастацтве. Музычны сусвет прадставяць калектывы гімназіі-каледжа: у канцэрце возьмуць удзел узорныя хор і аркестр, ансамблі каледжа, а зводны сімфанічны аркестр выпускнікоў выканае творы Рахманінава (дырыжыраваць будзе Андрэй Галанаў, саліраваць — піяніст Дзяніс Ліннік).

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».