Вы тут

Вучань Жуля Верна і антычных трагікаў


Многім нашым творцам, якія падымалі «вялікія ідэі змагання, будаўніцтва, гуманізму» і г. д., уласціва баяцца займальнасці. Лёгкасць, дынаміка, вострасюжэтнасць, саспэнс — усё тое, чым дасканала валодалі найбольш чытаныя пісьменнікі Беларусі — Янка Маўр, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, — выклікала ў «сур’ёзных аўтараў» раздражненне, якое было атуленае зайздрасцю ўсіх адценняў. Зайздрасць цалкам зразумелая: так цікава пісаць многія не ўмелі.


Безумоўна, у названых тут папулярных пісьменнікаў былі і слабыя бакі — не заўсёды гнуткая беларуская мова і вытрыманы стыль. Для іх, у адрозненне ад ранняга Кузьмы Чорнага альбо Міхася Стральцова ці Янкі Брыля, галоўнае было не музычнае гучанне фразы, а наколькі напісанае можа захапіць і не выпусціць са сваіх абдымкаў простага чытача, абыякавага да эстэтычных тонкасцяў.

 Янка Маўр здзіўляў фантастыкай і экзотыкай, Караткевіч — фэнтэзійнымі супергероямі мінуўшчыны, Шамякін — нечаканай трактоўкай сучасных персанажаў, якія нагадвалі казачных асілкаў.

Васілю Быкаву, гэтаму ці не лепшаму майстру трылера ў нашай літаратуры, эстэтычна было далёкім надаваць сваім героям супермэнскую адназначнасць. Жыццё — гэта падман, вонкавае дастаткова часта абарочваецца супрацьлегласцю. На гэтую думку Быкава натхніў... Жуль Верн, які быў яго любімым пісьменнікам у юнацтве. У далейшым, аб’яднаўшы сваё захапленне Вернам і антычнымі трагедыямі (сугучным яго ваеннаму досведу), Быкаў стварыў свой арыгінальны свет, дзе прадказальная, заўсёдна-драматычная развязка ўспрымаецца аднолькава нечакана, галоўныя героі пазбаўленыя прыкрай адназначнасці, а другарадныя персанажы, нават калі яны выяўлены дастаткова традыцыйна (п’яныя паліцаі, каварныя следчыя-калабаранты, жорсткія нацысты), не выклікаюць пачуцця псіхалагічнай аднамернасці. Уменне здзіўляць там, дзе, здаецца, усё ўжо зразумела і раскрыта, тое, як ён апісвае высока-трагедыйныя перыпетыі сваіх спакутаваных герояў, — гэта відавочнае (і такое смелае!) спалучэнне школы Жуля Верна і антычных трагікаў рабіла Быкава ўнікальным. У аўтара «Дзяцей капітана Гранта» Васіль Быкаў вучыўся не толькі займальнасці пісьма, але і мастацтву парадоксу і кантрасту. Тут ён дасягнуў вялікага майстэрства. Прыгадайце, напрыклад, яго класічных Сотнікава і Рыбака.

Адзін з самых неадназначных вобразаў у творчасці Васіля Быкава — гэта Маці з апавядання «Сваякі». У нашай літаратуры даўно ўжо існуе штамп, паводле якога маці можна паказваць толькі ва ўзвышана-сакралізаваным ключы, асабліва калі дзеянне адбываецца падчас Другой сусветнай вайны. У Быкава ж цалкам наадварот. Яго гераіня — недалёкая, напалоханая баба, якая выклікае сваяка-паліцая, каб той папужаў яе сыноўпадлеткаў, што сабраліся да партызанаў. У выніку сваяк расстрэльвае хлопцаў, а звар’яцелая ад гора гераіня кідаецца ў студню. Паводле Быкава, сапраўдную бяду часта прыносяць нам самыя родныя, якія прытым шчыра жадаюць толькі дабра. А ягоная вядомая (яшчэ з часоў «Сотнікава») думка, што блізкі табе чалавек можа стаць і тваім жа катам, набыла ў гэтым апавяданні найбольш вострае і трагедыйнае гучанне.

Менавіта гэты твор быў выбраны мастаком Янам Жвірблем дзеля стварэння графічнага рамана (іншымі словамі комікса), які выйшаў сёлета асобным выданнем.

Гэта была выдатная ідэя. Бо яскравая кінематаграфічная вобразнасць прозы Быкава даўно ўжо патрабавала, каб на яе аснове з’явіліся цікавыя коміксавыя варыяцыі. І вось Ян Жвірбля зрабіў сваю спробу...

Калі гартаеш гэты «графічны раман», то адразу ж узнікае пытанне: а для каго ён створаны? Адназначна не для людзей з кепскім зрокам: тыя кавалкі тэксту, якія размешчаныя на чорным і чырвоным фоне, губляюцца. Для падлеткаў? Выцвілыя колеры не дадаюць гэтак неабходнай выразнасці. Сталаму пакаленню? А яно хіба чытае коміксы?

Мастак як быццам свядома пазбягаў любога стылёвага падабенства да экспрэсіўнай вастрыні прозы Быкава. Бруднаватыя светла-зялёныя плямы, на фоне якіх эскізна намаляваныя прывідна-шэрыя героі, сонцам выпаленыя чорныя і чырвоныя фоны ствараюць уражанне нейкай хваравітай кволасці і бязвольнасці. Няўжо таленавіты мастак Ян Жвірбля таксама, як агню, баіцца займальнасці? Няўжо ён не хоча зрабіць свой комікс цікавым і адметным, разлічаным на канкрэтнага чытача? Ці ён маляваў пад прымусам? Для мяне гэта засталося загадкай.

Вельмі хочацца, каб на гэтай кнізе выданне коміксаў, паводле дынамічнай прозы нашых класікаў, не спынілася. Зараз, калі беларуская літаратура школьнікамі амаль не чытаецца, варта прыдумваць не толькі коміксы, але і камп’ютарныя гульні, арыгінальныя мультфільмы на аснове лепшых узораў з нашага пісьменства. Не баяцца любых па-мастацку апраўданых і смелых творчых эскперыментаў. Хіба ж не цікавая задача для сучасных мастакоў, аніматараў, праграмістаў — перадаўшы энергію, рух, настрой, колер, эмоцыю, якімі вылучаюцца апавяданні, аповесці, раманы беларускіх пісьменнікаў, — надаць гэтым творам новае незвычайнае жыццё?

А пакуль нясмелы, хваравіта-кволы комікс Яна Жвірблі выступае яскравай метафарай сумнай думкі, што нашую дзіўна-мазахісцкую цягу ўсё адметнае ператвараць у пасрэднае, цікавае рабіць банальным, нашую любоў да ваяўнічай неарыгінальнасці і ўпартае жаданне, кажучы словамі Міхася Зарэцкага, заставацца «вечным пазаддзем Еўропы ды Азіі» не можа скалануць, пераадолець і адужаць ні магутная энергетыка Янкі Маўра, ні Караткевіча ці Шамякіна, ні нават Васіля Быкава — гэтага незвычайнага вучня Жуля Верна і антычных трагікаў.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.