Вы тут

Інтэрмецца-85


Слова «гісторыя» знаходзіцца ў непарыўным тандэме з «сучаснасцю». Для музычнага свету гэтая аксіёма таксама працуе: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, створаная 85 гадоў таму, калісьці дапамагла развіць музычную культуру дзяржавы так, што да нас прыязджаюць вучыцца музыцы нават з замежных краін. Менавіта тут сфарміравалася і нацыянальная кампазітарская школа, якая працягвае ўмацоўвацца новымі таленавітымі музыкантамі. Таму можна казаць, што Акадэмія музыкі рыхтуецца адзначыць сёлета адразу некалькі падзей: уласны юбілей і свята беларускай музыкі, якая прагучыць у цыкле ўрачыстых канцэртаў.


Падчас першага з іх (ён адбудзецца 4 снежня) узгадаюць выбітных беларускіх кампазітараў, якія калісьці вучыліся ў Акадэміі музыкі, а зараз іх творы вывучаюць падчас заняткаў ужо іх вучні. Дарэчы, тэмы, на якія разважаюць кампазітары, розныя, як літары алфавіта: «Песня эльфаў» Льва Абеліловіча на вершы Уільяма Блэйка; кампазіцыя для цымбалаў і фартэпіяна «Гульня ўдваіх» Вячаслава Кузняцова; ронда «Барбаро» Дзмітрыя Еўтуховіча; вакальны цыкл «З японскай народнай паэзіі» Галіны Гарэлавай. Натуральна, што ў такой яскравай палітры ёсць і важкія фарбы Дзмітрыя Смольскага: падчас канцэрта выканаюць «Пяць лірычных інтэрмецца» на вершы Гейнэ, пра лірыку даведаемся і праз вакальны цыкл Андрэя Мдзівані «Песні любові» на вершы Апалінэра. Дзе ёсць месца лірыцы, там ёсць час і для разваг: пра хуткасць жыцця «распавядзе» музыка Анатоля Багатырова на вершы Петруся Броўкі, а новых адценняў беларускім цымбалам дададуць куранта, сарабанда і жыга Віктара Войціка.

Асаблівым гонарам Акадэміі музыкі застаюцца лаўрэаты міжнародных конкурсаў, таму канцэрт 5 снежня назвалі іх парадам. Бо, сапраўды, каб сабраць разам усіх таленавітых вучняў хоць бы з адной кафедры баяна і акардэона, патрэбен парад: вучні Сеўрукова, Шувалава, Чабана, Булы ды іншых майстроў выканаюць творы П’яцолы, Грыга, Гальяна, Паганіні, Губайдулінай, Залатарова, Ніжніка — і гэта далёка не поўны спіс. Дарэчы, калісьці менавіта на гэтай кафедры вучыўся Іосіф Жыновіч, які стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах, — гэта адбылося праз 2 гады пасля адкрыцця кафедры. Ці не доказ таму, што за хуткі час тут выхоўваюць віртуозаў?

Некалькі дзесяцігоддзяў таму вельмі папулярны быў фармат музычных гасцёўняў. Зараз ён вяртае папулярнасць: дзе яшчэ можна не толькі наблізіцца да якаснага мастацтва, але і атрымаць хоць кроплю музычнай адукацыі? Да таго ж у менш фармальнай атмасферы: у сяброўскай абстаноўцы ўсе веды засвойваюцца лепш, а музыка ўспрымаецца лягчэй. У такім фармаце пройдзе і канцэрт «Кантрабас — гэта класіка»: вучні прафесара Мікалая Крывашэева 8 снежня выканаюць лепшыя творы для кантрабаса Хачатурана, Батэзіні, Хофмайстэра, Менголі, Лаўбера ды іншых.

Месца на сцэне таленавітая моладзь саступіць і сваім выкладчыкам: 12 снежня ў Мінск завітае прафесар кафедры камернага ансамбля і квартэта Маскоўскай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага Аляксандр Бандуранскі (нязменны ўдзельнік легендарнага «Маскоўскага трыа» — калектыву, якому стварылі музычныя прысвячэнні вядомыя кампазітары), а таксама рэктар Казахскага ўніверсітэта мастацтваў Айман Мусахаджаева (мастацкі кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Казахстана), беларускі бок на канцэрце прадставіць прафесар Акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк. Прагучыць неверагодная музыка Шуберта (у транскрыпцыі Пракоф’ева і Ліста), інтрадукцыя Сен-Санса і «Разважанне» Маснэ.

Што аб’ядноўвае дырыжораў П. Вандзілоўскага, М. Анісімава, М. Казінца? Тое, што сімфанічным аркестрам Беларускай акадэміі музыкі ў розныя часы кіравалі гэтыя людзі. Студэнцкі калектыў ніколі не пазіцыянаваў сябе як аматарскі: музыканты заўсёды адказна ставяцца да творчасці і нават на акадэмічнай сцэне пачуваюцца як на сусветна вядомай пляцоўцы. Менавіта з-за гэтай адданасці справе са студэнцкага аркестра выйшла вялізная колькасць прафесійных музыкантаў.

Малы сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Юрыя Караваева застаецца адданым гэтай традыцыі. Калі вам хочацца паслухаць пакуль маладых і невядомых, але ў хуткім часе выбітных музыкантаў, завітвайце на канцэрт калектыву 15 снежня: салісты Іван Вільчык, Веніямін Рыбакоў (труба) і дырыжоры Віталь Грышчанка, Вячаслаў Ларын і Арцём Паліцук выканаюць «Чэшскую сюіту» Дворжака, уверцюры Гумеля і Бетховена, канцэрты для трубы Дамарацкага і Тамазі, а таксама Сімфонію № 9 Шуберта.

85 гадоў сваёй гісторыі Акадэмія музыкі адзначыць калі не такой колькасцю канцэртаў, то дакладна большай лічбай выканаўцаў, бо знакамітая беларуская «кузня кадраў» выхавала не толькі таленавітых музыкантаў, але і пачуццё адданасці ў іх: артысты заўсёды гатовыя вярнуцца ў сваю альма-матар.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.