Вы тут

На Гродзеншчыне вядзецца татальная рэканструкцыя гістарычных помнікаў


Работы ідуць паўсюдна. Самыя знакамітыя аб'екты рэгіёна ператварыліся ў будаўнічыя пляцоўкі. Каб да канца года паспець засвоіць выдаткаваныя сродкі, работы актывізавалі. Ход рэканструкцыі пастаянна кантралюецца кіраўніцтвам вобласці.


Палац Друцкіх–Любецкіх у Шчучыне — зараз цэнтр творчасці моладзі і дзяцей.

Новае аблічча Каложы

У гэтым годзе, нарэшце, пачаліся сур'ёзныя работы на самых знакавых аб'ектах — Каложы і Старым замку ў Гродне. Старажытныя гісторыка-культурныя помнікі набудуць не толькі новае аблічча, але і трывалы падмурак. На капітальны рамонт Каложскай (Барысаглебскай) царквы ХІІ стагоддзя з фонду Прэзідэнта выдзелена 200 тысяч рублёў. Сродкі пайшлі на рамонт драўлянай часткі храма, якая апошні раз узнаўлялася гадоў сто таму. Як вядома, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя амаль палова царквы была разбурана моцнай паводкай Нёмана, на схіле якога і знаходзіцца старажытная святыня.

Зараз былую драўляную сцяну цалкам замянілі. Каркас узмацнілі, апрацавалі супраць узгарання і распачалі мантаж абшыўкі з тэрмамадыфікаванай хвоі. Будаўнікі абяцаюць, што новае «адзенне» Каложы праслужыць доўга, бо дрэва не баіцца ні вільгаці, ні сонечных промняў, ні маразоў.

Новая абшыўка займее глыбокі карычневы колер — з-за двайнога пакрыцця спецыяльнымі масламі. У хуткім часе 180 кв. м плошчы будуць выглядаць па-новаму і больш гарманіраваць з існуючай каменнай часткай, якая захавалася з моманту будаўніцтва царквы. Гродзенцам не церпіцца ўбачыць Каложу абноўленай. Многія падыходзяць, цікавяцца. Будаўнікі запэўнілі кіраўніцтва вобласці, што ўсе работы завершаць у тэрмін. Новае аблічча царква атрымае ў канцы гэтага года.

Ад спрэчак — да справы

Стары замак у Гродне.

З размахам вядзецца і рэканструкцыя Старога замка. Гэтае месца можна лічыць сэрцам Гродна, бо адсюль і пачаўся сам горад. Размовы аб рэканструкцыі вяліся даўно, але гісторыкі спрачаліся, якой эпосе павінен адпавядаць замак, і нарэшце спыніліся на праекце ХVІ стагоддзя — часоў караля Стэфана Баторыя. (Дарэчы, у гэтай рэзідэнцыі кароль Рэчы Паспалітай раптоўна памёр.) Пры ім абарончы від замка набыў выгляд палаца.

Сёлета вылучана каля 500 тысяч долараў у эквіваленце з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў на аднаўленне аб'екта. Зараз вядзецца першая чарга рэканструкцыі, якая разлічана да 2020 года. За гэты час будзе ўзведзена галерэя паміж варотамі і замкам, а таксама дабудавана вежа. Падчас другой чаргі адновяць сам палац, трэцяй — сцены і двор.

Аб'ект займае першае месца ў рэестры гісторыка-культурных помнікаў — як па аб'ёме работ, так і па фінансавых затратах. Тут працуюць адразу два найбуйнейшыя будаўнічыя прадпрыемствы рэгіёна. Праект пастаянна ўзгадняецца з Міністэрствам культуры. Улады рэгулярна кантралююць графік будаўнічых работ, аб'ёмы і тэрмін засваення сродкаў.

Піваварня — пад крылом дзяржавы

Бадай, самы пакутлівы аб'ект — комплекс будынкаў былога піваварнага завода. Яны таксама ўваходзяць у рэестр гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры. Галоўны будынак — гэта былы палац Сапегаў, затым Агінскіх. У другой палове ХІХ стагоддзя аўстрыйскі купец перабудаваў палац і адкрыў тут піваварню. Гэта традыцыя працягвалася і надалей. Гродзенскі завод варыў піва да 2007 года, пасля з-за неканкурэнтаздольнасці быў закрыты.

З гэтага часу пачалася эпапея з яго продажам. Ахвотных набыць аб'ект хапала — вабіла маляўнічая зона на беразе Нёмана. І праекты заяўлялі прывабныя. Адны меркавалі адкрыць бізнес-цэнтр, другія — забаўляльны комплекс, рэстаран і гасцініцу. Праўда, далей праектаў справа не ішла. Былы завод, што называецца, пераходзіў з рук у рукі. Інвестары толькі абяцалі, а ў гэты час будынак на вачах ва ўсяго горада прыходзіў у заняпад. Уласнікаў неаднаразова штрафавалі за невыкананне ахоўных мерапрыемстваў, але санкцыі ніякіх перамен не прынеслі.

Год таму гарадскія ўлады паспрабавалі вярнуць аб'ект у дзяржаўную маёмасць, але вяртанне зацягнулася з-за недасканаласці прававой базы. У краіне аналагічных спраў эканамічны суд не разглядаў, паведамілі ў гарвыканкаме. А ў маі гэтага года на тэрыторыі былога завода адбыўся пажар. Над гістарычным аб'ектам навісла рэальная пагроза знішчэння. Да захавання спадчыны падключыліся гарадскія ўлады.

А нядаўна з Міністэрства культуры атрымалі станоўчы адказ на праект па ўзнаўленні даху, паведамілі ў гарвыканкаме. Вызначаны і тэрміны будаўніцтва — 2,5 месяца.

Брыгада будаўнікоў камунальнай службы Ленінскага раёна Гродна прыступіла да ўзнаўленчых работ, якія вядуцца паскоранымі тэмпамі. Галоўная ўвага ўдзяляецца даху, які будзе мець гістарычны выгляд і нават флюгер. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдаткавана 150 тысяч рублёў. Аб'ем работы даволі значны, пасля яе былая піваварня набудзе больш рэспектабельны выгляд. Магчыма, дадзены аб'ект будзе прапанаваны інвестарам. Каб выключыць магчымасць даўгабуду, новы ўласнік павінен выконваць ахоўны абавязак, а таксама правесці рэканструкцыю ў вызначаны тэрмін.

Трэба сказаць, што злосных парушальнікаў становіцца менш. Напрыклад, за мінулы год і сёлета штрафамі пакараны тры інвестары.

Даспехі, гарматы, партрэты...

Адрамантаваная вежа Лідскага замка.

Да канца года будзе пастаўлена кропка ў рэканструкцыі паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка. Аб гэтым паведамілі ў аддзеле ідэалогіі Лідскага райвыканкама. Работы вяліся не адзін год, але сёлета тэмпы значна ўзраслі.

З рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдаткавана больш за 400 тысяч рублёў. Сродкі накіраваны на будаўніча-мантажныя работы і закупку абсталявання. У вежы будзе разгорнута выставачная экспазіцыя, якая размесціцца на пяці паверхах — на кожным свая тэматыка. Напрыклад, на першым матэрыялы і экспанаты раскажуць аб гісторыі будаўніцтва замка, на другім — аб ваенных дзеяннях каля яго сцен. Будзе і паляўнічая экспазіцыя, і аглядная пляцоўка. Падлічана, што для выстаўкі трэба набыць 32 тысячы экспанатаў — даспехі, гарматы, манекены. Рарытэтныя экспанаты таксама будуць прадстаўлены — яны захоўваюцца ў фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Акрамя іншага, будуць заказаны гравюры з выявамі палявання, карта ВКЛ перыяду ХVІІ стагоддзя, партрэты князёў і каралёў.

У наступным годзе рэканструкцыя закране, другую вежу. Будуць весціся работы па стварэнні помніка Вялікаму князю ВКЛ Гедзіміну, які быў заснавальнікам замка і Ліды ў ХІV стагоддзі. У райвыканкаме паведамілі, што атрымалі 40 заявак ад скульптараў і архітэктараў Беларусі, якія павінны ў хуткім часе прадставіць свае эскізы. Галоўнае патрабаванне — князь павінен быць на кані. Яго ўсталююць у скверы, якраз каля сцяны вежы, якую толькі што адрамантавалі.

Да канца года плануецца завяршыць першы этап работ на Княжацкай вежы Крэўскага замка ў Смаргонскім раёне. Зараз ідзе кансервацыя ўнікальнага помніка сярэднявечча. Вежу і далучаныя да яе часткі сцен расчысцяць, а потым умацуюць. Акрамя гэтага, старажытная кладка будзе апрацавана спецыяльным растворам. Сродкі на кансервацыю ў памеры 170 тысяч рублёў выдзелены з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва. Мяркуецца і другі этап — кансервацыя Паўночнай сцяны, узвядзенне ўчасткаў на вышыню да сямі метраў і пакрыццё вежы дахоўкай. Архітэктурны праект распрацаваны ў рамках праграмы «Культура Беларусі».

У выставачнай зале Лідскага замка.

Вярсаль пад назвай Свяцк

Рэканструкцыя знакамітага палаца пад Гроднам ідзе няспынна. Кожны тыдзень тут праходзяць нарады і падбіваюцца каштарысы. Будаўніцтва курыруе намеснік старшыні аблвыканкама. Сёлета аб'ект стаў месцам правядзення суботніка з удзелам кіраўніка рэгіёна Уладзіміра Краўцова, які назваў былы палац жамчужынай Гродзеншчыны.

Кажуць, што гэты палац Джузэпэ Сака праектаваў для шляхецкага роду Валовічаў у адпаведнасці з французскім Вярсалем. Рысы былой велічы палаца ХVІІІ стагоддзя відаць і сёння. Доўгі час аб'ект пуставаў, а ў 2009 годзе быў перададзены санаторыю «Азёрны». Уласнік напачатку ўклаў сродкі ў рэканструкцыю водных збудаванняў, сажалак, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Сёлета пачалася актыўная фаза рэканструкцыі самога палаца. Як расказала начальнік упраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч, задзейнічаны абодва флігелі, дах пакрылі дахоўкай, ідзе замена вокнаў і дзвярэй, вядуцца ўнутраныя работы. Аб значным аб'ёме сведчаць і ўкладзеныя сродкі — за гэты год засвоена 3 млн рублёў.

Гэты аб'ект вельмі важны для рэгіёна, бо знаходзіцца ў бязвізавай зоне побач з Аўгустоўскім каналам, адзначыла Наталля Рамановіч. Пасля рэканструкцыі тут будзе шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс з гасцініцай, які можа зацікавіць турыстаў. Таксама мяркуецца праводзіць канферэнцыі, прэзентацыі, канцэрты, выстаўкі, урачыстыя цырымоніі. Такім чынам, некалі занядбаны палац у новым абліччы стане даступны для кожнага.

Такая тэндэнцыя назіраецца бадай што на ўсіх аб'ектах. Рэканструкцыя не толькі захоўвае гістарычна-культурны помнік, але дае яму другое жыццё. Напрыклад, у адноўленым палацы Агінскіх у Залессі адрадзілі шляхецкія балі, а палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне пасля рэканструкцыі адчыніў дзверы для творчай моладзі. Дарэчы, сядзіба Агінскіх хутка стане яшчэ больш прывабнай. Тут плануюцца рэстаўрацыя паркавай зоны і ўзнаўленне маляўнічага парку.

Сяргей Піваварчык, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

— У апошні час заўважна актывізаваліся работы па рэстаўрацыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Гродне і вобласці. Аднак выклікае занепакоенасць той факт, што шэраг знакавых помнікаў не трапіў яшчэ ў названы працэс. Гэта датычыцца ў першую чаргу будынка былой Медыцынскай акадэміі, ці палаца Чацвярцінскіх у Гродне. Зразумела, што бюджэтных сродкаў на ўсё не хапае. Магчыма, трэба больш актыўна ўцягваць у гэты працэс інвестараў. У Кодэксе аб культуры, прынятым амаль год таму, прапісаны толькі дэкларацыі, звязаныя з аховай гістарыка-культурнай спадчыны, а вось механізмы іх набыцця для інвестараў недакладныя і непрывабныя. Лічу, што ёсць неабходнасць унесці праўкі ці дапаўненні, звязаныя з продажам такіх аб'ектаў, — іх кошт часта вельмі высокі. Магчыма, такі падыход будзе спрыяць развіццю турызму і разгрузіць бюджэт, на які прыпадае даволі значная нагрузка ў захаванні аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спадчына. Перыяд Рэнесансу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.