Вы тут

Што рабіць з вёскамі, у якіх ніхто не жыве


На Міншчыне, зрэшты, як і ў іншых абласцях краіны, ёсць населеныя пункты, назвы якіх пазначаны толькі на карце. А фактычна тут даўно ніхто не жыве. З цягам часу прыйшлі ў заняпад гаспадарчыя пабудовы, а падворкі зараслі хмызняком і пустазеллем.


Да нядаўняга часу непрывабна выглядала вёска Пнівада ў Капыльскім раёне. Паўразбураныя пабудовы, баршчэўнік — у чалавечы рост, вакол смецце.

— Наш раён вялікі, у ім налічвалася 210 сельскіх населеных пунктаў і райцэнтр. Цяпер жа засталося 208, — расказала старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. — Сёлета рашэннем сесіі райсавета скасавалі дзве вёскі. У Пацейкаўскім сельсавеце цалкам знеслі вёску Пнівада.

Яшчэ гадоў дзесяць таму тут заставалася адна жыхарка. Але дачка забрала яе да сябе ў Расію, а праз тры гады жанчына памерла. З цягам часу вёска прыходзіла ў запусценне: дамы, хлеўчукі, падсобныя памяшканні гнілі, разбураліся літаральна на вачах. На частку домаўладанняў спадчыннікі і ўласнікі не знайшліся, а некаторыя адмовіліся ад спадчыны, паколькі ад радавога гнязда засталіся толькі рэшткі, і рамонт быў немэтазгодны. Перш чым вёску зносіць, правялі грамадскія апытанні, растлумачылі людзям, што могілкі застаюцца, іх будзе даглядаць сельвыканкам.

У мясцовага органа ўлады для ўпарадкавання тэрыторыі не было магчымасцяў. А зрабіць трэба было шмат: знесці дамы, гаспадарчыя пабудовы, выкарчаваць дрэвы, кусты, рэкультываваць зямельныя ўчасткі і ўвесці іх у грамадскі севазварот. На дапамогу прыйшлі адзінаццаць арганізацый раёна, якія мелі людскія, матэрыяльныя, тэхнічныя рэсурсы. Вёска ўмоўна была падзелена на зоны, замацаваныя за кожнай з гэтых арганізацый. Вынік —цяпер на месцы былой вёскі зелянеюць азімыя.

Навялі парадак і ў вёсцы Савічы, дзе калісьці была сядзіба Эдварда Вайніловіча. На гэтым месцы захаваліся толькі руіны піваварні. Але сюды прыязджаюць турысты, госці. І населены пункт павінен сустракаць іх адпаведным чынам. Таму было прынята рашэнне па зносе пустуючых дамоў, рэкультывацыі зямельных участкаў і ўвядзенні іх у севазварот.

Калісьці Савічы былі вялікім населеным пунктам. А цяпер, па даных на 1 студзеня, тут налічваецца 15 уласных падсобных гаспадарак і 28 жыхароў — усе непрацаздольнага ўзросту.

Колькасць насельніцтва ў раёне катастрафічна змяншаецца — засталося 28 тыс. 200 чалавек. Многія вёскі старэюць, гаспадары паміраюць. Натуральна, адны пабудовы зносяцца — з'яўляюцца іншыя.

— Сёлета раёну было даведзена заданне знесці 125 пустуючых дамоў, у сапраўднасці знесена 170. Да канца года лічба павялічыцца, — упэўнена Ірына Кісляк. — У вёсцы Калінаўка, што знаходзіцца ў Доктаравіцкім сельсавеце, летась жыллёва-камунальная гаспадарка дапамагла выкарчаваць кусты, спілаваць дрэвы. Засталося прыбраць рэшткі 10 дамоў, а захаваліся тут толькі тры жылыя.

Па словах Ірыны Кісляк, цяжкасць у тым, што сёння арганізацыі, якія маюць спецыялізаваную тэхніку, просяць за свае паслугі вялікія грошы. Такіх сродкаў у сель-
выканкамаў няма. Таму ў раёне вызначаюць прыярытэты па кожным з сельсаветаў. У прыватнасці, вызначыліся з правядзеннем у наступным годзе раённых «Дажынак» у аграгарадку Доктаравічы. Туды і накіроўваюць грошы на добраўпарадкаванне, знос пустых дамоў.

— Акрамя зносу, мы аптымізуем зямельныя ўчасткі. Ужо абследавалі 1182 з іх плошчай каля 93 гектараў. Калі ў доме ніхто не жыве — зямля зарастае. Мы проста абкошваем, падтрымліваем парадак на падворку, агародах. Хоць не маем права ступіць нават за вароты — гэта незаконна. Але вымушаны гэта рабіць, каб падтрымліваць мінімальны парадак. У той жа час мы не маем права аштрафаваць спадчыннікаў. Шукаем іх, пасылаем фотаздымкі з непрыглядным станам бацькоўскіх сядзіб. Толькі за гэты год выдадзена 2965 прадпісанняў. Але прыцягнуць людзей да адказнасці не можам — у заканадаўстве гэта не прадугледжана. («МС» неаднойчы ўзнімала гэту праблему. — Аўт.)

Афармляць на сябе дамы спадчыннікі не спяшаюцца. Неабходна будзе плаціць падаткі на зямлю, нерухомасць, самастойна рамантаваць або зносіць стары будынак. Многія аднекваюцца: маўляў, няхай стаіць, магчыма, некалі прыеду сюды жыць. Але пакуль ён прыедзе, ад сядзібы нічога не застанецца.

— Калі б у заканадаўстве было дакладна прапісана: чалавек, які на працягу трох-чатырох гадоў не ўступіў у права спадчыны, павінен афіцыйна напісаць адмову ад яе, гэта значна аблегчыла б работу сельвыканкамаў, — лічыць Ірына Кісляк.

У раёне сутыкнуліся з наступным выпадкам. Тры гады таму раённым судом адзін дом быў прызнаны пустуючым, яго знеслі. Але затым з'явіўся спадчыннік, які заявіў, што не хацеў зносіць радавое гняздо. Вярхоўны суд адмяніў рашэнне ніжэйшай інстанцыі, і давялося заплаціць заяўніку 45 млн рублёў. Прычым падаткі на зямлю, нерухомасць чалавек не плаціў гадамі. Не адгукнуўся ён і тады, калі даваліся аб'явы ў газету, не адказваў на папярэджанні, што дом заносіцца ў рэгістр пустуючых. Не выключана, што такім чынам вырашыў падзарабіць.

Па навядзенні парадку на зямлі добра працуюць усе дзесяць сельскіх Саветаў дэпутатаў.

— Цімкавіцкі сельвыканкам рэалізуе сумесны з ПРААН праект па гістарычным адраджэнні цэнтра аграгарадка Цімкавічы. У Доктаравіцкім сельсавеце плануюць зрабіць парк, ужо знеслі старыя пабудовы, вызвалілі тэрыторыю ад аварыйных таполяў. Бабаўнянскі сельсавет прыступіў да расчысткі пустуючых участкаў. У наступным годзе храму ў вёсцы Дзялядавічы спаўняецца 220 гадоў — з гэтай нагоды будуць праходзіць набажэнствы, святкаванні. Таму вёска павінна годна сустрэць гасцей і вернікаў.

У тэму

Іван Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў:

— У Мінскай вобласці налічваецца 80 вёсак, дзе ніхто не жыве. Сюды ніхто не прыязджае нават налета. Мясцовыя органы ўлады могуць прымаць рашэнне аб скасаванні такіх вёсак у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года ”Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Рэспублікі Беларусь” у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 года. Робіцца гэта для таго, каб навесці парадак на зямлі. У былых вёсках, як правіла, дамы даўно згнілі, праваліліся гаспадарчыя пабудовы. Яны зносяцца, участкі пасля рэкультывацыі ўводзяцца ў севазварот сельгасарганізацый. Вядома, для гэтага неабходныя вялікія сродкі, якія трэба прадугледжваць у бюджэтах раёнаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: На карце яшчэ пазначаны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».