Вы тут

Сабраць даведкі дапаможа ўсёведная камп'ютарная праграма


Як паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама, Адзіны разлікова-даведачны цэнтр Мінска і КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва», спецыялісты якога прымаюць дакументы ў службах «Адно акно», пачалі супрацоўніцтва з адным са сталічных стартапаў — чат-ботам пад назвай «Док-Менеджар».


Мабільная праграма дапамагае істотна сэканоміць час як гараджанам, так і работнікам службаў. Знайсці яе можна ў месенджары Telegram, які ёсць магчымасць спампаваць на смартфон, планшэт або камп'ютар.

— Бот эканоміць час на тыпавых працэдурах і расказвае простай мовай юрыдычную інфармацыю, каб любы чалавек разумеў, што рабіць. Напрыклад, спачатку трэба пайсці ў адну ўстанову і падаць вось такія даведкі, потым у іншую — вось вам шаблон для заявы. Калі трэба плаціць пошліну, бот пакажа, дзе знаходзіцца найбліжэйшы банк. «Док-Менеджар» пакуль не можа зрабіць за вас усё, але прыкметна спрашчае збор і падрыхтоўку дакументаў, — каментуе навінку кіраўнік праекта «Док-Менеджар» Арцём САМКІН.

На дадзены момант бот можа дапамагчы справіцца з 16 працэдурамі. Ён дае спіс дакументаў, якія трэба сабраць — да самай дробнай даведкі, — высылае ўзоры заяў для запаўнення, паказвае на карце банкі і ўстановы, паведамляе, калі прыйсці па вынік. Калі ў найбліжэйшы час вам трэба, напрыклад, зарэгістраваць машыну, замяніць пашпарт, зняць ці здаць жыллё, запісаць дзіця ў дзіцячы сад, зарэгістраваць і закрыць ІП — смела звяртайцеся да праграмы, якая ніколі не адмовіць, па параду.

У адрозненне ад спецыяліста, які лепш за ўсё разбіраецца ў нейкім адным кірунку, чат-бот ведае адказы на ўсе пытанні — яго распрацоўкай займаецца каманда прафесійных юрыстаў, да якіх нядаўна далучыліся работнікі Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра Мінска.

Тым, хто здымае ці здае жыллё, «Док-Менеджар» дапаможа заключыць дагавор найму: вышле бланк дагавора, дасць інфармацыю, як правільна яго скласці, і нават пакажа адрас разлікова-даведачнага цэнтра, дзе дагавор можна зарэгістраваць. Бот раскажа аб усіх нюансах падачы іску ў суд, дапаможа самім скласці іскавую заяву і растлумачыць, у які суд звярнуцца. А ахвотным стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў дасць кансультацыю аб парадку пастаноўкі, раскажа пра тых, хто мае пры гэтым прывілеі.

Работа над праграмай не завершана: зараз займаюцца даданнем у спіс працэсу атрымання аднаразовай і штомесячнай дапамогі на дзяцей. У далейшых планах — уключыць у «Док-Менеджар» поўны пералік працэдур службаў «Адно акно».

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Без чэргаў і незразумелых канцылярызмаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.