Вы тут

Што трэба, каб умацаваць сям'ю?


«Умацаванне інстытута сям'і, стварэнне ўмоў для нараджэння і выхавання дзяцей з'яўляецца для Беларусі стратэгічнай задачай. У нас сфарміравана трывалая сістэма мер эканамічнай падтрымкі бацькоў з дзецьмі, якая ўключае ў сябе розныя віды дапамогі, ільготы, гарантыі і лічыцца самай эфектыўнай на ўсёй постсавецкай прасторы», — адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК падчас нацыянальнага форуму «Сям'я ХХІ стагоддзя».


Ад гэтай працы ўжо ёсць добры эфект. У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства, Беларусь займае 25-е месца сярод 179 дзяржаў і першае ў СНД. Расія па гэтым паказчыку, напрыклад, на 56-й пазіцыі ў свеце, Украіна — на 69-й.

Асаблівай падтрымкай карыстаюцца шматдзетныя сем'і — такіх у краіне 95 тысяч. Так, на паляпшэнне жыллёвых умоў гэтай катэгорыі накіраваны ўказ Прэзідэнта №240, які прадугледжвае фінансавую падтрымку пры пагашэнні льготных і камерцыйных крэдытаў на будаўніцтва ці рэканструкцыю жылля. Шматдзетныя бацькі таксама раз на тыдзень атрымліваюць свабодны ад работы дзень, які аплачваецца ў памеры сярэдняга дзённага заробку. З 2015 года дзейнічае сямейны капітал. Па словах Аляксандра Румака, увядзенне гэтай меры падтрымкі прывяло да росту нараджальнасці:

— Калі мы на мінулы год планавалі фінансавыя сродкі на сямейны капітал, зыходзілі з разліку ў 16 тысяч дзяцей (маецца на ўвазе трэціх і наступных. — Аўт.),
а атрымалася 22 тысячы, што не можа не радаваць. Існуе яшчэ льготнае крэдытаванне працэдуры ЭКА: сёлета было заключана 540 дагавораў на суму 2,8 мільёна рублёў. Прынятыя захады дазволілі стабілізаваць сітуацыю ў сферы нараджальнасці. Але гэтую станоўчую тэндэнцыю нам не ўдалося падтрымаць у канцы 2016 года. Дэмаграфічная сітуацыя патрабуе пастаяннага аналізу і выпрацоўкі падыходаў да вырашэння праблем.

Мар'яна ШЧОТКІНА, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і старшыня Беларускага саюза жанчын, заўважыла, што для беларусак дагэтуль актуальная праблема сумяшчэння прафесійных і сямейных абавязкаў. «Мы — гістарычна патрыярхальнае грамадства, і мы ад гэтага пакуль не адышлі, прайшло мала гадоў. «Шкляныя столі» для жанчын яшчэ існуюць. Ёсць і прафесійная сегрэгацыя, і разрыў у заработнай плаце ў сувязі з тым, што жанчыны працуюць у асноўным у бюджэтных сферах. Але экспертыза, якая была праведзена ў свой час Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў, пацвердзіла гендарную нейтральнасць беларускага заканадаўства. Цяпер самае галоўнае, каб гэта ўсё было рэалізавана на практыцы».

Летась БДПУ імя М. Танка сумесна з Беларускім саюзам жанчын запусцілі сацыяльна-адукацыйны праект «Здаровая сям'я — здаровая нацыя». У яго рамках правялі даследаванне адносін моладзі да сям'і і шлюбу. Было апытана 529 старшакласнікаў, 136 студэнтаў і 167 бацькоў і педагогаў.

— Школа дае нядрэнную адукацыю, але трэба задумацца, ці вучым мы нашых дзяцей самай галоўнай мудрасці — ствараць сям'ю, — тлумачыць неабходнасць праекта рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК. — Ці разумеюць сёння маладыя, што шлюб — гэта вялікая адказнасць? На жаль, не заўсёды. Найбольш частая прычына, праз якую распадаецца 30 працэнтаў пар, — «не сышліся характарамі». Мы ж разумеем, што за гэтым нярэдка хаваецца няўменне паважаць і разумець.

Аляксандр Жук лічыць, што ў школах добра было б увесці прадмет «Асновы псіхалогіі чалавека», хоць бы ў якасці факультатыва. Бо вывучаць саміх сябе не менш важна, чым геаграфію і гісторыю. Яшчэ адна важная задача — павышэнне псіхолага-педагагічнай адукаванасці бацькоў.

— Без гэтага мы не зможам прасунуцца ў вырашэнні праблем сям'і, — упэўнены рэктар педуніверсітэта. — Дазвольце прывесці трывожную статыстыку. У 2015 годзе ў краіне было 17 выпадкаў суіцыду сярод непаўналетніх, а ў 2016-м — 29. Летась спецыялісты зафіксавалі 244 спробы самагубства сярод падлеткаў. Адной з прычын, праз якую дзеці вырашаюць пайсці з жыцця, з'яўляецца парушэнне сямейных адносін. 70 працэнтаў падлеткаў пасля суіцыдальнай спробы кажуць, што не могуць звярнуцца па дапамогу да сваіх таты і мамы.

Менавіта таму ў школах неабходна стварыць бацькоўскія ўніверсітэты. БДПУ ўжо распрацаваў праект праграмы і будзе ўносіць свае прапановы ў Міністэрства адукацыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бацькоўскія ўніверсітэты і ўрокі псіхалогіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».