Вы тут

Беларускі нараджаюць першынца ў сярэднім у 24 гады


З'явіліся першыя вынікі ўнікальнага сацыялагічнага даследавання «Беларусь: структура сям'і, сямейныя стасункі, рэпрадуктыўныя паводзіны», праведзенага сёлета па метадалогіі міжнароднай праграмы ЕЭК ААН «Пакаленне і гендар». Іх ужо аналізуюць беларускія сацыёлагі, эканамісты, дэмографы і медыкі. Двухтомную калектыўную манаграфію плануецца апублікаваць налета.


Падобныя даследаванні ахапілі 25 краін. Іх мэтай стала вывучэнне працэсаў фарміравання сям'і, нараджальнасці, узаемадзеяння паміж пакаленнямі, ролі мужчын і жанчын у сямейным жыцці. Вынікі павінны дапамагчы прыняць навукова абгрунтаваныя праграмы ў галіне народанасельніцтва.

— Чым пазней нараджаецца першае дзіця, тым меншая колькасць дзяцей у сям'і, — заўважыў падчас прэзентацыі папярэдняй справаздачы дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід РОТМАН. — Пры гэтым доля беларускіх жанчын, якія нараджаюць дзяцей у малодшай узроставай групе, істотна скарачаецца. З павелічэннем узроўню адукацыі змяншаецца імавернасць нараджэння другога і трэцяга дзіцяці. На нараджэнне аднаго дзіцяці гэты фактар не ўплывае — да канца фертыльнага ўзросту каля 90 працэнтаў жанчын маюць хоць бы адно дзіця. Значным фактарам нараджальнасці з'яўляецца, напрыклад, месца пражывання: чым большы населены пункт, тым ніжэйшая імавернасць з'яўлення наступных дзяцей. Старэйшае пакаленне, якое нават не пражывае разам з маладой сям'ёй, як правіла, дапамагае даглядаць непаўналетніх дзяцей, асабліва ў першы год жыцця. З часам аб'ём дапамогі зніжаецца. Працэнт дзяцей і ўнукаў, якія дапамагаюць састарэлым бацькам, павялічваецца з узростам: 21 працэнт рэспандэнтаў дапамагаюць сваім 75—79-гадовым бацькам...

Як высвятляецца, каля 70 працэнтаў нашых жанчын да 24 гадоў маюць вопыт пастаянных стасункаў з партнёрам, каля 50 працэнтаў — вопыт сумеснага пражывання. Мужчыны і жанчыны з вышэйшай адукацыяй пазней уступаюць у першы шлюб. Калі ва ўзросце 18—26 гадоў доля жанчын, якія маюць намер у найбліжэйшыя тры гады нарадзіць дзіця, узрастае, то ў групе тых, каму ад 27 да 44, гэта доля скарачаецца.

Большасць жанчын арыентаваныя на нараджэнне хоць бы аднаго дзіцяці да 29 гадоў. Ва ўзросце 27—29 гадоў усяго 14 працэнтаў жанчын не плануюць мець дзяцей. У той жа час каля 40 працэнтаў жанчын плануюць да 29 гадоў нарадзіць другое дзіця.

Ва ўзросце 39—41 года каля 65 працэнтаў жанчын плануюць нарадзіць дваіх, яшчэ 25 працэнтаў — траіх. Фактычныя ж паказчыкі нараджальнасці значна адстаюць ад установак, прычым дысананс паміж намерам і паводзінамі пачынае ярка праяўляцца пасля 27 гадоў.

Сярэдні ўзрост нараджэння першынца для жанчын склаў 24 гады, для мужчын — 27. Самая высокая сярэдняя колькасць народжаных дзяцей у разліку на адну жанчыну — у сельскай мясцовасці.

Большасць рэспандэнтаў — як мужчын, так і жанчын — лічаць, што пытанні грашовага забеспячэння сям'і ўваходзяць у зону адказнасці мужчын. 40 працэнтаў мужчын і 41 працэнт жанчын мяркуюць, што клопат пра дом і дзяцей больш значны для жанчын.

У межах апытання сваю задаволенасць жыццём, жыллём і работай рэспандэнты абазначалі па 10-бальнай шкале. Ва ўсіх узроставых групах найменшы агульны сярэдні бал быў характэрны для тых, хто не мае пастаяннага партнёра і дзяцей, найбольш высокі — сярод тых, у каго ёсць і партнёр, і дзеці.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Хочацца дваіх, а маем...

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.