Вы тут

Сяргей Рутэнка: Я супраць калектыўнага адхілення Расіі ад Алімпіяды


Лёс расійскіх атлетаў вырашалі 15 членаў МАК. На пасяджэнні былі прадстаўлены даклады камісіі пад кіраўніцтвам Дзяніса Освальда, якая займалася пераправеркай сочынскіх допінг-проб і выяўленнем слядоў выкрыцця, а таксама Самуэля Шміта, які ўзначальваў другую камісію. Прадстаўнікі МАК павінны былі ўстанавіць ролю і ўдзел дзяржаўных органаў у допінгавай сістэме ў Расіі.


Пасля пасяджэння прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах абвясціў вердыкт — расійскія спартсмены, якія паедуць у Пхёнчхан, атрымаюць абрэвіятуру ОАR (Оlуmріс Аthlеtе frоm Russіа — алімпійскі атлет з Расіі). У гонар пераможцаў і прызёраў з Расіі на ўзнагароджанні падчас зімовых Гульняў будзе ўзняты нейтральны алімпійскі сцяг і будзе выкананы алімпійскі гімн. Алімпійскі камітэт Расіі, удзел якога ў Міжнародным алімпійскім камітэце прыпынены, павінен пакрыць выдаткі, панесеныя МАК на правядзенне расследавання, і ўнесці ўклад у развіццё Незалежнай арганізацыі допінг-тэсціравання на суму $15 млн для стварэння цэласнай антыдопінгавай сістэмы.

Спецыяльная камісія, якую ўзначаліць кіраўнік Незалежнай арганізацыі допінг-тэсціравання Валеры Фурнейран (у яе склад таксама ўвойдзе спецыяліст, прызначаны Сусветным антыдопінгавым агенцтвам (WАDА), і спецыяліст ад арганізацыі па барацьбе з допінгам DFSU (Dоріng Frее Sроrt Unіt), а таксама Рычард Баджэт, кіраўнік медыцынскага дэпартамента), вызначыць "чыстых" атлетаў, якія змогуць прыняць удзел у Алімпіядзе-2018.

Прэтэндаваць на ўдзел у Гульнях змогуць спартсмены, якія прайшлі кваліфікацыю на спаборніцтва, не былі дыскваліфікаваныя ці адхіленыя за парушэнне антыдопінгавых правілаў, а таксама прайшлі допінг-тэсціраванне, рэкамендаванае рабочай групай.

У сваю чаргу, прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі Аляксандр ЖУКАЎ паведаміў, што Расія прыме рашэнне аб умовах удзелу ў зімовых Гульнях у Пхёнчхане на Алімпійскім сходзе. "Яшчэ трэба будзе абмеркаваць гэтае рашэнне. Плануем гэта зрабіць на Алімпійскім сходзе са спартсменамі — кандыдатамі на ўдзел у Алімпіядзе, трэнерамі і прадстаўнікамі федэрацый. На гэтай сустрэчы будзе прынята канчатковае рашэнне па ўмовах удзелу ў Алімпійскіх гульнях расіян", — сказаў Аляксандр Жукаў. Алімпійскі сход плануецца правесці 12 снежня.

Рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта ў дачыненні да Алімпійскага камітэта Расіі пракаментаваў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Георгій КАТУЛІН. "Гэта рашэнне выклікала шок, эмоцыі перапаўняюць. Рашэнне дыскваліфікаваць расійскі Алімпійскі камітэт, мне здаецца, ніякім чынам не будзе спрыяць зняццю напружанасці і вырашэнню допінгавых праблем у спорце ў цэлым. Рашэнне беспрэцэдэнтна суровае", — сказаў Георгій Катулін. Ён таксама нагадаў, што, згодна з палажэннямі алімпійскай хартыі, прадстаўляць краіну на Алімпійскіх гульнях мае права толькі нацыянальны алімпійскі камітэт, а "ў дадзеным выпадку яна (хартыя) не працуе".

Генеральны сакратар НАК Беларусі выказаўся супраць сітуацыі, калі "расійскія спартсмены і трэнеры павінны выстраіцца ў нейкую чаргу, з якой будуць выбіраць тых, хто адпавядае крытэрыям нейкай прыдуманай камісіі", каб паехаць на Алімпіяду. Ён адзначыў, што не ўяўляе, якое рашэнне ў гэтай сітуацыі прымуць расійскія спартсмены — удзельнічаць у Алімпіядзе ці не.

Сваё меркаванне з нагоды рашэння МАК выказалі і вядомыя беларускія спартсмены.

Першы алімпійскі чэмпіён Беларусі Сяргей МАКАРАНКА:

— Мы з нецярпеннем чакалі, якое рашэнне вынесе Міжнародны алімпійскі камітэт. Раніцай у сераду даведаўся пра яго і быў вельмі засмучаны, што гэтая сітуацыя вырашылася такім чынам. Усё ж такі расіяне нашы калегі, браты, сябры. Вядома, іх віна таксама ёсць, парушэнні канкрэтных спартсменаў, напэўна, мелі месца. Трэба ставіцца да допінгу вельмі сур'ёзна, не даводзіць сітуацыю да такога. Але адхіленне Расіі — гэта гіганцкая страта для спорту ў цэлым, эканомікі алімпійскага руху і самае галоўнае — больш за ўсіх страцяць аматары спорту. Упадзе відовішчнасць Алімпіяды, бо Расія — гэта краіна-гігант у тым ліку і ў спорце. Можна пакараць некалькі спартсменаў, якія парушылі правілы, але нельга адхіліць усю краіну. Я лічу, што гэта чыстая палітыка і мы ўжо даўно сталі яе заложнікамі.

Сяргей РУТЭНКА, самы вядомы гандбаліст краіны, сярэбраны прызёр маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (2000), 6-разовы пераможца Лігі чэмпіёнаў, а зараз намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола:

— Я са шкадаваннем гляджу на тое, як спорт ператвараецца ў палітыку. Катэгарычна супраць такога калектыўнага адхілення краіны ад удзелу ў Алімпіядзе. Вядома, трэба караць асобных спартсменаў, якія парушаюць антыдопінгавыя правілы, адхіляць іх ад удзелу ў прэстыжных турнірах. Сёння я праглядаю розную прэсу, не толькі беларускую, расійскую, але і еўрапейскую і пакуль так і не ўбачыў нейкіх выразных, ясных, канкрэтных, важкіх доказаў у абвінавачванні цэлай краіны.

На мой погляд, такое рашэнне ніяк не адносіцца да спорту, таму я адчуваю велізарнае шкадаванне і расчараванне, хоць аптыміст па жыцці і спадзяюся, што сітуацыя яшчэ зменіцца. Нармальны аматар спорту, які знаходзіцца па-за межамі палітыкі не можа з пазітыўнымі думкамі глядзець на такое рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта, бо гэта вялікая страта. Узяць хоць бы хакейны турнір, якая Алімпіяда без наймацнейшай зборнай? Гульні страцяць відовішчнасць і аўтарытэт, і мы рызыкуем тым, што пазней Алімпіяду-2018 будуць успамінаць у сувязі з тым, што ў ёй не ўдзельнічала каманда Расіі, як гэта ўжо было на Гульнях, якія байкатавалі некаторыя краіны. А калі казаць з боку спартсмена, то, безумоўна, шкада тых атлетаў, якія сталі заложнікамі такога становішча, гэта, вядома, вар'яцтва — выступаць не пад сцягам сваёй краіны. У мяне пакуль у галаве такая сітуацыя не ўкладваецца.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».